Вы тут

Чым каштоўна новае сяброўства ва ўзросце за 50?


Маленькая гісторыя пра сяброўства і крыху жыццёвай філасофіі.

Калі мы былі дзецьмі, новыя сябры з'яўляліся так лёгка, што мы наогул над такімі пытаннямі не задумваліся.
У дарослым узросце, як правіла, набыць сяброў значна цяжэй. Усе здаюцца нейкімі недастаткова шчырымі, вернымі, недастаткова блізкімі... Наогул, упусціць у сваё жыццё новага чалавека становіцца складаней. Прыяцелі, знаёмыя, сумесныя паходы ў кіно і нават паездкі ў адпачынак... Але няма таго глыбокага і жывога, што аб'ядноўвала б і чапляла за душу. Тым каштоўнейшыя прыклады новага сяброўства ва ўзросце за 50, якія час ад часу падкідвае жыццё. Як у 79-гадовай Славы Губіч і 64-гадовай Тамары Папковіч з Мінска, напрыклад...


Такія розныя сяброўкі

Жанчыны пазнаёміліся і пасябравалі ў Школе здароўя, у якую разам хадзілі ва Універсітэце трэцяга ўзросту. «Мы нават ехалі ў адным тралейбусе на першы занятак», — усміхаецца Тамара. «Ты яшчэ, дарагая, скажы, што мы адстаялі чаргу ў 200 чалавек, каб паступіць туды», — уступае ў размову Слава Вікенцьеўна. «Так, у той год запіс ажыццяўляўся толькі на працягу двух дзён, таму былі вялікія чэргі, — тлумачыць Тамара. — А ў Школе здароўя мы селі за адзін стол, так і пазнаёміліся».

Праўда, праз чатыры месяцы Слава зламала руку і перастала наведваць заняткі, але кантактаваць жанчыны не кінулі. Тэлефанавалі адна адной, сустракаліся, дзяліліся навінамі. «Нас абедзвюх хвалявалі пытанні здароўя. У Школе здароўя мы атрымлівалі дамашнія заданні, якія трэба было выконваць, — разам абмяркоўвалі іх. У нас цяга адна да адной з'явілася», — у адзін голас кажуць яны.

Зараз агульныя заняткі ва Універсітэце трэцяга ўзросту Славу і Тамару быццам бы ўжо не звязваюць, але «старая дружба не ржавее». Тым больш што сяброўкі спадзяюцца пайсці зноў вучыцца.

— Калі ты ўжо на пенсіі і не працуеш, гэта выдатна — знайсці новыя інтарэсы і круг зносін, — дзеліцца Тамара Папковіч. — Я вось вучылася ў Школе здароўя. Мы там і пераломы праходзілі, і гіпертанію, і шмат іншых тэм. А ў мінулым годзе я хадзіла на камп'ютарныя курсы. Потым чатыры месяцы — з кастрычніка па студзень — вучылася, як карыстацца андроідам. Мне якраз сястра са сваёй сям'ёй падарыла на дзень нараджэння смартфон, дзе ўсталявана гэтая праграма. Так што навучанне, як ім карыстацца, было вельмі дарэчы... Вывучала ва Універсітэце трэцяга ўзросту і сусветную мастацкую культуру. З намі займаліся валанцёры. Вельмі пазнавальна ўсё расказвалі, паказвалі...

***

Яны такія розныя! Слава — каталічка, Тамара — праваслаўная. Слава — гуманітарый, артыстычная натура з цягай да драматычнага лексікону, любіць спяваць рамансы. «Я дагэтуль кажу люстэркам: вы пастарэлі, а я не!» — смяецца яна. Тамара — спакойная, ураўнаважаная, з дзяцінства займаецца спортам, па адукацыі інжынер-будаўнік.

У Славы ў 2014 годзе было залатое вяселле: 50 гадоў з мужам разам пражылі, выгадавалі дваіх сыноў. Малодшага яна нарадзіла ў 45 гадоў. «Можа, таму Бог даў мне такое доўгае актыўнае жыццё», — кажа жанчына. Яна ўвесь час мае патрэбу ў кампліментах. «Учора кажу мужу: ты мне раз на год скажаш, што любіш, а мне гэтага мала! (смяецца). Ты мне крычы наўздагон: «Славачка, адзіная, кахаю, хутчэй вярніся!» Як ён рагатаў! Майму мужу 83 гады. Ён энергетычна насычаны чалавек, я дагэтуль, калі ён бярэ мяне пад руку, адчуваю сілу, што зыходзіць ад яго...»

Тамара сваёй сям'ёй так і не абзавялася. «У мяне толькі кот, — усміхаецца яна. — Усё жыццё я пражыла з бацькамі. Цяпер іх ужо няма. Але я не шкадую ні аб тым, што збылося, ні аб тым, што не спраўдзілася. Наогул, некалі мы жылі адзінаццаць чалавек у трохпакаёвай кватэры: я, бацькі, брат і сястра са сваімі сем'ямі. Таму насамрэч я большую частку жыцця пражыла ў сям'і і побач з дзецьмі, сваімі пляменнікамі...»

Жыццёвая філасофія... ад Тамары

— Я адзін час хадзіла на лекцыі ў Духоўную акадэмію пры мінскім Кафедральным саборы. І там пачула словы, якія мне падаліся вельмі дакладнымі. Матушка Маша сказала, што нам трэба адказваць за ўсе свае ўчынкі. Не апраўдваць сябе тым, што вам нехта параіў так зрабіць ці так рабіла ваша мама. Вам толькі параілі, а зрабілі — вы. І вы за свае ўчынкі перад Богам у адказе. Ён не будзе цікавіцца, хто вам што раіў. Вы прынялі гэта рашэнне, вы зрабілі гэта. І павінны несці сваю асабістую адказнасць за любы свой учынак, як бы вам часам ні хацелася перакласці яе на кагосьці іншага. І я падумала: так яно і ёсць. Гэта вельмі мудрыя словы. Я думаю, менавіта так трэба ісці па жыцці: нікога не абвінавачваючы.

...ад Славы

— А мне ксёндз неяк сказаў: «Шчаслівых Бог не судзіць». Я вельмі моцна запомніла гэтыя словы.

Мая жыццёвая філасофія такая: з радасцю трэба імкнуцца сябраваць — самой радавацца і іншых радаваць! Мяне многа што ў жыцці радуе. Нават з'яўленне першых лісточкаў вясной. Гэта ж такі цуд! А першая чаромха!.. Яшчэ трэба часцей хваліць сябе.

— За што сябе апошні раз хвалілі, памятаеце?

— Днямі пахваліла сябе, калі мне мужчына, таксама ва ўзросце, сказаў камплімент. Я ехала ў электрычцы, а ён падсеў да мяне, мы сталі размаўляць, а потым ён сказаў: «З вамі так прыемна гутарыць і вельмі прыемна на вас глядзець...». Гэта такі рэдкі камплімент. І я была вельмі задаволеная, сказала сама сабе: «Малайчына, так трымаць!»

...і зноў ад Тамары:

— Трэба вучыцца ператвараць у жарты нават непрыемныя моманты, імкнуцца не заводзіцца, не адказваць на зло. Памятаю, я неяк вярталася дадому пасля заняткаў скандынаўскай хадой, з палкамі для гэтай самай хады. Села ў тралейбус. А на наступным прыпынку ўвайшоў пажылы мужчына, і нейкі ён быў вельмі раздражнёны, злы. Паглядзеў на мяне нядобра і кажа: «Ну, а вы, спартсменка, з палкамі, маглі б і пешшу прайсці».

Я разумею, што выклікала ў яго нейкія адмоўныя эмоцыі, але адказваю: «Ведаеце, я сёння ўжо адхадзіла сваю норму, мне больш не трэба. Але ў мяне яшчэ праязны на два віды транспарту ёсць, трэба і яго яшчэ ад'ездзіць». Ён тады шчыра засмяяўся і кажа: «Ну, калі праязны, тады вядома...».

Шукайце сяброў у любым узросце

Мы запыталі ў мінскага псіхолага Аляўціны Грыцышынай, як адзінокаму чалавеку выйсці з ізаляцыі і дзе можна знайсці сяброў.

— Дзіўна, але многія людзі ўсур'ёз мяркуюць, што сапраўднае сяброўства немагчыма завесці ў сталым узросце, тым самым прысуджаючы сябе да адзіноты. На самай справе пры наяўнасці жадання і адкрытага сэрца можна выбудаваць трывалыя сяброўскія адносіны ў любым узросце.

Па-першае, азірніцеся вакол. Напэўна, вы ўбачыце ў сваім асяроддзі аднаго-двух чалавек, якія вам здаюцца больш прыемнымі, чым іншыя людзі. Ці можаце выбраць сабе нейкія курсы па інтарэсах — будзеце прыглядаць сабе сяброў там.

Пачніце павольна збліжацца з тымі, хто вам больш сімпатычны. Рабіце гэта не дакучліва. Часам кажыце кампліменты з нагоды знешняга выгляду і поспехаў. Праз пару тыдняў — месяц пачніце задаваць пытанні пра інтарэсы, захапленні. Глядзіце на рэакцыю. Калі суразмоўца вам усміхаецца, вітаецца, цікавіцца вамі ў адказ — вы на правільным шляху.

Паступова размаўляйце больш і часцей. Не спяшаючыся, пашырайце дыяпазон тэм. Як-небудзь прапануйце разам схадзіць на выстаўку, у кіно, кафэ ці на якое-небудзь мерапрыемства. Такім чынам вы завяжаце прыяцельскія адносіны, якія з часам могуць перарасці ў сяброўства.

Звяртайце ўвагу на дробязі, якія фарміруюць уяўленне пра вас як пра чалавека. Будзьце пунктуальнымі, не перапыняйце суразмоўцу падчас размовы, асцярожна звяртайцеся з крытыкай, не вучыце жыццю нікога без яго просьбы, не падкрэслівайце сваю перавагу над чалавекам...

Будзьце цікавыя людзям. Для гэтага трэба быць цікавым у першую чаргу сабе. Чытайце кнігі, хадзіце ў кіно, тэатры, асвойце новае рамяство, хобі. Не сядзіце дома ў чатырох сценах — так вы прывыкаеце да ізаляцыі. Замест гэтага праяўляйце шчырую цікавасць да тых, хто вам сімпатычны.

Бывае так, што чалавек вам спадабаўся, але не ідзе на кантакт. У гэтым выпадку паспрабуйце зменшыць тэмп. Тут ёсць два магчымыя варыянты — або чалавек баіцца збліжацца, або вы яму не вельмі падабаецеся. У першым выпадку вам спатрэбіцца больш часу на наладжванне адносін. У другім — не марнуйце свае сілы на тое, каб зацікавіць і спадабацца.

Святлана БУСЬКО

buskо@zvіаzdа.bу

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Лекі ад самоты

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.