Вы тут

Жыліцкі палац шукае спонсара


Рэканструкцыя аднаго з найпрыгажэйшых гісторыка-культурных помнікаў Беларусі можа расцягнуцца на дзесяцігоддзі.

Знаўцы параўноўваюць Жыліцкі палацава-паркавы комплекс з Гомельскім, а некаторыя наогул ставяць яго ў шэраг з Мірскім і Нясвіжскім замкамі. Дарэчы, пры апошніх гаспадарах з роду Булгакаў ён па сваёй замкнёнай форме сапраўды нагадваў замак. Будынку пашчасціла. Ён ніколі не пуставаў. Пасля рэвалюцыі тут была школа для працоўнай моладзі, потым доўгі час размяшчаліся сельскагаспадарчыя ўстановы, цяпер аб'ект цалкам належыць культуры. Вялікі палац плошчай каля трох тысяч квадратных метраў з 2009 года знаходзіцца на рэканструкцыі. Планавалася, што ў 2018 годзе тут ужо можна будзе праводзіць балі ў традыцыях XІX стагоддзя. Але, на жаль, тэрміны рэканструкцыі зацягваюцца. Сёння цалкам зроблены толькі першая і напалову другая чэргі аб'екта. А іх усяго чатыры. Грошай на сённяшні дзень не хапае. Каб паскорыць працэс аднаўлення і прыцягнуць увагу спонсараў да ўнікальнага аб'екта, Нацыянальная акадэмія навук нядаўна правяла на яго базе рэспубліканскі семінар «Жылічы на гісторыка-культурнай карце Беларусі».


А столь як но­вая.

Ад Трабскіх і Хадкевічаў да Сапегаў і Булгакаў

Тутэйшымі землямі з пачатку XV стагоддзя валодалі прадстаўнікі розных знатных сем'яў — Сякіры, Трабскія, Гаштаўты, Хадкевічы. Гетман Ян Хадкевіч пабудаваў у гэтым месцы земляную крэпасць, аб былой моцы якой сёння нагадваюць пагоркі і адхоны. Ад Хадкевічаў маёнтак Добасна — як яго яшчэ называюць па прывязцы да населенага пункта, які раней уваходзіў у яго склад — пераходзіць да Сапегаў. І ўжо Франц Сапега прадае яго двум братам Булгакам, адстаўным ваенным. Браты мараць стварыць тут рэзідэнцыю, але хутка паміраюць. Маёнтак дастаецца іх пляменніку Ігнацію, вельмі адукаванаму маладому чалавеку. У 1823 годзе ён быў абраны Бабруйскім павятовым прадвадзіцелем дваранства — маршалкам і для ўмацавання свайго статусу пачаў будаваць палац. У той жа год ён бярэцца шлюбам з прадстаўніцай вельмі багатага роду Ізабэлай Слізень. І, кажуць, зусім не каханне кіравала маладым чалавекам. Усе багацці, якія захоўваліся ў палацы, — 18 слуцкіх паясоў, 6 тысяч старадрукаваных і рукапісных кніг, сярэднявечная зброя, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і гэтак далей, — усё належала Слізням, і толькі потым перайшло Булгакам. Палац у сярэдзіне XІX стагоддзя быў цэнтрам грамадскага жыцця. Усе шляхцічы і дваране з'язджаліся сюды на балі і паляванне. Бо побач быў раскошны парк з цэлым каскадам штучных вадаёмаў.

Першапачаткова планавалася пабудаваць звычайны класічны палац з двума бакавымі флігелямі і бельведэрам. Крыху пазней да галоўнага корпуса дабудоўваюцца яшчэ дзве лініі з галерэйнымі памяшканнямі і дамавой царквой. Гэта культавая ўстанова захавалася і сёння бянтэжыць турыстаў сваім усёвідушчым вокам на фасадзе. Ёсць меркаванне, што Булгакі былі масонамі. Гісторыкі гэтую ідэю не аспрэчваюць, але і не пацвярджаюць. Усёвідушчае вока — гэта старадаўні хрысціянскі знак. Але ў якім кантэксце яго выкарыстоўвалі апошнія гаспадары, невядома. У пачатку XX стагоддзя палац упрыгожвала яшчэ і аранжарэя са шкляным дахам. Яе для Булгакаў рыхтавалі па спецыяльным заказе ў Варшаве. Але пасля рэвалюцыі мясцовыя сяляне хутка прыбралі да рук дэфіцытнае шкло. А немцы падчас вайны разабралі аранжарэю на цэглу для падсыпкі дарогі.

Ад бы­лых гас­па­да­роў, на жаль, рэ­чаў не за­ста­ло­ся.

Тэрміны пераносяцца

Пакуль цалкам адноўлена толькі заходняя частка будынка, апісання якой, на жаль, не захавалася. «Яна была пабудавана ў пачатку XX стагоддзя, калі перадапошні ўладальнік Эдгар Булгак вырашыў пашырыць палац і канчаткова яго замкнуць, — расказвае галоўны спецыяліст Жыліцкага гістарычнага комплексу-музея Уладзіслаў КУЛАКЕВІЧ. — Але пачалася Першая сусветная вайна, потым рэвалюцыя, і Булгакі так і не паспелі пачаць тут жыць. Пасля вайны ў гэтым крыле быў вялікі пажар і нічога з інтэр'ераў не захавалася».

Дзіцячая школа мастацтваў справіла наваселле ў адноўленым крыле палаца ў лістападзе 2011 года. А следам за ёй у 2013-м, калі быў здадзены першы этап другой чаргі, па суседстве размясціўся Жыліцкі гістарычны комплекс-музей і бібліятэка. Чарговым крокам павінна было стаць аднаўленне аранжарэі, але планы перамяніліся. Летась нават паднімалася пытанне занесці Жыліцкі палац у спіс аб'ектаў, рэканструкцыя якіх прыпынена. Але абышлося. Жыццё яго крыху падтрымалі 40 тысяч рублёў рэспубліканскага суботніка, якія выдзеліў Магілёўскі аблвыканкам, і дапамога магілёўскага прадпрыемства «Бабуліна крынка» ў суме 50 тысяч рублёў, таксама сабраных падчас суботніка. Абывацель не заўважыў прыкметных змен у знешнім выглядзе палаца. Але за кошт дапамогі атрымалася «пачысціць» ад старой тынкоўкі фасад галоўнага корпуса палаца.

— Першапачаткова па праекце трэцюю чаргу аб'екта планавалася здаць ужо да 2015 года, потым тэрміны адкладаліся спачатку да 2017-га, потым да 2018 года, зараз наогул вызначаных тэрмінаў няма, — кажа начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кіраўскага райвыканкама Андрэй КАРПУК. — Былі перыяды, калі на работы выдзялялася старымі грашыма мільярд-паўтара. Але гэта для такога аб'екта кропля ў моры.

А вось гэ­тай част­кі па­ла­ца па­куль на­огул ня­ма.

Рамантуем порцікі, фарбуем фасад

Сёлета на аб'екце назіраецца ажыўленне. Дзяржава выдзеліла 300 тысяч рублёў, і працэс, як той казаў, пайшоў. Рэканструкцыю аб'екта вядзе магілёўскае прадпрыемства «Будпраектінвест». На яго рахунку палац Пацёмкіна ў Крычаве, рэканструкцыя магілёўскага музея Бялыніцкага-Бірулі — філіяла Нацыянальнага мастацкага музея, якая з-за недахопу сродкаў, на жаль, таксама зацягнулася. Не вельмі паспеюць развярнуцца будаўнікі і на Жыліцкім палацы. На гэтыя грошы яны абяцаюць адрамантаваць порцікі, пакласці каля 70% вонкавай тынкоўкі і зрабіць гідраізаляцыю падвала. Плюс працэнтаў на 10 ад агульнай патрэбы усталююць вокны. «Потым, хутчэй за ўсё, зноў будзе перапынак», — уздыхае Валянцін НАВОЙЧЫК, прараб Будпраектінвеста.

Вядома, што калі будаўнічыя работы расцягваюцца ў часе, гэта не на карысць будынку. Але музейныя работнікі супакойваюць, што палац не зімовы, што будаваўся ён з такім улікам, каб вытрымліваць перыяды без ацяплення. Маўляў, метровыя сцены (праз іх нават з цяжкасцю праходзіць сігнал мабільнага тэлефона) за лета насычаюцца цяплом і потым на працягу доўгай зімы пакрыху яго аддаюць. А зараз тут ёсць яшчэ і ацяпленне. Іншая справа, што яно не бясплатнае. А плошчы вымяраюцца тысячамі квадратаў.

Валянцін Навойчык кажа, што калі б ім разам далі ўсю суму, прадугледжаную для рэканструкцыі, за два гады аб'ект быў бы цалкам зроблены. Але дзе ж узяць гэтыя мільёны?

Цяпер па парадных залах палаца гуляць не дазваляецца, але для карэспандэнта «Звязды» зрабілі выключэнне. Падымаемся на другі паверх. Цэнтральная лесвіца, дарэчы, арыгінальная, зроблена з дуба. Але выгляд, мякка кажучы, непрэзентабельны. Можа, ад таго, што яе ў савецкі час няўдала пафарбавалі? Сцены моцна пашкоджаны, але, калі добра прыглядзецца, дзе-нідзе яшчэ засталася пазалота.

— Кажуць, тут усё было ў пазалоце, — каментуе прараб. — Госці падымаліся на другі паверх пад гукі музыкі. У савецкія гады балконы для музыкантаў былі знішчаны, але мы іх аднавілі.

Па бясконцай анфіладзе пакояў (а іх усяго ў палацы 100) можна меркаваць, з якім размахам жылі тут гаспадары. Распазнаць былую прыгажосць у гэтых паўразбураных памяшканнях цяжка, але немагчыма адарваць вачэй ад столяў. Ім больш за 150 гадоў, але фарбы такія насычаныя, што здаецца, былі пакладзены толькі ўчора. Час амаль не пашкодзіў гіпсавую ляпніну, але кесонныя столі ў савецкі перыяд разабралі. У бальнай і банкетнай зале будаўнікам прыйшлося зноў аднаўляць іх. У бальнай зале наогул столь была апушчана прыкладна на два метры.

Камінаў і іншых прыкмет раскошы пакуль няма. Тут усё залежыць ад фінансавання. Размаўляць пра гэта, калі адно акно для палаца каштуе 2,5 тысячы рублёў, нават непрыстойна. Наогул, трэба радавацца, што палац не быў знішчаны падчас вайны, што ў савецкія гады яго не перапланавалі да непазнавальнасці. Захаваліся лесвіцы і нават уваходныя дзверы. Адна іх палова зроблена так, каб яе можна было скласці, як кніжку.

Ула­дзі­мір Бе­лы: «Яшчэ 15 га­доў та­му гэ­та быў адзін з ува­хо­даў у тэх­ні­кум».

На што спадзявацца?

Для завяршэння трэцяй чаргі, над якой сёння працуюць будаўнікі, трэба яшчэ каля 12 мільёнаў рублёў. На жаль, нават такія дастаткова важкія ўліванні, як сёлетняе, — 300 тысяч рублёў, не даюць спадзяванняў на хуткі фініш. Не трэба быць матэматыкам, каб сказаць, што пры такім фінансаванні чакаць адкрыцця прыйдзецца 40 гадоў. Прагнозы здаюцца яшчэ менш аптымістычнымі, калі чуеш, што нават у лепшыя 2011—2013 гады на аб'ект выдзялялася па 400—500 тысяч (дэнамінаваных) рублёў.

А колькі яшчэ сродкаў спатрэбіцца, каб давесці да розуму закінуты парк плошчай 18 гектараў з каскадам штучных вадаёмаў? Усё гэта сёння таксама ў заняпадзе.

— У парку яшчэ захаваліся рэдкія пароды дрэў, тут сустракаецца сасна Веймутава, клён серабрысты, ёсць нават 300-гадовыя асіны, — кажа дырэктар Жыліцкага сельскагаспадарчага каледжа Уладзімір Белы. Установа, якой ён кіраваў, толькі ў 2002 годзе пераехала з палаца ў новы будынак па суседстве. «На жаль, сёння гэты парк хутчэй нагадвае лес, — уздыхае ён. — Але можна ўявіць сабе, як прыгожа тут было ў лепшыя дні. Пры пане кожныя тры гады вада ў вадаёмах спускалася і наводзіўся парадак».

Навучэнцы каледжа і супрацоўнікі музея па меры сіл падтрымліваюць парадак на прылеглых тэрыторыях. Але аб'екту патрэбна больш істотная дапамога.

— Сёння інфармацыя пра наш палац ёсць усюды, — кажа ідэолаг раёна Андрэй Карпук. — І яна працуе. Кожную суботу прыязджае па тры—чатыры вясельныя картэжы з Мінскай і Гомельскай абласцей. Але інвестараў пакуль няма. Сваякі Булгакаў жывуць у Польшчы, але яны не багатыя, каб нам дапамагчы. Паказваем Жылічы ўсім афіцыйным гасцям. Сёлета, напрыклад, азербайджанцы прыязджалі. З боку Бабруйска пры ўездзе ў Кіраўск устанавілі білборд. Будзем звяртацца да нашых калег з Рагачоўскага раёна, каб таксама ўстанавілі паказальнік. Па іх тэрыторыі праходзіць траса, ад якой да палаца ўсяго пяць кіламетраў. Распрацаваны турыстычныя маршруты, але на тэрыторыі аграгарадка няма ні гасцініцы, ні рэстарана. І гэта таксама праблема. Калі быў бы адрамантаваны галоўны корпус, можна было б арганізаваць фестываль у панскім стылі, з рыцарамі, балямі. Мы працуем і над гэтай ідэяй.

На тое, што раёну патрэбна дапамога па рэканструкцыі палаца, звяртаюць увагу і вучоныя.

— Жыліцкі палац сапраўды ўнікальны, але, на жаль, рэдка трапляў у сферу інтарэсаў навукоўцаў, — адзначыў Сяргей ГАРАНІН, намеснік дырэктара па навуковай рабоце філіяла Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. — Аб'ект не ў благім стане, але рэстаўрацыйныя работы, арганізацыя культурнага жыцця на сённяшні дзень патрабуе і навуковага суправаджэння. Навука робіцца ўсё больш важным фактарам ва ўсіх галінах жыцця, у тым ліку і ў культурна-асветніцкім аспекце. І семінар дасць магчымасць абмяняцца новымі знаходкамі вучоным і краязнаўцам, будзе садзейнічаць распаўсюджванню ведаў пра Кіраўскі раён у цэлым і Жыліцкі палац у прыватнасці ў Беларусі.

Для правядзення такога мерапрыемства палац выкарыстоўваецца ўпершыню. І мясцовыя ўлады бачаць у гэтым добры знак.

— Гэта яшчэ адзін спосаб звярнуцца да інвестараў, падкрэсліць важнасць аб'екта для ўсёй Беларусі, — лічыць Таццяна БЯЛЯЎСКАЯ, намеснік старшыні Кіраўскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях. — Спецыяльна да гэтай падзеі мы прымеркавалі падвядзенне вынікаў конкурсу сярод школьнікаў па гісторыі роднага краю. Такім чынам мы далучаем нашых дзяцей да культурных традыцый, выхоўваем любоў да прыгожага. Сімвалічна, што яны атрымалі свае граматы менавіта ад Нацыянальнай акадэміі навук.

Тым, каму неабыякавая гісторыя роднай краіны і хто жадае ўнесці ўклад у аднаўленне Жыліцкага палаца, прапануем скарыстацца разліковым рахункам.

Дабрачынны рахунак установы культуры «Жыліцкі гістарычны комплекс-музей» 3642108762277 ААТ «АСБ Беларусбанк» Ф-л №703 г. Бабруйска.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?