Вы тут

У Беларусі паляпшаецца сітуацыя з працаўладкаваннем


Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі задалі пытанні членам Урада. Агучвалі як праблемы сваіх выбаршчыкаў, так і ўласныя прапановы. Усе пытанні датычыліся сацыяльнай сферы, адны з найбольш важных напрамкаў — ахова здароўя і беспрацоўе.


Берагчы галоўнае

Намеснік прэм'ер-міністра Васіль Жарко, выступаючы перад парламентарыямі, звярнуў увагу на тое, што на працягу апошніх гадоў узровень бюджэтнага фінансавання аховы здароўя застаецца ў памеры не меншым за 4% ад ВУП. Беларусь займае другое месца сярод краін СНД па працягласці жыцця  (74,1 года). Даўжэй жывуць толькі ў Арменіі (74,9 года). Развіццё аховы здароўя ідзе ў тым ліку па шляху ўкаранення лічбавых сродкаў: тэлемедыцынскага кансультавання, электронных рэцэптаў і картак. Дарэчы, летась на экспарце медыцынскіх паслуг зароблена $40 млн. Такая дынаміка захоўваецца і сёлета.

Пэўным дасягненнем з'яўляецца тое, што доля беларускіх медыцынскіх сродкаў на айчынным рынку займае больш за 50% у цэнасным выражэнні. Штогод асвойваецца каля сотні новых лекавых прэпаратаў. Зараз галоўная задача — захаваць долю ўнутранага рынку і забяспечыць не менш за 30% паставак прадукцыі на экспарт. Але вядома, што хваробу лепш прадухіліць, чым потым лячыць. У маі пачаў працаваць першы нацыянальны інтэрнэт-партал «Здаровыя людзі», накіраваны на падтрымку здаровага ладу жыцця.

Пра існуючыя праблемы і перспектывы беларускай медыцыны парламентарыі пацікавіліся ў міністра аховы здароўя Валерыя Малашкі. Яны звярнулі ўвагу на распаўсюджанне дыябету сярод моладзі, абмежаваныя магчымасці інвалідаў-калясачнікаў, будаўніцтва лячэбнага корпуса анкадыспансера побач з Полацкам і Наваполацкам, а таксама своечасовую і кваліфікаваную дапамогу людзям, якія жывуць далёка ад буйных гарадоў.

На працоўным месцы

Сёлета ўжо праведзены два пераразлікі мінімальных і сацыяльных пенсій, плануецца, што яшчэ два чарговыя будуць праведзены 1 жніўня і 1 лістапада. Важным пытаннем, якое хвалюе і парламентарыяў, і грамадзян, застаецца працаўладкаванне. Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч адзначыла, што асноўныя фактары, які зніжаюць колькасць занятых у эканоміцы, — гэта смяротнасць у працаздольным узросце, старэнне насельніцтва і аптымізацыя на прадпрыемствах. Зараз індывідуальныя прадпрымальнікі і малы бізнес не ствараюць неабходную колькасць рабочых месцаў.

За апошнія некалькі месяцаў адзначана станоўчая тэндэнцыя на рынку працы. Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што занятасць насельніцтва — важны паказчык здароўя грамадства. Трэба над гэтым працаваць.

Вучэбнае пытанне

Хутка змены чакаюць і галіну адукацыі. На завяршальнай стадыі знаходзіцца новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі. Да 1 верасня ў школы паступяць абноўленыя вучэбныя праграмы, якія будуць улічваць міждысцыплінарныя сувязі і мець практычны кірунак. Дарэчы, адзін з напрамкаў развіцця сярэдняй адукацыі — гэта больш глыбокае ўкараненне профільных дысцыплін. Перш за ўсё гэта датычыцца тых устаноў, дзе існуюць адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база і высокакваліфікаваныя кадры. Зараз работа ідзе над паляпшэннем падручнікаў. Да 2020 плануюць выдаць 231 абноўлены вучэбны дапаможнік.

Міністэрства адукацыі сёлета правядзе дэтальны аналіз работы ВНУ. Па яго выніках будуць прыняты меры па спыненні падрыхтоўкі па незапатрабаваных у эканоміцы спецыяльнасцях. Парламентарыі звярнулі ўвагу і на дашкольную адукацыю. Васіль Жарко запэўніў, што пытанні з крокавай даступнасцю і дэфіцытам месцаў у дзіцячых садках будуць вырашаны да 2020 года.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Сітуацыя з працаўладкаваннем паляпшаецца

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.