Вы тут

Масква святкуе 500-годдзе беларускага кнігадрукавання


Учора ў Дзелавым і культурным комплексе пасольства Беларусі ў Расіі адбыўся круглы стол "Дыпламатыя слова: 500-годдзе беларускага кнігадрукавання ў кантэксце сусветнай культуры".


Міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч адзначыла, што мерапрыемства прымеркавана да ўдзелу беларускіх кнігавыдаўцоў у маскоўскім кніжным фестывалі "Красная плошча". "Тое, што ў цэнтры расійскай сталіцы, каля Крамля, прадстаўлена беларуская кніга, — сімвалічны, важны і добры знак, — сказала яна. — Вынікам удзелу павінна стаць далейшае пашырэнне, умацаванне гуманітарнай прасторы Беларусі".

Лілія Ананіч нагадала, што 2017 год праходзіць пад знакам Францыска Скарыны: сёлета адзначаецца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Першая кніга, выдадзеная на беларускай мове 6 жніўня 1517 года, — "Псалтыр" Францыска Скарыны. Гэтая дата і лічыцца пачаткам беларускага кнігадрукавання.

На круглым стале міністр расказала, як у Беларусі шануюць памяць першадрукара. А міжнароднае прызнанне яго спадчыны пацверджана рашэннем ЮНЕСКА: 500-гадовы юбілей беларускага кнігадрукавання ўключаны ў каляндар памятных дат.

"У дзейнасці вялікага гуманіста ярка адбіліся асветніцкія і дэмакратычныя тэндэнцыі эпохі Адраджэння, культурныя сувязі з замежжам, — сказала Лілія Ананіч. — Прэзентацыі кніг, прысвечаных Скарыну, шырока праходзіць сёлета і за мяжой: у Літве, Чэхіі, Польшчы, Расіі, Кітаі, Сербіі, іншых краінах. І сёння кніга, супрацоўніцтва літаратараў з'яўляюцца найважнейшым гуманітарным мостам сяброўства".

За круглым сталом адбылася зацікаўленая размова пра ролю літаратуры ў захаванні ўзаемаразумення і братняга суіснавання народаў СНД, традыцыях дружбы пісьменнікаў на постсавецкай прасторы, удасканаленні механізмаў супрацоўніцтва ў галіне культуры, развіцці беларускага кнігадрукавання ў кантэксце сусветнай гісторыі. Гаварылі таксама аб перакладзе твораў Францыска Скарыны на мовы дзяржаў Садружнасці, захаванні яго спадчыны.

Спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта Расіі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой звярнуў увагу на неабходнасць больш шырока прапагандаваць беларускую літаратуру і яе славутых класікаў як у Расіі, так і ў краінах СНД. Ён прапанаваў больш актыўна стымуляваць пераклады беларускай літаратуры, спрыяць наладжванню супрацоўніцтва паміж выдаўцамі і кнігараспаўсюджвальнікамі Беларусі, Расіі і іншых краін СНД.

Цэлы шэраг канструктыўных ідэй па супрацоўніцтве агучылі першы намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Наш современник" Аляксандр Казінцаў, дырэктар выдавецтва "Мастацкая літаратура" Алесь Бадак, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, загадчык аддзела міжнародных сувязяў Інстытута сусветнай літаратуры Расійскай акадэміі навук Казбек Султанаў, старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі Сяргей Кандыбовіч, шэф-рэдактар ??газеты "Союз. Беларусь-Россия" Вольга Герасіменка, намеснік начальніка ўпраўлення перыядычнага друку Федэральнага агенцтва па друку і масавых камунікацыях Расіі Генадзь Кудзій.

Падрабязна пра работу пасольства Беларусі ў Расіі па папулярызацыі беларускай літаратуры і мастацтва распавяла саветнік дыппрадстаўніцтва Наталля Вашчыла. Яна паведаміла, што ў верасні на пляцоўцы Дзелавога і культурнага комплексу пасольства пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя Францыску Скарыну: выстаўка "Кніжная спадчына Скарыны" Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і прэм'ерны спектакль "Скарына" Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра.

Мадэратар мерапрыемства намеснік міністра інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч, падводзячы яго вынікі, адзначыў, што праведзеную размову, сустрэчы літаратараў Беларусі і Расіі, а таксама іншых краін Садружнасці знойдуць свой працяг у новых выдавецкіх праектах, перакладах, якія ўзбагачаюць нацыянальныя літаратуры.

Арганізатарамі круглага стала выступілі Міністэрства інфармацыі Беларусі, Саюз пісьменьнікаў Беларусі, выдавецкі дом "Звязда" пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Расіі.

Кар. "Звязды"

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Однако наша страна надеется, что это временные трудности.

Грамадства

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Дзяржаўным органам і іншым арганізацыям даручана кіравацца палажэннямі канцэпцыі ў практычнай дзейнасці.

Калейдаскоп

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Трэніроўкі і здымкі ўдзельнікаў пачнуцца ў красавіку.

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна.