Вы тут

Летась беларусы ўсынавілі 559 дзяцей


Цікавасць беларусаў да ўсынаўлення павялічваецца, а таямніца ўсынаўлення за апошнія 10 гадоў трансфармуецца ў адкрыты працэс, калі створаныя такім чынам сем'і самі жадаюць сказаць, што яны ёсць. У той жа час айчынная сістэма аховы дзяцінства зацікаўлена перш за ўсё ў тым, каб дзеці заставаліся ў іх біялагічных сем'ях. Пра гэта і некаторыя асаблівасці святкавання Дня абароны дзяцей напярэдадні 1 чэрвеня расказалі спецыялісты.


Па запрашэнні Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў дэлегацыя дзяцей-сірот і малых, што засталіся без бацькоўскай апекі, Гомельскай вобласці адзначыць свята ў Маскве. У Гомельскім палацы творчасці дзяцей і моладзі арганізуюць «Адну радасць для ўсіх». А ў Магілёўскай вобласці зладзяць мерапрыемствы для выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу.

— Права апякаць малых, што засталіся без бацькоўскага клопату, даецца перш за ўсё іх сваякам. Аднак не менш важна, што існуе магчымасць міжнароднай апекі дзяцей, — расказаў Міхаіл ЧАРАПЕННІКАЎ, дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Міністэрства адукацыі Беларусі. — Летась 27 дзетак знаходзіліся пад такой апекай. Важны момант таксама — ахова маленькіх беларусаў, якія засталіся без бацькоўскай апекі на тэрыторыі замежных дзяржаў. Практычна заўжды ў такіх выпадках палітыка дзяржавы скіравана на вяртанне такіх дзяцей у краіну. За 2016 год у краіну вярнуліся 17 такіх дзетак, а за першае паўгоддзе 2017-га — чацвёра.

Прыярытэт аддаецца нацыянальнаму ўсынаўленню (559 малых беларусы ўсынавілі летась і ўжо 125 — сёлета). Тым не менш бацькоў у Італіі, з якой у Беларусі падпісана міжурадавае пагадненне аб магчымасці міжнароднага ўсынаўлення, у 2016-м знайшлі 94 дзіцяці, да мая 2017-га — 15.

— Сумесна з прадстаўніцтвам дзіцячага фонду ААН у Беларусі ажыццяўляецца ініцыятыва «Горад, дружалюбны да дзяцей», да якой далучыліся ўжо 25 гарадоў, — заўважыла Алеся БЕРАСНЁВА, галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі. — А з 2016-га ў межах праграмы па стварэнні здароўезберагальнага асяроддзя ў школах дзейнічаюць праекты «Здаровая школа» і «Здаровы клас».

Сёлета выхаванцаў дамоў-інтэрнатаў чакае другая частка сацыяльнага праекта «Каманда мары». Летась хлопцы-сіроты гулялі ў футбол, а сёлета яны зоймуцца гандболам.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Мы ім патрэбныя...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».