Вы тут

Заапарк адсвяткаваў Дзень абароны дзяцей


Дзеці да 14 гадоў бясплатна наведалі Мінскі заапарк 1 чэрвеня. Дзве гадзіны спеваў і танцаў, фотазоны, майстар-класы, гульні, віктарыны, дэгустацыя напояў і марожанае з паветранымі шарыкамі ў падарунак маленькім наведвальнікам — так тут адзначылі Дзень абароны дзяцей.


Арганізацыі Заводскага раёна дапамаглі зрабіць свята "Прывітанне, лета" цікавым для кожнага. Тут можна было паслухаць і пабачыць выступленне творчых калектываў маленькіх артыстаў, пакаштаваць марожанае "Гоша" (вытворцы падарылі дзецям 800 пачакаў ласунку) і прадэгусціраваць напоі ад "Дарыды", сфатаграфавацца з роставымі лялькамі.

У госці ў заапарк завіталі таксама доктар Айбаліт і Бармалей. Апошні ўсяляк стараўся сапсаваць свята і перашкодзіць надыходу лета (яго планам спрыяла, дарэчы, і зменлівае надвор’е, што час ад часу сыпала дажджом). Гэта, аднак, не паўплывала на імпэт гасцей, якія сапсавалі планы Бармалея правільнымі адказамі на яго загадкі. Малыя наведалі таксама выставу работ з малюнкаў і тапіарыяў з фестывалю "Экалогія, творчасць, дзеці", што праходзіў у заапарку ў маі.

Для рабят арганізавалі спецыяльныя зоны актывацыі. Дзеці ўдзельнічалі ў віктарыне на веданне правіл дарожнага руху, якую праводзіла раённая ДАІ. На пляцоўцы "У гасцях у казкі" пра бяспеку руху ў падарожжах тэматычна рассказвалася ў размалёўках і флікерах з выявамі жывёл. Гэтыя сувеніры супрацоўнікі Белдзяржстраху ўручалі ўдзельнікам віктарыны пра казачных герояў.

На майстар-класе "Далонькі" дарослыя і дзеці майстравалі з выяў сваіх далоняў тэматычныя адкрыткі ў выглядзе веера ці кніжкі. Самыя спрытныя спаборнічалі на пляцоўцы "Хто хутчэй", прапаўзаючы праз нейлонавы тунэль.

Нягледзячы на тое, што кошт білета ў заапарк з 1 чэрвеня падрос на тры рублі (з шасці да дзевяці), бясплатна прывесці дзяцей на свята паспяшалася мноства дарослых. У той дзень у госці завітала некалькі тысяч малых. Ужо з раніцы пачалі прыязджаць аўтобусы з цэлымі класамі школьнікаў. Шмат хто дабраўся з па-за межаў сталіцы. Дарэчы, наведаць заапарк дарма дагэтуль маглі толькі вучні першых і другіх класаў падчас дадатковых зімовых канікул. Летам такую акцыю арганізавалі ўпершыню.

— Мы пайшлі на гэтую непапулярную меру вымушана. Растуць расходы на ўтрыманне жывёл, колькасць якіх павялічваецца. Уздымаюцца камунальныя плацяжы. У экзатарыуме, напрыклад, круглы год трэба падтрымліваць тэмпературу 27 градусаў: узімку грэць, летам ахладжаць. Ды і ядуць звяры нямала. Штодзень толькі ялавічыны трэба 150 кг, і дзясяткі кілаграмаў садавіны ды гародніны, — расказаў намеснік дырэктара заапарка Аляксандр САФРОНАЎ. — Калі казаць, што білет падаражаў у 1,5 разы, гэта важка. А калі лічыць, што цана стала больш на тры рублі, то і не вельмі. Што такое цяпер тры рублі для забаўляльнай сферы — 5 хвілін скокаў на батуце. Тым больш што кошт квіткоў не мяняўся з 2015 года. Думаю, і наведвальнікам будзе значна прыемней бачыць звяроў у чыстых, адрамантаваных, дагледжаных вальерах. Ды і за тэрыторыяй заапарка ў 14 гектараў трэба сачыць. На днях у заапарку пачнецца рамонт цеплатрасы, якая ўжо не адзін год патрабуе ўмяшальніцтва, і гэта таксама стала адной з прычын узняцця цэн.

Пакуль супрацоўнікі ўпарадкоўваюць старую леваду для катання на конях і плануюць сёлета абсталяваць новую, якая будзе ў больш зручным месцы заапарка і з адпаведным пакрыццём. Адпаведна, на больш прафесійны ўзровень хочуць узняць дзейнасць мясцовага гуртка "Коні і поні". Бліжэй да сярэдзіны лета запланавана конна-спартыўнае свята.

У заапарку жыве каля 500 відаў жывёл — гэта звыш 3000 звяроў. Найбольшую цікавасць публікі заўжды выклікаюць абезьяны, драпежныя кошкі і мядзведзь Трыстан.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.