Вы тут

Беларуская драматургія: шклянка напалову поўная


«Гэта мая першая п'еса, дзе ніхто не памёр напрыканцы!» — аджартоўваецца падчас абмеркавання тэксту «Москаў Дрымін» драматург Віталь Каралёў. ІІ Конкурс-фестываль сучаснай беларускай драматургіі WrіteBox сапраўды выявіў змены ў драматургічным працэсе і абазначыў яго асноўныя тэндэнцыі.


Сучасная беларуская драматургія даўно стала брэндам постсавецкай прасторы. Без нашых імёнаў сёння не абыходзіцца, бадай, ніводзін шорт-ліст флагманскіх фестываляў ды конкурсаў — «Любімаўка», «Еўразія», «Рэмарка»... Аднак на радзіме аўтары п'ес адчуваюць адносную абдзеленасць увагай. Тэатразнаўца Вікторыя Белякова паспрабавала паўплываць на сітуацыю і стварыла ў беларускай тэатральнай прасторы яшчэ адзін пункт фокусу ўвагі на айчынных п'есах — Конкурс-фестываль сучаснай беларускай драматургіі WrіteBox. Сёлета фестываль прайшоў другі раз. Пра цікавасць да яго сведчыць колькасць дасланых п'ес. У трох намінацыях («Новая п'еса», «Вяртанне», «Тутэйшыя») за права трапіць у шорт-ліст ды праграму чытак WrіteBox змагаліся 42 п'есы. З 18 па 21 мая ў тэатральнай зале Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў прачыталі дзясятку найлепшых.

Магістральнай тэмай сёлетняга фестывалю стала эміграцыя. Перад значнай колькасцю дзеючых асоб паўставалі пытанні: ці там я жыву, дзе трэба, мо ў іншым месцы будзе лепш?

Пошукі адказаў вымушалі з'язджаць і вяртацца. Герой п'есы Віталя Каралёва «Москаў Дрымін» Вадзім выпраўляецца ў Маскву працаваць экскурсаводам, але вяртаецца ў Мінск і дасягае ўсяго, чаго хоча, тут. Бо ўпэўніваецца: геаграфічнае становішча не так ужо моцна ўплывае на поспех і самарэалізацыю. У п'есе Андрэя Іванова «З вучылішча» («С училища») выкладчык філасофіі ў ПТВ Сярожа так марыць зарабіць грошай і з'ехаць падалей ад «біямасы», якая яго атуляе, што б'ецца аб заклад: пазбавіць цнатлівасці адну са сваіх навучэнак. Максім Дасько сягае ў будучыню і ператварае Беларусь у загадкавую тэрыторыю Лабрум, куды вяртаецца Крыстаф Раўх, а ў мінулым Леанід Шаблоўскі...

Сёлетні конкурс зрабіў больш заўважнымі і драматургічныя пошукі формы. Той жа «Лабрум» Максіма Дасько кідае выклік рэжысёрам сваім аб'ёмам — крыху менш за 200 вордаўскіх старонак. А яшчэ фантастычнай умоўнасцю і спалучэннем дыялогаў, дзённіка і візуальнага шэрагу з фотаздымкаў. Аляксей Макейчык стварыў сваю п'есу «Галасы» з шасці маналогаў. Выбраная форма прымусіла журы паспрачацца: ці стае п'есе цэласнасці, завершанасці і ці не зашмат прасторы пакідае драматург рэжысёру.

Яшчэ адной заўважнай тэндэнцыяй стала пазітыўнае мысленне, не ўласцівае новай драме нулявых. Напрыклад, драматургі менш канцэнтруюцца на маргінальных героях і прадстаўляюць іх гледачу ў іншым ракурсе. Гісторыя мігрантаў — гэта ўжо не слынная «Вайна малдаван за кардонную каробку» — спектакль маскоўскага «Театра.doc» паводле п'есы расійскага драматурга Аляксандра Радзівонава. Дакументальная гісторыя Вольгі Прусак, якая і стала асновай п'есы «Сіртакі», у пэўнай ступені бесканфліктная ды зіхаціць мультынацыяналізмам, як фантан «Сяброўства народаў» на ВДНГ у сонечны дзень. «Сіртакі» дазваляе пабачыць свет вачыма дзяўчыны, што працуе роставай лялькай у маскоўскім рэстаране ў акружэнні прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў. Ці, напрыклад, маналогі-псеўдавербацімы Аляксея Макейчыка. Вострасацыяльнасць сыходзіць у п'есе «Галасы» на другі план, драматург найперш выяўляе экзістэнцыяльныя перажыванні герояў. Шэсць маналогаў яднае агульны канцэпт — кожны з іх прысвечаны базаваму чалавечаму пачуццю: слых, абанянне і г. д. Аднак гісторыі пра нявестку-вегетарыянку, што паказвае дзеду адфаташопленае фота ўнучкі з зоркамі на вачах (каб не сурочылі), ці пра мужчыну, які быў зняволены за забойства прыяцеля, што абразіў яго жонку, а пасля турмы завёў палюбоўніцу, — гэта яшчэ і гісторыі пра пекла перфекцыяніста, тыя дробязі і акалічнасці жыцця, якія не дазваляюць адчуваць сябе шчаслівым. Пяць такіх гісторый, а потым кантрапунктам шостая пра чалавека, які знайшоў ласіныя рогі і не знайшоў перашкод для шчасця.

Адна з галоўных мэт падобных фестываляў — зацікавіць прафесійную публіку новымі тэкстамі. Але прафесійных лаўцоў тэкстаў (рэжысёраў, прадзюсараў, менеджараў), што шукаюць новую п'есу для пастаноўкі, у зале можна было пералічыць на пальцах.

Дый пэўная ізаляванасць — праблема не выключна фестывалю WrіteBox, а ўсёй беларускай тэатральнай прасторы. З іншай задачай, тэарэтычнай, WrіteBox справіўся больш паспяхова: праграма чытак дазволіла асэнсаваць становішча сучаснай драматургіі адносна агульнамастацкіх каардынат. Такім чынам, мы па-ранейшаму застаёмся ў рэчышчы постдакументалізму, які сцвярджае самы розны сінтэз мастацкага і рэальнага ў творах. Але вострасацыяльнасць паступова змяняюць экзістэнцыяльныя праблемы. І нашае жыццё ўсё часцей паўстае ў п'есах куды больш пазітыўным, чым колькі гадоў таму.

Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ

Фота Ігара ЧЫШЧЭНІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».