Вы тут

Колькі ў краіне прэснай вады і як адпачыць, не нашкодзіўшы прыродзе?


У апошні час экалогія стала не толькі модным напрамкам, усё большую вагу яна набывае і на дзяржаўным узроўні. Захаванне і прымнажэнне прыродных багаццяў, паляпшэнне якасці паветра, вады і харчу, развіццё «зялёных» тэхналогій і павелічэнне за іх кошт эканамічнага патэнцыялу нашай краіны — усё гэта і многае іншае ўключае сёння дадзенае паняцце. З улікам аб'яднання эканамічнага, сацыяльнага і экалагічнага аспектаў выбудавана і Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2030 года.

Напярэдадні Сусветнага дня навакольнага асяроддзя міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута расказаў карэспандэнту «Звязды», што дапамагае зрабіць Беларусь яшчэ больш чыстай і зялёнай.


Залог здароўя — чыстае наваколле

— Андрэй Марленавіч, Дзень навакольнага асяроддзя можна назваць зыходным пунктам для вызначэння прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Мінпрыроды на кожны год. Якія праблемы і тэмы актуальныя для міністэрства ў 2017-м?

— За мінулыя гады ў краіне зроблена нямала для фарміравання спрыяльнага навакольнага асяроддзя і павышэння эфекту ад рэалізацыі прыродаахоўных мерапрыемстваў. Праца па паляпшэнні ў гэтым кірунку працягнецца і сёлета.

Сярод прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Мінпрыроды — эканамічнае стымуляванне, павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці, паляпшэнне якасці і эфектыўнасці інспектарскай дзейнасці, прасоўванне прынцыпаў зялёнай эканомікі ва ўсе галіны народнай гаспадаркі.

Спецыялісты ведамства таксама займаюцца прапрацоўкай падыходаў да кадыфікацыі заканадаўства аб абыходжанні з адходамі, а таксама распрацоўваюць канцэпцыю праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове і выкарыстоўванні балот (тарфянікаў)».

Актуальнае сёння пытанне і экалагічнай сертыфікацыі. Стандарты ІSО 14000 па ахове навакольнага асяроддзя і экалагічным менеджменце павінны стымуляваць вытворцаў вырашаць праблемы ў гэтай сферы на сістэмнай аснове, гарантуючы спажыўцам іх экалагічную бяспеку і адначасова павышаючы канкурэнтаздольнасць прадукцыі на сусветных рынках. Заканадаўствам ужо прадугледжаны падатковыя прэферэнцыі для развіцця сертыфікацыі, але шмат чаго яшчэ давядзецца зрабіць у гэтым кірунку.

Мы таксама працягваем працаваць і над павышэннем экалагічнай і прававой культуры насельніцтва, прыцягненнем увагі грамадскасці да надзённых экалагічных пытанняў, у тым ліку праз правядзенне грамадскіх абмеркаванняў.

— Адным з пытанняў, якія абмяркоўваліся падчас ХІV Рэспубліканскага экалагічнага форуму, было магчымае далучэнне Беларусі да Гётэборгскага пратакола. Гэта дапаможа зрабіць паветра над краінай больш чыстым?

— Забруджанае паветра не мае межаў. Яно аказвае шкоднае ўздзеянне на здароўе людзей, уплывае на харчовую бяспеку, ускладняе эканамічнае развіццё, садзейнічае змяненню клімату і пагаршае стан навакольнага асяроддзя. У Еўропе эканамічныя выдаткі, звязаныя з уздзеяннем забруджвальных рэчываў на здароўе людзей і экасістэмы, у 2015 годзе склалі 1,6 трыльёна долараў.

Гётэборгскі пратакол па барацьбе з падкісленнем, эўтрафікацыяй і прыземным азонам — самы комплексны пратакол да Канвенцыі аб трансгранічным забруджванні паветра на вялікіх адлегласцях. Ён устанаўлівае абмежаванне выкідаў пяці асноўных забруджвальных рэчываў: дыяксіду серы, аксідаў азоту, лятучых арганічных злучэнняў, цвёрдых часціц і аміяку — як для асобных крыніц, так і для тэхналагічных працэсаў.

Выкіды злучэнняў серы і азоту, а таксама ўтварэнне прыземнага азону ўздзейнічаюць на здольнасць экасістэм функцыянаваць і развівацца. Дыяксід серы і аксіды азоту, трапляючы ў выглядзе кіслотных дажджоў у ваду, глебу і на расліны, павялічваюць іх кіслотнасць і аказваюць шкоднае ўздзеянне на біяразнастайнасць.

Небяспека лятучых арганічных злучэнняў абумоўлена іх таксічнасцю і здольнасцю ўтвараць фотахімічныя акісляльнікі ў рэакцыі з вокісламі азоту пры наяўнасці сонечнага святла, у прыватнасці ўдзельнічаць ва ўтварэнні азону. Павышэнне канцэнтрацыі азону ў прыземным слоі вядзе да пашкоджання клеткавых мембран у раслін, што запавольвае важнейшыя працэсы, неабходныя для іх росту і развіцця, памяншае плошчу расліннага покрыва і змяншае яго здольнасць фільтраваць і чысціць паветра.

Эўтрафікацыя — працэс назапашвання пажыўных рэчываў, уключаючы азот, у водных аб'ектах, што з'яўляецца вынікам забруджвання паветра. Лішак пажыўных рэчываў у водных экасістэмах выклікае цвіценне водарасцяў і, у выніку, скарачэнне колькасці кіслароду і зніжэнне колькасці жывых арганізмаў.

Выкананне абавязацельстваў па абмежаванні выкідаў шкодных рэчываў да 2020 года, якія бакі Канвенцыі бяруць на сябе, дазволіць значна скараціць плошчу «забруджаных» тэрыторый, што істотна павялічыць харчовую бяспеку. У выніку колькасць заўчасных смерцяў ад прысутнасці азону і цвёрдых часціц у паветры скароціцца прыкладна на 47 тыс. у год. Не менш чым у два разы зменшацца і эканамічныя выдаткі ў Еўропе, і рост ВУП за кошт паляпшэння здароўя людзей і якасці экасістэм можа скласці да 10% да 2020 года.

Таму далучэнне Беларусі да Гётэборгскага пратакола, а пасля і выкананне яго абавязацельстваў будзе не толькі спрыяць паляпшэнню навакольнага асяроддзя, але і пацягне за сабой сукупныя выгады — паляпшэнне здароўя людзей, павелічэнне харчовай бяспекі і стымуляванне эканамічнага развіцця.

— Беларусь славіцца не толькі сваімі рэкамі і азёрамі, але і значнымі запасамі падземных вод. Ці атрымліваецца захаваць у чысціні гэты каштоўны прыродны рэсурс?

— Сапраўды, наша краіна валодае значным рэсурсным патэнцыялам прэсных падземных вод, які складае 49596 тыс. м3/суткі. У цяперашні час на тэрыторыі Беларусі разведана 370 радовішчаў з эксплуатацыйнымі запасамі прэсных падземных вод у колькасці 6,6 млн м3/суткі. Фактычна ж здабываецца каля 2,8 млн м3/суткі.

Асноўная частка падземных вод (больш за 60%) здабываецца на водазаборах і буйных прадпрыемствах, якія прайшлі дзяржаўную экспертызу запасаў, строга вытрымліваюць тэхналогію здабычы, сочаць за чысцінёй падземных вод.

У той жа час прыватным асобам і арганізацыям дадзена для ўласных патрэб (без атрымання камерцыйнай выгады) права карыстання падземнымі водамі з першага воданапорнага гарызонту ў межах вылучаных зямельных участкаў без праходжання дзяржаўнай экспертызы.

Паводле маніторынгу, істотных змен якасці падземных вод не назіраецца. У той жа час такія значныя аб'ёмы іх здабычы адзінкавымі свідравінамі патрабуюць пастаяннага кантролю за выкананнем патрабаванняў у частцы бурэння свідравін, мер, якія прымаюцца для аховы падземных вод.

— Нядаўна спецыялісты Мінпрыроды загаварылі пра стварэнне ў Беларусі экспертнай сістэмы рэабілітацыі забруджанага нафтапрадуктамі геалагічнага асяроддзя. Якая яе асноўная мэта?

— Ачыстка геалагічнага асяроддзя ад забруджання нафтапрадуктамі — прыярытэтная праблема для ўсіх узроўняў прыродакарыстання ў краінах СНД. Для Беларусі яна, на шчасце, не настолькі сур'ёзная. Тым не менш у выпадку аварый і катастроф спецыялісты павінны аператыўна атрымліваць патрэбную інфармацыю — у неабходных формах, з улікам узроўняў рэагавання і зменлівай сітуацыі. Дзеля гэтага распрацоўваюць планы ліквідацыі аварыйных разліваў нафты і нафтапрадуктаў. А ў якасці эфектыўнага сродку падтрымкі прыняцця рашэнняў у крызісных сітуацыях прапануецца выкарыстоўваць спецыялізаваную экалагічную экспертную сістэму.

Рэсурсы пад нагамі

— У Беларусі сёння збіраецца некалькі відаў небяспечных адходаў. Як вырашаецца праблема з іх перапрацоўкай?

— Сёння ў краіне наладжаны збор адпрацаваных акумулятараў, батарэек, ртуцьзмяшчальных адходаў. Арганізоўваючы сістэму іх збору, безумоўна, неабходна было вызначыць і месца іх перапрацоўкі. Так, на сёння функцыянуюць пяць прадпрыемстваў па перапрацоўцы ртуцьзмяшчальных адходаў. Акрамя таго, створана ўласная вытворчасць па перапрацоўцы адпрацаваных элементаў сілкавання на базе ААТ «БелВТІ». Пакуль у цэху ажыццяўляецца толькі ручное сартаванне батарэек, бо патрабуецца з агульнай масы адабраць небяспечныя віды (15—20%), аднак у перспектыве плануецца ўтылізаваць да 200—300 тон адпрацаваных элементаў сілкавання ў год.

Ствараць падобныя вытворчасці па перапрацоўцы небяспечных адходаў у краіне неабходна і выгадна. Перапрацоўваючы такія адходы, прадпрыемствы атрымліваюць чорныя і каляровыя металы, ртуць, шкло, якія з'яўляюцца каштоўнай сыравінай для далейшага выкарыстання ў прамысловасці.

Такім чынам, выкідваючы батарэйкі і акумулятары ў спецыяльны кантэйнер, мы не толькі прадухіляем пападанне небяспечных рэчываў у навакольнае асяроддзе, але і спрыяем максімальнаму ўцягванню адходаў у другаснае выкарыстанне.

Паступова вырашаецца ў краіне і праблема стойкіх арганічных забруджвальнікаў. Ідзе распрацоўка праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі па абыходжанні з САЗамі, адным з вынікаў яго рэалізацыі павінна стаць будаўніцтва на тэрыторыі Беларусі завода па абясшкоджванні САЗаў.

— Якія, на ваш погляд, перспектывы выкарыстання ўзнаўляльных крыніц энергіі ў ацяпляльнай, транспартнай сістэме краіны?

— У Беларусі створана спрыяльная аснова для развіцця ўзнаўляльнай энергетыкі. За апошнія пяць гадоў назіраўся пастаянны рост долі ўзнаўляльных крыніц энергіі ў сумарным аб'ёме энергаспажывання.

Сёння ў краіне эксплуатуецца 2646 установак з выкарыстаннем энергіі сонца, ветру, цяпла зямлі, біягазу, натуральнага руху водных патокаў, драўнянага паліва, іншых відаў біямасы сумарнай магутнасцю 1218 МВт.

Рост долі мясцовых відаў паліўна-энергетычных рэсурсаў і ўзнаўляльных крыніц энергіі ў балансе кацельна-пячнога паліва дазволіў паменшыць аб'ёмы імпарту энерганосьбітаў, а таксама надаць дадатковы імпульс развіццю перспектыўных кірункаў у вобласці энергетыкі.

У выніку не толькі скараціліся выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра і энергазалежнасць, але і за кошт захавання фінансавых рэсурсаў унутры краіны дасягнуты дадатковы эканамічны эфект (павелічэнне працоўных месцаў, стварэнне новых высокатэхналагічных вытворчасцяў і інш.).

Пераход на нізкавугляроднае развіццё, у тым ліку за кошт павышэння выкарыстання ўзнаўляльных крыніц энергіі, з'яўляецца адным з кірункаў рэалізацыі Парыжскага пагаднення Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату, да якога Беларусь далучылася ў 2016 годзе.

Дасягненні ў вобласці тэхналогіі выкарыстання ўзнаўляльных крыніц энергіі на працягу апошніх пяці гадоў прывялі да таго, што праекты па УКЭ сталі эканамічна мэтазгоднымі без субсідый, і кошт укаранення такіх крыніц зраўняўся з коштам будаўніцтва крыніц на выкапнёвым паліве.

Улічваючы сусветныя тэндэнцыі, у Беларусі непазбежна развіццё электратранспарту і павелічэнне выкарыстання ўзнаўляльных крыніц энергіі, перш за ўсё ва ўласных хатах для мэт ацяплення і гарачага водазабеспячэння.

Добры прыклад варты пераймання

— За апошнія гады ў краіне пры фінансавай падтрымцы ПРААН было рэалізавана некалькі пілотных экалагічных праектаў. Наколькі эфектыўнымі яны аказаліся?

— З дапамогай многіх з іх удалося мадэрнізаваць прадпрыемствы, палепшыць экалагічнае становішча ў рэгіёне, павялічыць аб'ём выкарыстання другасных рэсурсаў, стварыць новыя працоўныя месцы. Цяпер рэалізуецца праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕС/ПРААН «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі», які ажыццяўляе практычныя меры па «азеляненні» асобных тэрыторый, вытворчасцяў на прыкладзе больш як 20 пілотных ініцыятыў.

Так, дзякуючы ўстаноўцы на ВКУП «Камунальнік» (г. Брэст) комплексу абсталявання для драбнення драўняных адходаў у шчапу і наступнага выкарыстання атрыманага біяпаліва ў кацельні, толькі за верасень — лістапад 2016 года ўдалося выратаваць ад пахавання на палігоне і перапрацаваць 200 м3 пнёў і ствалоў і 9000 м3 галін. За гэты ж перыяд рэнтабельнасць вытворчасці драўняных адходаў у біяпаліва склала 160%. У выніку рэалізацыі пілотнай ініцыятывы плануецца ліквідаваць кар'ер па захаванні драўняных адходаў, а таксама спыніць практыку перадачы такіх адходаў на палігоны па захаванні ЦКА.

Дзякуючы рэалізацыі праекта «Кліма-Іст» па захаванні і ўстойлівым кіраванні тарфянікамі, які сёлета падыходзіць да завяршэння, знойдзена выдатнае рашэнне праблемы зарастання балот. Сёння тэхніка для кашэння і перапрацоўкі хмызнякоў і трыснягу выкарыстоўваецца ў Брэсцкай вобласці. Але такія зараснікі сустракаюцца і на Віцебшчыне. Таму сёння мы актыўна супрацоўнічаем з айчыннымі вытворцамі, якія выпускаюць падобную тэхніку. Магчыма, менавіта беларускія распрацоўкі дапамогуць аднавіць натуральны выгляд балот у іншых рэгіёнах краіны.

— Лета — традыцыйны час для адпачынку беларусаў і павышанай увагі замежных гасцей да цікавых мясцін, у тым ліку і асабліва ахоўных прыродных тэрыторый. Ці атрымліваецца ўтрымаць баланс паміж павышэннем узроўню экалагічнага турызму і выкананнем экалагічнага заканадаўства?

— Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі — прыродны каркас Беларусі. Менавіта яны прадстаўляюць найбольшы інтарэс як для аматараў летняга адпачынку на прыродзе, так і турыстаў, якія наведваюць запаведнікі, нацыянальныя паркі і заказнікі для вывучэння прыроднай і культурнай спадчыны нашай краіны.

Экалагічны турызм — адзін з элементаў устойлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў і захавання наваколля, магутны адукацыйны інструмент, а таксама важкі аргумент супраць спроб уцягнуць прыродныя рэсурсы запаведных тэрыторый у іншыя формы гаспадарчай дзейнасці.

Сёння рэкрэацыйны патэнцыял большасці прыродных тэрыторый выкарыстоўваецца менш чым на трэць, аднак на некаторых з іх назіраецца перавышэнне дапушчальных рэкрэацыйных нагрузак у 1,5—3 разы. Асабліва актуальная гэта праблема для заказніка «Свіцязянскі».

Але рэгуляваць рэкрэацыйную нагрузку магчыма — праз раўнамернае размяшчэнне на тэрыторыі турыстычных маршрутаў, стаянак, экалагічных сцежак. Напрыклад, у нацыянальным парку «Белавежская пушча» стварылі два новыя турыстычныя комплексы, якія дазволілі «разгрузіць» цэнтральную сядзібу і прылеглую да яе тэрыторыю. Для раўнамернага размеркавання рэкрэацыйнай нагрузкі нацыянальны парк «Браслаўскія азёры» актыўна развівае сетку турыстычных стаянак.

* * *

Напрыканцы хачу дадаць, што ўстойлівае развіццё, будучы па сваёй прыродзе працэсам глабальным, немагчымае без шырокага, цеснага міжнароднага супрацоўніцтва. Наша планета занадта малая, каб дабрабыт адных дзяржаў захоўваўся пры ігнараванні праблемы іншых. Калі кожны з нас будзе лічыць сваім абавязкам берагчы тое, што дадзена нам прыродай, а таксама прызнае сябе адказным за будучыню нашай планеты, мы даб'ёмся поспеху ў захаванні нашага агульнага дому для наступных пакаленняў.

Гутарыла Вераніка КОЛАСАВА

kolasava@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Бясцэнны дар і вялікая адказнасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?