Вы тут

Ці патрэбна супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі Беларусі і іншых краін?


Такое пытанне мы задалі тым, хто мае прамое дачыненне да гэтай сферы.


Старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валерый ВАРАНЕЦКІ:

— Безумоўна, патрэбна. Гэта ўвогуле, аснова супрацоўніцтва, якое, як вядома, ажыццяўляецца на некалькіх узроўнях. Усё пачынаецца з кантактаў паміж суб'ектамі гаспадарання. І рэгіёны ў гэтым сэнсе максімальна набліжаны да іх і могуць рэальна аказаць разнастайнае садзейнічанне. А вось дзяржава і ўрад ужо ствараюць умовы, каб такое супрацоўніцтва развівалася, было выгадным для краіны. І, натуральна, для саміх суб'ектаў гаспадарання. Таму рэгіянальнае супрацоўніцтва ў гэтым плане з'яўляецца найбольш запатрабаваным. Зразумела, што асноўнае звяно — гэта прадпрыемства, але ў рэгіёнах жывуць і працуюць людзі, а такое ўзаемадзеянне дазваляе нарошчваць эканамічны дабрабыт. І не толькі эканамічны — ёсць супрацоўніцтва ў галіне культуры, адукацыі і іншых. Калі я працаваў паслом у Славакіі і Аўстрыі, я рабіў акцэнт на міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. І гэта давала сур'ёзны эфект: напрыклад, за тры гады працы ў Славакіі таваразварот паміж нашымі краінамі вырас у 10 разоў. І гэта — менавіта за кошт таго, што мы арганізоўвалі візіты на рэгіянальным узроўні.

Кіраўнік адміністрацыі Партызанскага раёна г. Мінска Дзяніс АЎСЯНІКАЎ:

— Сёння падобнае супрацоўніцтва неабходна. Чаму? Яно дазваляе абменьвацца вопытам ва ўсіх сферах дзейнасці — як у эканамічнай, так і ў сацыяльнай — пазнаваць, пераймаць і, адпаведна, у будучыні ўкараняць гэты вопыт дзесьці альбо імкнуцца да гэтага. У нас, напрыклад, ёсць арганізацыя, якая садзейнічае моладзі пры стварэнні ўласнага бізнесу, — гэта Маладзёжная сацыяльная служба. Яна выкарыстоўвае вопыт розных краін і рэгіёнаў у сваёй дзейнасці. Гэта ж датычыцца і адукацыйных праграм. Дзякуючы таму, што мы наладжваем рэгіянальныя сувязі, прадпрыемствам прасцей знайсці сабе партнёраў. Партызанскі раён горада Мінска, дарэчы, сёння супрацоўнічае з рознымі рэгіёнамі. Цікавы момант: на сумесную працу сур'ёзна ўплывае менталітэт і характар грамадзян пэўнай краіны. Напрыклад, у нас ёсць пагадненне аб супрацоўніцтве з горадам Адама ў Эфіопіі, аднак працаваць з імі вельмі цяжка. Яны досыць замкнёны народ, хоць першапачаткова загарэліся ідэяй адрадзіць у сябе трактарную вытворчасць.

Старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Алег БАРЫСЕНКА:

— Нездарма сёння Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч канцэнтруе ўвагу на тым, што супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расіі неабходна. Рэгіянальнае супрацоўніцтва нават на ўзроўні, скажам так, першасных сельскіх выканаўчых камітэтаў сапраўды вельмі важнае. У нас, у Гомельскім абласным Савеце дэпутатаў, ёсць шэраг розных пагадненняў з абласнымі гарадамі Расійскай Федэрацыі. Найбольш папулярны напрамак — супрацоўніцтва ў сацыяльнай галіне, а таксама ўзаемная работа ўніверсітэтаў, студэнцкіх атрадаў. Акрамя таго, гэта канцэртныя праграмы. Такія кірункі вельмі добра развіты, і тут сапраўды ўсё атрымліваецца. Вядома, мы стараемся развівацца далей і прапрацоўваем эканамічныя пытанні, вывучаем гандлёвы патэнцыял. Я лічу, што самае галоўнае ў такім супрацоўніцтве — гэта жаданне. Дарэчы, у прасоўванні эканамічнага кірунку вялікую ролю адыгрываюць менавіта Саветы дэпутатаў. І сёння мы вывучаем усе варыянты магчымага ўзаемадзеяння.

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Алег РУМО:

— З майго пункту гледжання, любое супрацоўніцтва з'яўляецца надзвычай карыснай гісторыяй. Калі непасрэдна людзі, якія доўгія гады займаюцца адной справай, пачынаюць супрацоўнічаць без пасрэднікаў, то гэта заўсёды дае пэўны поспех. Я лічу, што трэба спалучаць разнастайныя віды супрацоўніцтва — перш за ўсё на дзяржаўным узроўні, але яно не можа быць такім прадуктыўным без супрацоўніцтва паміж людзьмі. А паміж людзьмі — гэта якраз работа на ўзроўні рэгіёнаў. У глабальным сэнсе рэгіянальнае супрацоўніцтва адназначна дае развіццё. Перш за ўсё, гэта магчымасць атрымаць вопыт людзей з іншых краін. Вельмі часта такая сумесная праца дае чалавечыя зносіны, якія перарастаюць у фінансавыя праекты. Складана вылучыць недахопы рэгіянальнага супрацоўніцтва, таму што адпраўны пункт — гэта шырыня кантактаў. Калі работа не ахоплівае ўсе патрэбныя сферы і дае не той вынік, які мы жадаем, то гэта і з'яўляецца недахопам.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».