Вы тут

Прычыны сардэчна-сасудзістых захворванняў


Сардэчна-сасудзістыя захворванні сур'ёзна зніжаюць якасць жыцця або нават спыняюць яго ў велізарнай колькасці людзей ва ўсім свеце. Праўда, ёсць краіны, дзе сітуацыя крыху лепшая, але пакуль гэта не пра нас. Неймаверная колькасць даследаванняў паказвае на некалькі самых важных прычын, якія перашкаджаюць нашаму сэрцу з сасудамі заставацца здаровымі як мага даўжэй.


Спецыялісты называюць іх фактарамі рызыкі. Галоўным чынам, гэта звычкі. Але ёсць і аб'ектыўныя прычыны. Мы старэем, і старэюць нашы сасуды. Аднак адкуль жа тады інфаркт у 40 або інсульт у 50? Праблема можа быць у нашай генетыцы, якая абумоўлівае ў пэўнай ступені схільнасць да той ці іншай паталогіі. Аднак наяўнасць захворвання ва ўзросце да 55 гадоў сярод мужчын і да 65 — у жанчын сярод самых блізкіх сваякоў не фатальная для нашчадкаў. Важна, якім чынам яны будуць спрыяць або процістаяць гэтай схільнасці.

Паводле слоў загадчыцы інфарктнага аддзялення №2 10-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска Наталлі ПАЛЯЎКОВАЙ, фактары рызыкі першай лініі ўключаюць узрост, пол (мужчыны больш рызыкуюць пасля 45 гадоў, жанчыны — пасля 55), наяўнасць захворвання ў самых блізкіх сваякоў, індэкс масы цела (не павінен быць большы за 25), памер таліі ў жанчын — 80 см, мужчын — 94 см, артэрыяльны ціск (не вышэйшы за 140/90 мм рт. сл.), узровень глюкозы ў крыві нашча (5,5), узровень агульнага халестэрыну (не больш за 5 ммоль/л для здаровых) і статус курэння. Фактары рызыкі другой лініі больш складаныя — гэта халестэрын ліпапратэідаў нізкай і высокай шчыльнасці, трыгліцэрыды, узровень мачавой кіслаты, С-рэактыўны бялок і некаторыя іншыя біяхімічныя маркеры.

Асобна трэба сказаць пра артэрыяльны ціск — асноўны фактар рызыкі захваральнасці і смяротнасці пры многіх сардэчна-сасудзістых захворваннях ва ўсім свеце. Таму што калі яго лічбы перасягнулі 140/90, і такі вынік мы зафіксавалі па меншай меры тройчы на працягу некалькіх дзён, то можна гаварыць аб наяўнасці такога захворвання, як артэрыяльная гіпертэнзія. Вельмі часта людзі наогул не адчуваюць гэтых лічбаў, не мераюць ціск рэгулярна, а значыць, не здагадваюцца аб сваім захворванні. Больш за тое, гэта захворванне не прыходзіць адно. Сто працэнтаў пацыентаў з гіпертэнзіяй маюць іншыя фактары рызыкі сардэчна-сасудзістай паталогіі. Гіпертэнзія становіцца ўсё больш распаўсюджанай па меры павелічэння вагі — да 30 працэнтаў выпадкаў абумоўлены атлусценнем. Фактычна ў любой папуляцыі да 40 працэнтаў дарослых маюць высокі ціск, і калі адны не ведаюць, то другія хоць і ведаюць аб праблеме са здароўем, але не звяртаюцца да ўрача і не лечацца. А такім хворым патрабуецца дасканалы падбор медыкаментознага лячэння, якое будзе працягвацца ўсё жыццё. Як правіла, гэта камбінаваная тэрапія, два і болей прэпаратаў, якія дапамогуць знізіць сісталічны ціск ніжэй за 140 мм рт. сл., а дыясталічны — ніжэй за 90 мм рт. сл., што зменшыць рызыку развіцця інфаркту міякарда на 20—25 працэнтаў, інсульту — на 35—40.

Аднак адных толькі пілюль будзе недастаткова. І калі мы не можам паўплываць на наш узрост або пол, то разабрацца з ладам жыцця нам па сілах. Ідэальна было б ад самага пачатку трымацца таго, што не прывяло б нас да захворвання, аднак нельга спадзявацца на адны толькі сучасныя прэпараты.

Самае важнае, каб увесь наш лад жыцця можна было назваць здаровым. Ёсць людзі, якія дазваляюць сабе, напрыклад, курыць, але думаюць, што ратаваць іх павінны вітамінкі з аптэкі або адмова ад сала. У пытаннях здароўя дробязяў не бывае, важна ўсё.

Калі вы курыце, значыць, кідайце (кожная цыгарэта аказвае адмоўны ўплыў — неаспрэчны факт). Іншага варыянта пазбегнуць непрыемнасцяў не існуе. Шматлікія даследаванні паказваюць, што тытунь шкодзіць не толькі тканкам лёгкага, выклікаючы рак гэтага органа, — існуе цэлы пералік паталогій, звязаных з гэтай проста непрымальнай у сучасных умовах звычкай. Сардэчна-сасудзістыя захворванні таксама ў гэтым шэрагу. Сасуды пакутуюць ад тытуню настолькі моцна, што цалкам магчыма дачакацца інсульту або інфаркту перад тым, як выявіцца і анкалогія.

З алкаголем сітуацыя крыху складанейшая. Беларусы спажываюць каля дзевяці літраў абсалютнага спірту на душу насельніцтва ў год. Гэта, што называецца, з улікам немаўлят, дзяцей і тых падлеткаў і дарослых, якія не ўжываюць наогул. Больш за тое, такой адносна нізкай лічбы мы дабіліся нядаўна, а да гэтага было нашмат больш. Сусветныя эксперты адносяць нас да ліку краін з вельмі высокім спажываннем алкагольных напояў, а таму задача кожнага з нас — паразважаць над тым, чаму мы так сябе не любім... Алкаголь у аснове сваёй — спірт, хімічны растваральнік, які забівае жывыя клеткі і то рэзка звужае, то расшырае сасуды, што, безумоўна, шкодзіць ім. Тым не менш лічыцца, што ў сталым узросце сутачны аднаразовы прыём 10—20 г чыстага этанолу — келіх таго ж віна, піва (для жанчын крыху менш) — можа аказваць пазітыўны эфект на арганізм, аднак лепей не практыкавацца штодня, калі ёсць хранічныя захворванні.

Пра ежу так, праўда, не скажаш. Вось мы часта чуем пра халестэрын, і многія, спрабуючы перайсці на здаровае харчаванне, цалкам адмовіліся ад жывёльных тлушчаў, што ніяк нельга назваць здаровым ладам жыцця! Халестэрын псуе нашы сасуды і без усякага болю робіць іх непрыдатнымі да выканання сваёй функцыі. Сасуды страчваюць сваю эластычнасць, іх сценкі становяцца цвёрдымі, на іх адкладваецца тлушчавае рэчыва, якое ператвараецца ў атэрасклератычныя бляшкі. Прасвет такім чынам змяншаецца, а значыць, усе органы недаатрымліваюць кісларод, а ў сэрцы ўзнікае стэнакардыя (прадвеснік інфаркту, а калі гэта будуць бляшкі ў сасудах галаўнога мозгу, то і інсульту). Наогул, халестэрын удзельнічае ў сінтэзе гармонаў і з'яўляецца будаўнічым матэрыялам нашых клетак. Аднак для гэтага нам неабходны даволі нізкі яго ўзровень (той паказчык, з якім мы нараджаемся). Ужо да 20 гадоў па прычыне няправільнага харчавання, гіпадынаміі, курэння, дрэннай экалогіі і стрэсаў з'яўляюцца ліпідныя плямы, а да 45 гадоў фарміруюцца ўжо атэрасклератычныя бляшкі, развіваецца атэрасклероз. Знізіць узровень халестэрыну ў крыві вельмі няпроста, пазбавіцца бляшак нерэальна, але можна прыпыніць іх рост, прадухіліць хуткае ўтварэнне новых. Здаровае харчаванне выдатна спрыяе гэтаму, бо дазваляе трымаць у норме вагу! Абавязкова ўжывайце алеі — аліўкавы, рапсавы, ільняны, а таксама кукурузны і сланечнікавы, арэхі, агародніну, рыбу, яйкі, а вось абмежаваць неабходна ўжыванне свініны, субпрадуктаў (печані, нырак, сэрца), сасісак, каўбас, сала (можна ўжываць літаральна адну лустачку з чорным хлебам і зубчыкам часнаку), смятаны, масла, цвёрдых сыроў і маргарыну.

Цяпер пра стрэс. Усё жыццё нам неабходна вучыцца рэагаваць на шэраг раздражняльнікаў. Калі мы яшчэ сапраўды хочам пажыць, то без канструктыўнага стаўлення да ўласнага жыцця не абысціся. Ёсць настрой, значыць, паступова пачынаем набываць карысныя звычкі і фарміраваць сярод блізкіх людзей групу падтрымкі. Вучымся адпачываць правільна і атрымліваць задавальненне ад простых рэчаў, а не ад стымулятараў, якія яшчэ больш знясільваюць нервовую сістэму. Чытаем, цікавімся, развіваемся і вучымся любіць сябе.

І пра дастатковую рухальную актыўнасць. Выбірайце прыемны і даступны від фізічнай нагрузкі. Не патрэбна вам экзотыка. Хадзіце хуткім крокам, плавайце. Акрамя штодзённай хады, пажадана займацца фізкультурай на працягу гадзіны хоць бы праз дзень. Самае важнае: вам патрэбны не вынік, а сам працэс, які палепшыць настрой і якасць жыцця.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Бедныя сасуды

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.