26 Верасень, серада

Вы тут

ХХ стагоддзе праз экспрэсію, мару і авангард


Карціны славутага італьянскага футурыста спалучылі з палотнамі беларускіх мастакоў-наватараў.

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрылася выстаўка «Даторы, Шагал, Суцін, Хадасевіч-Лежэ. Энергія, экспрэсія, сімволіка і сны. Погляд на мастацтва Італіі і Беларусі першай паловы ХХ стагоддзя». Сёлета беларусы ўпершыню сустрэнуць палотны перуджынскага мастака-футурыста Джэрарда Даторы. Нягледзячы на тое, што да нас прыехалі толькі 14 карцін, выбраныя работы ахопліваюць амаль усе перыяды творчасці мастака і дакладна дэманструюць этапы яго станаўлення.


Джэ­рар­да Да­то­ры «Умбрый­скае во­зе­ра», 1942.

— Выстаўка — гэта частка вялікай культурнай праграмы пасольства Італіі ў Мінску, прымеркаванай да 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі і Года італьянскай культуры ў Беларусі, — расказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італіі ў Беларусі Стэфана Б'янкі падчас прэс-канферэнцыі. — Беларусы добра знаёмыя з італьянскай культурай, бо Італію і Беларусь аб'ядноўвае даўняе супрацоўніцтва. Мы хацелі адкрыць беларусам нешта новае пра сваю краіну, таму абралі для выстаўкі ў Мінску менавіта асобу Джэрарда Даторы.

Экспазіцыя «Даторы, Шагал, Суцін, Хадасевіч-Лежэ. Энергія, экспрэсія, сімволіка і сны. Погляд на мастацтва Італіі і Беларусі першай паловы ХХ стагоддзя» вылучаецца інфармацыйнай насычанасцю. Італьянскі бок вельмі адказна падышоў да арганізацыі выстаўкі. Дзякуючы працы арганізатараў наведвальнікі, не знаёмыя з мастацтвам Джэрарда Даторы, могуць даведацца пра яго творчасць і жыццё. Акрамя аўтарскага жывапісу, у Мінск прыехалі архіўныя дакументы і фільм, прысвечаны вядомаму ўраджэнцу Перуджы. Адзін з дакументаў «Архіва Даторы» найбольш цікавы для беларусаў, бо сведчыць пра тое, што справа Джэрарда Даторы мела прыхільнікаў нават на савецкай прасторы. Пад шклом захоўваецца ліст, праз які Асацыяцыя незалежных украінскіх мастакоў 25 лютага 1932 года запрашала Даторы стаць сурэдактарам іх часопіса «Мастацтва».

На­дзея Ха­да­се­віч-Ле­жэ «Су­прэ­ма­тызм. Кам­па­зі­цыя з чыр­во­ных, чор­ных і шэ­рых геа­мет­рыч­ных фі­гур», ка­нец 1960-х — па­ча­так 1970-х.

Як слушна заўважыў адзін з арганізатараў выстаўкі Аляксандр Зіменка, мастакі, прадстаўленыя ў Нацыянальным музеі, не здолелі б самастойна дамовіцца пра арганізацыю агульнай экспазіцыі: апантаныя творчымі задумамі, яны не паступіліся б сваімі ідэямі дзеля агульнай карціны. Такім, як гэтыя мастакі, — супярэчлівым, правакацыйным і ў той жа час поўным на таленты — паўстала на выстаўцы ХХ стагоддзе. Летуценныя «Закаханыя» і «Гадзіннік на палаючым небе» Марка Шагала, экспрэсіўныя «Вялікія лугі ў Шартры каля віядука» і «Ева» Хаіма Суціна, авангардныя графічныя работы Надзеі Хадасевіч-Лежэ спалучыліся з карцінамі Джэрарда Даторы, прывезенымі з Калекцыі муніцыпалітэта горада Перуджы (музей-палац Палаца дэла Пэна).

Выбраныя для экспазіцыі карціны дэманструюць эвалюцыю жывапісу Джэрарда Даторы. Пра вопыт працы дэкаратарам нагадвае невялікая «Дэкарацыя», намаляваная алоўкам ды акварэллю. Вынік захаплення ідэямі дывізіянізму ўвасабляе «Умбрыйская дзяўчына», якая вылучаецца сярод іншых карцін не толькі асаблівым падыходам да перадачы колеру, уласцівым дывізіяністам, але і выключным духоўным зместам. Нягледзячы на тое, што назву «Выбух» мае толькі адна карціна, астатнія таксама можна апісаць гэтым словам: выбух фарбаў, летуценняў, пачуццяў. Футурыстычныя палотны мастака надзвычай дынамічныя; кампазіцыя будуецца так, быццам усе аб'екты на палатне імкнуцца ўверх, у неабсяжную прастору нябёсаў. Натуральна, што Даторы прывабіў кірунак аэражывапісу: пейзажы, убачаныя з борта самалёта, складаюць большасць прывезеных з Італіі арт-аб'ектаў. Усе перыяды творчасці мастака аб'ядноўвае асаблівая рытмічнасць, якая вызначае яго аўтарскі почырк.

Убачыць авангардыстаў ХХ стагоддзя на ўласныя вочы можна будзе ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі да 6 ліпеня.

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота Марыі ВОЙЦІК

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

 «Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам супрацьстаяць няпростым выклікам часу».

Грамадства

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

​Колішняя Беларуская ваенная акруга лічылася адной з самых магутных у СССР.

Грамадства

Шчырая размова з вядомым педагогам пра бацькоўскія сумненні і страхі

Шчырая размова з вядомым педагогам пра бацькоўскія сумненні і страхі

«Калі ў вас адкрыўся рот, каб накрычаць на дзіця, спыніцеся хоць на секунду…» 

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі.