Вы тут

Ці лёгка стаць найлепшым?


Лідарам у сваёй намінацыі па выніках мінулага года на Гомельшчыне прызнаны Жмураўскі сельскі Савет Рэчыцкага раёна.


Дарэчы, сельсавет з'яўляецца адной з самых буйных сельскіх адміністрацыйных адзінак па колькасці людзей, якія жывуць на гэтай тэрыторыі. У дзевяці вёсках — больш за 4,5 тысячы жыхароў. Колькасць насельніцтва традыцыйна павялічваецца ўлетку, бо сельсавет непасрэдна прымыкае да Рэчыцы і сюды накіроўваюцца патокі грамадзян, якія выкарыстоўваюць бацькоўскія хаты пад уласныя дачы. Падтрымліваць парадак у такіх умовах не так проста, кажа Мікалай Найдзен, які ўзначальвае Жмураўскі выканаўчы камітэт больш за два гады.

— У пятніцу мы праводзім санітарны дзень. Калі не перашкаджаюць умовы надвор'я, усе калектывы прадпрыемстваў, што размешчаны на тэрыторыі сельсавета, выходзяць на прыборку замацаваных тэрыторый. Жыхары таксама не застаюцца ўбаку ад гэтай справы. На вуліцах населеных пунктаў мы ўладкавалі 10 кветачніц у выглядзе парасонікаў і 20 — у выглядзе арак. Дарэчы, ёсць дамоўленасць, што за раслінамі прыглядаюць жыхары тых дамоў, каля якіх яны ўсталяваны. З'явіліся ў нас малыя архітэктурныя формы, дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі.

Сёння практычна ўсе вяскоўцы разумеюць, што ніхто, акрамя іх, не будзе падтрымліваць парадак у населеных пунктах. Многія ўключыліся ў спаборніцтва за прызнанне свайго жылля «домам узорнага парадку».

Цэнтр сельсавета, вёска Жмураўка, як і вёска Броннае, што зусім побач, знаходзяцца ўздоўж Дняпра. Праблема забруджвання берага ракі доўгі час псавала настрой жыхарам. Між тым мясцовыя рыбаловы-аматары дамовіліся і сталі штогод пасля вясновай паводкі выходзіць і прыбіраць усё смецце. Пакуль, гаворыць старшыня сельвыканкама, гэтых энтузіястаў не вельмі многа, але ж прыклад іншым яны падаюць станоўчы, і, магчыма, наступным разам у кагосьці рука не падымецца кінуць пластыкавую бутэльку дзе давядзецца.

— Ужо многія людзі гэта ўсведамляюць і клапоцяцца пра ахову прыроды. Безумоўна, хацелася б, каб добры пачын стаў масавай акцыяй. Прынамсі, трухлявых і пустуючых хат у нашым сельсавеце практычна няма. Мы актыўна працуем з уласнікамі. Яно і зразумела: у прыгарадных вёсках кошт зямельных участкаў набліжаецца да гарадскіх. Дарэчы, у апошнія два гады каля 30 зямельных участкаў вылучана пад будаўніцтва дамоў. Чатыры ўчасткі хутка будуць выстаўлены на продаж. І ў самай блізкай перспектыве ў Бронным з'явіцца новая вуліца.

Знішчыць вялізныя несанкцыянаваныя звалкі, якія ўтварыліся за Жмураўскімі і Бронненскімі могілкамі, было таксама няпроста. Навесці тут парадак атрымалася з дапамогай кіраўніка аддзялення «Броннае» сельгаспрадпрыемства «Саўгас Выток» Сяргея Вароны. Прыемна, кажа Мікалай Найдзен, што людзі займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю ў рашэнні праблем добраўпарадкавання населеных пунктаў. Многія ў сельсавет тэлефануюць не са скаргамі, а з прапановамі, сярод такіх актывістаў — і пастаянная падпісчыца «Звязды», 90-гадовая Ніна Дзянісаўна Гапоненка. Пры актыўнай падтрымцы жыхароў сёлета на тэрыторыі вёсак Казазаеўка, Жмураўка, Броннае, Прыгарадная было праведзена восем суботнікаў.

Тым часам зусім нядаўна ў Рэчыцкім раёне адбыўся абласны выязны практычны семінар. Начальнікі аддзелаў арганізацыйна-кадравай работы райвыканкамаў і старшыні Саветаў дэпутатаў першаснага тэрытарыяльнага ўзроўню Гомельскай вобласці, у тым ліку на прыкладзе Жмураўскага сельсавета, вялі гутарку пра метады добраўпарадкавання і рэалізацыю пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.