Вы тут

Шляхі да паразумення


Серыя «Минская городская библиотека» была заснаваная выдавецтвам «Чатыры чвэрці» ў 2016 годзе з мэтай пазнаёміць чытача з творамі лепшых беларускіх аўтараў-жыхароў Мінска на рускай мове. Сёлета ў серыі выйшлі дзве кнігі мастацкай прозы — аўтарскі пераклад рамана Алеся Савіцкага «Зямля не раскажа» і раман-хроніка Уладзіміра Гніламёдава «Расія» ў перакладзе Міхася Пазнякова. Кнігі серыі былі прэзентаваныя на XXIV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы і выклікалі вялікую зацікаўленасць не толькі ў сталічных чытачоў.


Алеся Савіцкага — пісьменніка з няпростым, але багатым на знакавыя падзеі лёсам, які не адно дзесяцігоддзе плённа працаваў у беларускай літаратуры, — не стала адносна нядаўна, у кастрычніку 2015 года. Таму выхад кнігі менавіта з такой назвай — «Зямля не раскажа» — падаецца сімвалічным. У рамане гэтыя радкі гучаць з вуснаў гусляра-жабрака, якога бачыць галоўная гераіня Рэната на гарадскім рынку:

Земля ничего не расскажет,

Земелька надёжно схоронит.

А людцы всё видят, а людцы всё расскажут,

Земелька не всех похоронит.

Рэната чуе ў тужлівай песні надзею: зямля пахавае гора, бяду, але не пахавае жыццё. Менавіта ў такім рэчышчы варта шукаць разгадку назвы рамана. Нездарма ў анатацыі пазначана, што твор адрасуецца перш за ўсё маладому пакаленню, якое не бачыла вайны, якому пра яе «раскажуць людцы».

Раман распавядае няпростую гісторыю выжывання жанчыны з чатырма дзецьмі на акупіраванай тэрыторыі: у апавядальнай канве вельмі шмат трагічнага, героям даводзіцца перажываць прыніжэнні, абразы, пакуты сумлення, фізічны боль і горыч страты родных. Але пры гэтым у творы няма напускнога пафасу, якім часам у ваеннай тэматыцы падмяняецца сюжэт. Так, Рэната перажывае вайну і акупацыю не толькі як праблему выжывання сям’і, але і як трагедыю свайго народа, аднак створаныя аўтарам унутраныя дыялогі — глыбока інтымныя, шчымлівыя — выклікаюць давер, не пераўтвараюцца ў абстрактныя лозунгі.

Найбагацейшы жыццёвы досвед Алеся Савіцкага паспрыяў таму, што перад чытачом не сентыментальны набор стэрэатыпаў у абліччы шматдзетнай маці Рэнаты, а цікавы, неадназначны, складаны вобраз. Рэната ва ўсіх нягодах пакорліва пытаецца: «За што караеш, небачка?», з жахам адзначае, як усё больш спакойна пачынаюць успрымацца чалавечыя пакуты і смерць. І аўтар «не ўмешваецца» ў яе ўнутраны свет дыдактычнымі парадамі. Аўтарская думка агучваецца пабочнымі персанажамі. І, мабыць, самае галоўнае, што хацеў данесці да чытача Алесь Савіцкі, прагучала ў дыялогу Рэнаты і яе выпадковай выратавальніцы Ганны: «— Цяпер за ўсё трэба плаціць! Усё так перавярнулася ў гэтым свеце… — Дык у свеце, можа, яно і перавярнулася. А вось у сэрцы чалавечым — не павінна». Гэта робіць раман «Зямля не раскажа» актуальным і сёння.

І ншы перыяд — падзеі 1915 — 1922 гг. — прадстаўлены ў рамане-хроніцы пісьменніка і літаратуразнаўца Уладзіміра Гніламёдава «Расія». Падзеі адбываюцца ў асноўным падчас Першай сусветнай вайны, якая прымушае галоўнага героя Лявона Кужаля і яго землякоў з вёскі Пруска пакінуць родную Брэстчыну і падацца на ўсход Расіі. Раман друкаваўся ў беларускай літаратурнай перыёдыцы, выходзіў асобнай кнігай па-беларуску, а вось на рускай мове друкуецца ўпершыню.

Калі гаворка заходзіць пра гэты раман, то адразу прыгадваюцца творы беларускіх класікаў на тэму бежанства: «Жартаўлівы Пісарэвіч» Максіма Гарэцкага і «Туды, на Захад!» Якуба Коласа. Сапраўды, пасля нашых славутых класікаў У. Гніламёдаў першы звярнуўся да грунтоўнай мастацкай распрацоўкі гэтай тэмы. Важна яшчэ і тое, што гучыць вельмі мала асветленая ў нашай літаратуры тэма Першай сусветнай вайны.

Раман заснаваны на рэальных падзеях ці, кажучы больш дакладна, на сямейнай гісторыі. Паводле прызнання пісьменніка, ён з дзяцінства чуў расповеды пра бежанства і праз гады нават сам некалькі разоў наведаў сяло Заплаўнае (у рамане Запалоннае), дзе ўрэшце аказаліся яго аднавяскоўцы. Працаваў у архівах, сустракаўся з вяскоўцамі, каб урэшце пацвердзіць высновы Гарэцкага і Коласа: светапогляд у двух народаў розны. Тым цікавей знаёміцца з пісьменніцкімі апісаннямі побыту беларускіх бежанцаў, жыццёвы лад якіх на пэўны час аказаўся «ўпісаны» ў іншую сістэму каардынат.

Сур’ёзная шматгадовая праца Уладзіміра Гніламёдава не засталася без увагі і атрымала багата станоўчых водгукаў. Думаецца, выхад кнігі на рускай мове зможа пашырыць прыхільную чытацкую аўдыторыю.

Пра складанасці і праблемы ў сістэме адукацыі гавораць шмат. Праўда, сітуацыя ад гэтага цягам дзесяцігоддзяў не змяняецца, школьнае навучанне паранейшаму пераважнай большасцю дзяцей і падлеткаў успрымаецца як выкананне нялюбага абавязку. Менавіта таму фраза «Я хачу ў школу!» з вуснаў падлетка гучыць настолькі нязвыкла, што выклікае ў бацькоў насцярожанасць. Гэтак мяркуюць вядомыя сёння ў Беларусі і Расіі рускамоўныя пісьменнікі Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастарнак, якія далі сваёй аповесці акурат такую парадаксальную назву — «Я хачу ў школу!». Чарговае выданне папулярнай кнігі зусім нядаўна пабачыла свет у выдавецтве «Чатыры чвэрці».

Кніга «Я хачу ў школу!» — фіналіст і лаўрэат шматлікіх прэстыжных расійскіх конкурсаў і прэмій, а на сярэдзіну чэрвеня 2017 года ў Расійскім акадэмічным маладзёжным тэатры запланаваная прэм’ера п’есы паводле гэтай аповесці. Аўтары нездарма маюць шырокае прызнанне менавіта ў Расіі: дзеянне ў гэтай, як і ў многіх іншых кнігах аўтараў, разгортваецца ў расійскіх гарадах.

«Дзейнічаць, каб навучыцца, а не вучыцца, каб дзейнічаць», «школа павінна змяняцца для дзіцяці, а не дзіця для школы» — гэтыя лозунгі гучаць у нашым культурным кантэксце безнадзейна ідэалістычна. Псіхолагі даюць парады бацькам не псаваць адносін з дзіцем з-за дрэнных адзнак, бо жыццё большае за школу, аднак нават тыя бацькі, якія згодныя з тэорыяй, далёка не заўсёды могуць зрабіць правільны выбар.

У гэтым сэнсе кніга «Я хачу ў школу!» — універсальная. Яна будзе дарэчы і тым, хто выпраўляе сваё дзіця ў першы клас, і тым, чые дзеці ўжо вучацца ў старэйшых класах, і самім старшакласнікам. Аўтары закранаюць ледзь не ўсе праблемы сучаснай школы: ад традыцыі называць вучняў па прозвішчы да непрадуктыўных метадаў бяздумнага завучвання на памяць і перапісвання пад дыктоўку. Агучваецца і самае крыўднае і балючае для падлеткаў: сітуацыя, калі бацькі паміж верай у сваё дзіця і верай у сістэму выбіраюць апошняе. Гэтая кніга — не змова супраць настаўнікаў (дарэчы, аўтарскае прысвячэнне менавіта ім, лепшым педагогам), праблемы, з якімі даводзіцца штодзень сустракацца настаўнікам, таксама закранаюцца.

Школы з незвычайнымі метадамі навучання — не толькі плён пісьменніцкай фантазіі. Такія школы існуюць у Еўропе, Амерыцы і нават некалькі — у Расіі. Але паўсюль гэта адзінкавыя выпадкі, якія толькі падкрэсліваюць абсалютную няздольнасць сістэмы адукацыі змяняцца. І калі мастацкая аповесць не ў стане паўплываць на гэта, то, прынамсі, дапамагчы дзецям, бацькам і настаўнікам знайсці шлях да паразумення яна дакладна зможа.

Наталля НАРУТОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».