Вы тут

У Маскве прайшло пасяджэнне СГС і МФГС дзяржаў — удзельніц СНД


У Маскве ў Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі прайшло сумеснае пасяджэнне Савета па гуманітарным супрацоўніцтве (СГС) і Праўлення Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва (МФГС) дзяржаў — удзельніц СНД.


Час сёння, здавалася б, не для рэалізацыі культурных ініцыятыў. Паўсюль заклапочаны эканамічнымі пытаннямі, захаваннем стабільнасці, вырашэннем самых розных спраў, без якіх не можа быць мірнага суіснавання. Несумненна, галоўным лейтматывам добрых стасункаў не толькі ў межах адносін краін СНД, але і ў зносінах СНД з усім светам удзельнікі пасяджэння на чале з яго спікерам таксама бачаць суладнасць, спакой у зносінах, узаемапавагу народаў і краін адзін да аднаго. Іншая справа, што вядомыя ў сваіх дзяржавах асобы, добра вядомыя, між іншым, і на постсавецкай прасторы, яны бачаць велізарную ролю культуры ў фарміраванні прыярытэтаў добрасуседскіх і міралюбівых адносін з дапамогай культурных ініцыятыў.

— Таму і шмат размоў у нас было на тэму нацыянальных культур, нацыянальных літаратур, іх узаемаадносін, іх выкарыстання ў паразуменні народаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў, — так ахарактарызавала атмасферу сумеснага пасяджэння Савета па гуманітарным супрацоўніцтве і Праўлення МФГС міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч.

Сярод іншых пытанняў пасяджэння асаблівую ўвагу выклікалі ініцыятывы беларускага боку. І першая з іх — правядзенне адмысловай акцыі да 75-годдзя Вялікай Перамогі, якое і ў СНД, і па ўсім свеце будуць адзначаць у 2020 годзе. Лілія Ананіч звярнулася да прадстаўнікоў розных краін з прапановай правесці акцыю, звязаную з пошукавай работай, з своеасаблівай увагай да мемарыяльных мясцін у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. І ўсё гэта скіраваць на абуджэнне ў моладзі гістарычнай памяці, памкненняў да праўдзівага разгляду і вывучэння падзей Другой сусветнай вайны.

Яшчэ адна ініцыятыва, якая, дарэчы, перад гэтым была агучана і на круглым стале ў беларускім пасольстве, — стварэнне на беларускай пляцоўцы Міжнароднага гуманітарнага партала «Сугучча: літаратура і публіцыстыка краін СНД» sozvuchіe.by. І на круглым стале, і на сумесным пасяджэнні двух саветаў пра гэты праект, які ўжо дзейнічае сёння на сайце Выдавецкага дома «Звязда», расказваў дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», галоўны рэдактар газеты «Звязда» Павел Сухарукаў.

Ужо некалькі гадоў беларускія журналісты, літаратары напаўняюць электронную прастору сістэмным выкладаннем навін літаратурнага жыцця ў краінах Садружнасці Незалежных Дзяржаў, выкладаюць творы самых розных пісьменнікаў, а таксама — гісторыка-літаратурныя і літаратурна-крытычныя тэксты, якія прысвечаны пісьменнікам і іх творам. Кожнай краіне СНД прысвечана асобная старонка: «Літаратурны Азербайджан», «Літаратурная Арменія», «Літаратурная Беларусь», «Літаратурны Казахстан» і г. д. Спярша асноўны масіў тэкстаў, ілюстрацыйнага матэрыялу быў звязаны з беларускай літаратурай, іншымі нацыянальнымі літаратурамі ў звязку з Беларуссю — «Сугучча» падавала пераклады на беларускую мову, расказвала пра пісьменнікаў іншых краін у судакрананні з Беларуссю.

З цягам часу ў сайта з'явіліся партнёры ў іншых краінах. Мадэратары літаральна з усёй СНД прычыніліся для насычэння «Сугучча...». Асаблівую актыўнасць на самым пачатку работы (сайт, які прадстаўляе нацыянальныя літаратуры СНД, дзейнічае з 2014 года) праявілі сябры з Казахстана. Пісьменнікі, літаратуразнаўцы з Алматы, Астаны, іншых гарадоў пачалі дасылаць як свае творы, так і работы, прысвечаныя казахскай літаратуры, яе прысутнасці ў свеце. Тэксты прыходзілі і прыходзяць на розных мовах — рускай, казахскай, англійскай, нямецкай... Дзякуючы памкненням да шырокага інфармавання пра казахскую літаратуру ў «Сугучча...» з'явілася мноства сяброў з няблізкай азіяцкай краіны — кандыдаты філалагічных навук Святлана Ананьева, Айнур Машакава, доктар філалагічных навук Алімжан Хамраеў, паэты, празаікі, публіцысты Ахмантай Ахметаў, Валерый Міхайлаў, Любоў Шашкова, Кайрат Бакбергенаў, Рыма Арцем'ева...

Не меншую актыўнасць апошнім часам праяўляюць сябры з Азербайджана — доктар філалагічных навук Ірада Мусаева, празаікі і паэты Камран Назірлі, Чынгіз Алі аглу, Севіндж Нурукызы... А яшчэ з Таджыкістана — Ато Хамдам, Леанід Чыгрын. І з Расійскай Федэрацыі ці ў не першую чаргу таксама — у ролі мадэратараў, падказчыкаў выступаюць Алесь Кажадуб, Валерый Казакоў, Сяргей Кандыбовіч, Любоў Турбіна, Георгій Прахін, Юрый Казлоў, Сяргей Главюк... Што цікава, да работы на сайце актыўна далучыліся пісьменнікі і літаратуразнаўцы з рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі: у прыватнасці, з Калмыкіі — Рыма Ханінава, з Чачні — Лула Куні, Адам Ахматукаеў, з Чувашыі — Атнер Хузангай, з Мардовіі — Юрый Салаўёў, з Удмурціі — Вячаслаў Ар-Сяргі, з Татарстана — Рэнат Харыс, Роберт Мінулін... Гэта падкрэслівае, што «Сугучча...» стала пляцоўкай яднання, дружбы, злучэння ў агульную гуманітарную, літаратурную супольнасць.

Не выпадкова на сайце запачаткаваліся персанальныя старонкі, прысвечаныя класікам нацыянальных літаратур, найбольш знакавым персанажам сучасных літаратур, — «Абай крочыць па планеце», «Свет Мухтара Аўэзава», «Немат Келімбетаў» (гэта ўсё — Казахстан, казахская культура, казахская літаратура), «Армянскія класікі», пра пісьменнікаў Расіі — інтэрнэт-старонкі «Міхаіл Ханінаў», «Вячаслаў Ар-Сяргі», «Роберт Мінулін»... Сайт расказвае падрабязна і пра беларускую літаратуру, беларускіх класікаў прыгожага пісьменства, сучасных майстроў мастацкага слова — на інтэрнэт-старонках «Францыск Скарына», «Якуб Колас», «Янка Купала», «Максім Багдановіч», «Святлана Алексіевіч».

Сустаршыня Праўлення МФГС, спецыяльны прадстаўнік Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой выказаў меркаванне аб сур'ёзнай падтрымцы праекта. Звярнуў увагу і на большую патрэбу ў развіцці яго інфармацыйнага складніка.

Чаму б і ў «Сугуччы...» не працаваць на інфармацыйнае забеспячэнне многіх ініцыятыў МФГС, многіх мерапрыемстваў, якія мы ладзім на працягу каляндарнага года... Ды і юбілеі класікаў, юбілеі сучасных пісьменнікаў Садружнасці — штораз павінны быць падставай для інфармацыйнага суправаджэння на партале...

З добрымі словамі адзнакі да беларускіх мадэратараў сайта звярнуўся ў сваім выступленні саветнік Прэзідэнта Арменіі, прадстаўнік ад Рэспублікі Арменія ў Савеце па гуманітарным супрацоўніцтве дзяржаў — краін СНД Армен Смбацян. Ён нагадаў пра тое, што ў Ерэване на працягу некалькіх гадоў ладзіліся пасяджэнні, форумы Саюза перакладчыкаў. Многія знакамітыя пісьменнікі з краін Садружнасці і, дарэчы, краін Балтыі ўдзельнічалі ў рабоце гэтага праекта. Несумненна, і «Сугуччу...» варта звярнуць увагу на гэтую ініцыятыву.

Якім будзе партал «Сугучча: літаратура і публіцыстыка краін Садружнасці», канешне ж, пакажа час. Але ўжо сёння ясна адно: пісьменнікі зацікаўлены ў яднанні, супольнай рабоце для чытача розных краін. А значыць — у фарміраванні агульнай прасторы, заснаванай на ідэях гуманізму, міралюбства і справядлівасці. Імпануе і тое, што пісьменніцкая, журналісцкая ініцыятыва падтрымана на самым высокім узроўні.

Кастусь ЛАДУЦЬКА

г. Масква, Расійская Федэрацыя

Загаловак у газеце: Садружнасць ініцыятыў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.