Вы тут

Вакол Азія: беларускі працягваюць кругасветную вандроўку


Сям'я БЯГУН працягвае сваю кругасветную вандроўку. За гэты час яны ўжо заехалі далёка на ўсход і падзяліліся з нашым карэспандэнтам сваімі ўспамінамі пра В'етнам. Краіну з цудоўнай прыродай, але спецыфічнымі адносінамі да турыстаў...


Элізабэт скарала хвалі ў В'етнаме.

Суп з сакрэтам

«Мы садзімся ў старадаўні цягнік і нясёмся па рэйках, крута паварочваючы. Адчуванне, што мы ў любую хвіліну можам перакуліцца. З усіх бакоў сцены джунгляў — быццам сам Кінг-Конг зараз заскочыць на наш вагон». І гэта — В'етнам. У Ханоі нашы дзяўчаты затрымаліся толькі гадзіны на дзве і накіраваліся далей — у Халонг. Туды сям'я Бягун трапіла падчас вялікага спартыўнага фестывалю. І, вядома, сёстры вырашылі ў ім паўдзельнічаць. Разам з матуляй яны знайшлі сабе каманду — і гонка на рэгатах пачалася! Было няпроста, але адрэналіну хапіла. Пасля гонкі на гэтым пляжы заставалася яшчэ адна незавершаная справа: чарадзейныя астравы. На іх часта возяць турыстаў, але нашы дзяўчаты вырашылі туды адправіцца сваім ходам. Кацярына, Элізабет і Аліса знайшлі рыбакоў, якія пагадзіліся іх падвезці. Паглядзеўшы на мясцовы цуд свету, дзяўчаты вярнуліся і праз некаторы час накіраваліся ў Да Нанг.

І што робіць кожны вандроўнік, прыбыўшы на новае месца? Вядома, ідзе падсілкавацца. У кафэ заказалі суп з мясам. Гэта была іх вялікая памылка... Праз некалькі лыжак стала зразумела, што, хутчэй за ўсё, гэта «мяса» не так даўно яшчэ гаўкала. Нашы дзяўчаты былі вельмі стомленыя цяжкай вандроўкай, таму, з жалем да невядомага дварняка, суп быў даедзены, але прыкрасць засталася.

Адчайны сёрфер

Мара кожнага сёрфера — злавіць самую вялікую хвалю. Элізабэт, як чалавек з вопытам у заваяванні водных вяршынь, не магла не паспрабаваць гэта зрабіць і на в'етнамскіх берагах.

— Толькі заходзіш у мора, думаеш, навошта я гэта раблю? Напэўна, я вар'ятка або чалавек вады. Хвалі былі сапраўды вялікія, я такія ніколі і не лавіла. Першая спроба дабрацца да лайн-апу (месца, адкуль трэба стартаваць) аказалася няўдалай. Плынь была вельмі моцнай, я ніколі яшчэ з такой не сутыкалася. Хвалі ішлі адна за адной без перапынку — і мяне проста знесла. Я спрабавала выйсці на бераг, але зачапілася за нацягнутую ў моры вяроўку і моцна падрапалася. У гэты момант адчувала сябе, як рыба ў сетцы. Выходжу з вады, кроў цячэ па жываце і нагах, але гэта мяне не спыніла. І другая спроба стала паспяховай. Плыць прыйшлося даволі далёка, туды, дзе ламаліся хвалі. На лайн-апе разам са мной былі тры хлопцы. І я ўжо вельмі ганарылася, што змагла сюды прабрацца і не здалася. Трэба было злавіць адну добрую хвалю, але гэта было не так проста. Калі зноў давялося ныраць, у мяне парвалася мацаванне да дошкі, і я засталася ў моры сам-насам з хвалямі. Тады сапраўды стала страшна. Толькі вынырваеш, спрабуеш аддыхацца, як зноў ідзе хваля, і трэба ныраць, не ўзяўшы досыць паветра, і ты зноў трапляеш у «пральную машыну». Потым я ўбачыла сябра Рудзі, і мы разам дабраліся да берага.

Будзь напагатове

Пасля Да Нанга сям'я Бягун паехала ў Хашымін. Там яны сустракаліся са студэнтамі мясцовай школы англійскай мовы. Разам з імі правялі некалькі заняткаў, расказваючы пра сваю вандроўку і Беларусь. За такую працу яны атрымалі жыллё ў гэтым жа будынку. Адпачыўшы, праз некалькі дзён дзяўчаты вырашылі рухацца наперад. А ў В'етнаме гэта рабіць не так проста. Мясцовыя жыхары завышаюць турыстам цану ў некалькі разоў. Гэта як гульня: хто больш возьме грошай з белага чалавека, той і пераможца. Напрыклад, дзяржаўныя аўтобусныя касы знайсці вельмі складана. Вакол шмат агенцтваў, якія прадаюць білеты ў 2—3 разы даражэй. Спытаеш мясцовага, дзе можна купіць па адэкватнай цане, ён радасна вядзе цябе ў турыстычную касу і ганарыцца, што падмануў іншаземца з кашальком. Але, калі задацца мэтай, знайсці білет за нармальныя грошы можна, што і зрабілі нашы дзяўчаты.

Мяжа стала асобным выпрабаваннем на шляху ў Камбоджу. Зрабіць візу можна было адразу на месцы хвілін за дзесяць, каб зноў жа не пераплачваць агенцтвам, гэта задаволіла дзяўчат, але не спадабалася кіроўцу аўтобуса, які нечакана кінуў Алісу, Элізабэт і Кацярыну і паехаў далей без іх. Праз дзве гадзіны хады яны зразумелі, што кіроўца і не думаў іх недзе пачакаць. Прайшлося аўтастопіць. На шчасце, яны злавілі машыну, якая давезла іх да Пнампеня. Там па нумарных знаках яны знайшлі прыпынак, дзе кінулі іх рэчы. Відавочна, прасіць прабачэння ніхто не збіраўся. Азія не дае расслабіцца ні на хвіліну.

Пра далейшыя прыгоды нашых дзяўчат у кругасветнай вандроўцы чытайце ў наступных нумарах «Звязды».

Надзея АНІСОВІЧ

anіsovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Глядзіце на ўсе вочы: вакол Азія

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».