Вы тут

Не чакайце панядзелка — пачынайце рухацца ўжо зараз!


Фраза «слухай сваё цела — яно дрэннага не параіць» абсалютна неактуальная для нас сёння. Наша цела падказвае нам паляжаць пасля работы, з'есці цэлую шакаладку і легчы спаць. І ўсё гэта эвалюцыйна замацавана. Некалі харчовыя рэсурсы былі абмежаваныя, іх трэба было здабываць фізічнай працай. Большую частку часу чалавек праводзіў у барацьбе за выжыванне. Аднак сёння прадукты даступныя, хоць пераканаць у гэтым арганізм не атрымліваецца. Ён заўсёды будзе імкнуцца ствараць запас энергіі, прымушаючы нас ужываць паболей, а рухацца менш, каб сэканоміць яе да горшага часу, які для большасці наўрад ці надыдзе.


— Верагоднасць раптоўнай смерці ў недастаткова актыўных людзей на 20—30% вышэйшая, чым у іх больш актыўных равеснікаў, якія ходзяць пешшу хоць бы 30 хвілін штодня, — кажа ўрач-тэрапеўт 13-й гарадской паліклінікі Мінска Наталля ЦАЛКО. — Гіпадынамія з'яўляецца фактарам рызыкі для захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы. Сэрца не трэніруецца, пакрываецца тлушчам, горш пераносіць нагрузку. Ад адсутнасці руху пакутуюць суставы, расце вага, што яшчэ больш узмацняе нагрузку на суставы, рух становіцца хваравітым, і мы імкнёмся рухацца яшчэ менш. Дастатковы рух — гэта яшчэ і натуральны масаж кішэчніка, прафілактыка праблем са стулам. Гіпадынамія прыводзіць і да атлусцення, якое пагражае ў сваю чаргу дыябетам, гіпертаніяй, інсультам і інфарктам. Так што не чакайце панядзелка — пачынайце рухацца ўжо зараз!

Не абавязкова вымотваць сябе ў спартыўнай зале, бегаць па стадыёне. Дастаткова больш хадзіць пешшу. Для гэтага не патрэбна ні абсталяванне, ні нават спадарожнікі — можна хадзіць і аднаму, сузіраючы свет і даючы мозгу адпачынак. Норма хады — 10 тысяч крокаў або 60 хвілін у дзень. Гэтыя нормы павялічваюцца, калі вы маеце каларыйны рацыён або ходзіце не штодня. Выдатным відам спорту з'яўляецца скандынаўская хада — гібрыд паміж класічнымі пешымі прагулкамі і лыжным спортам. Адпаведна, вы здагадаліся, што з-за палак. Яны ж робяць гэты спорт універсальным для ўсіх. Цяжарныя, пажылыя, людзі з праблемамі ў пазваночніку і суставах, усе, у каго ёсць лішняя вага — усе яны патэнцыйныя «хадакі».

Добра, калі вы любіце плаваць. Плаванне дазваляе займацца спортам без лішняй нагрузкі на шкілет. Цела ў басейне становіцца лягчэйшае. Калі вы зойдзеце ў ваду па пояс, то станеце лягчэйшы ў два разы, а калі пагрузіцца па шыю, то можна адчуваць толькі 10 працэнтаў масы цела. Гэта азначае, што басейн — ідэальнае асяроддзе для заняткаў, асабліва калі вы пакутуеце ад лішняй вагі або артрыту.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Хадзем паходзім

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.