Вы тут

З павагай да сябе ці закона?


Час ад часу чытаю ў розных СМІ дыскусію наконт будучага заканадаўства пра абмежаванне курэння, ды міжволі ўсміхаюся. Не, усё правільна там гаворыцца, і меры вельмі нават слушныя прапаноўваюцца. Толькі ёсць загваздка... Пастараюся растлумачыць.


Адны радуюцца, што будзе нарэшце забаронена дыміць у рэстаранах і кавярнях. Другія пярэчаць: у названых установах сярэднестатыстычны чалавек бывае гады ў рады, а вось ад нахабнага суседа-курца ён церпіць штодня. Забараніць курэнне на балконах раз і назаўсёды! — патрабуюць найбольш рашучыя ўдзельнікі дыспуту.

Але і тут знаходзяцца апаненты, на іх погляд, забарона палення на балконе азначае ўмяшанне ў прастору прыватнай уласнасці (чамусьці гэтыя апаненты не бяруць пад увагу, што едкія прадукты курэння пранікаюць у прастору прыватнай уласнасці другога чалавека).

А цяперашнія шклопакеты сканструяваныя так, што калі адкрываеш на праветрыванне, паветра трапляе ў пакой разам з дымам ад суседа зверху, калі такі ёсць. Вось вам і вымушанае пасіўнае курэнне. Сябе і сваю сям'ю ён такім чынам адгароджвае ад шкоднага канцэрагену, а з намі ім дзеліцца шчодра. Усё зразумела. Але загваздка ў тым, што калі прыняць нават самы строгі закон на гэты конт, яго ўсё роўна ніхто выконваць не будзе.

Мой сусед зверху, які ўсю зіму дыміць на лесвічнай пляцоўцы, а лета — на балконе, памяняе прывычкі? Не смяшыце мяне. Кожны ранак а шостай гадзіне да мяне ў акно зацягвае цыгарэтны дым. І тут два варыянты: альбо спаць у духаце, альбо глытаць гэты дым. Часцей за ўсё ноччу акно пакідаю адчыненым, а як толькі пацягне смуродам, усхопліваюся і закрываю. Ну а калі будзе закон, што, а палове шостай раніцы ў міліцыю званіць? Таму і гавару, што эфект ад такіх нарматываў будзе блізкі да нуля.

Бо ў справе выканання законаў усё залежыць ад нас з вамі ўсіх разам, іншымі словамі, якія мы — такія і законы па сваёй сіле і дзейснасці.

У тым і фішка прававой дэмакратычнай дзяржавы, каб спачатку напісаць законы, а потым дружна іх пачаць выконваць. Тады і механізм агульны працуе. А калі ён дае збой, то адбываецца, як у Еўропе. Я не маю на ўвазе зараз тэрарыстычныя акты, гэта наогул чалавечы нонсенс, а іншае, спрадвечны еўрапейскі парадак, які дасягаўся менавіта ўсеагульнай павагай да законаў і правілаў. Сама назірала ў гарадскім аўтобусе Берліна, як пуставала месца для маці з дзецьмі і інвалідаў. Месца для ўказанай катэгорыі, значыць, яго ніхто не займае... А прыехалі бежанцы, якія законы не выконваюць, вось і парушыўся ўклад. Бруд, смецце, беспарадкі на святы ў вялікіх дозах прымушаюць еўрапейцаў губляцца, яны не прывыклі так, і не ведаюць, як змагацца з падобнай навалай.

У іх усе плацяць за праезд у грамадскім транспарце. У нас нядаўна ў інтэрнэце пракацілася хваля інфармацыі пра «вынаходніцтва» брэсцкіх студэнтаў, якія стварылі ў сетках групу, дзе папярэджваюць пра дыслакацыю кантралёраў. Там не толькі студэнты, але ж у асноўным моладзь. Транспартнікі ўжо да кіраўнікоў ВНУ звярталіся, каб паўплывалі на нядобрасумленных пасажыраў. Але што ім прад'явіш? Яны ж не пішуць словамі з прамым сэнсам. Іх стасункі нагадваюць падпольную перапіску: «Кавалёўка чыстая, на Партызанскім яшчэ сядзяць». Хто сядзіць, невядома, альбо не будзеш пярэчыць, што мікрараён Кавалёва, асабліва ў раёне Вяслярнага канала, чысты. Пытаю ў сына-студэнта, ці належыць ён да гэтай групы. І атрымаўшы станоўчы адказ, здзіўляюся: «Навошта, ты ж з праязным ездзіш?» «Для прыколу», — адказвае. Так што ў групе колькасцю пад 25 тысяч інтэрнэт-карыстальнікаў не ўсе «зайцы», ёсць немалы працэнт «прыкалістаў». Не думаю, што ў сённяшніх студэнтаў няма рубля на праезд. Азарт, прыкормлены магчымасцямі сучасных высокіх тэхналогій, спакушае абысці законы і правілы. І не лепшым чынам спрыяе выхаванню будучага дарослага чалавека.

Можа, і невялікія парушальнікі гэтыя юныя «зайцы», але сёння — дармавы праезд, заўтра — спроба абысці закон у нейкім іншым месцы. Так нараджаецца прывычка. На жаль.

Чым, калі не прывычкай можна растлумачыць ледзь не маніякальнае імкненне членаў садаводчых таварыстваў вывальваць смецце побач з дачнымі масівамі? Што, яны законаў не ведаюць, альбо сродкаў не маюць, каб як след утылізаваць адходы? Літаральна ўчора валанцёры грамадскай арганізацыі «Час Зямлі» паказалі адразу за межамі горада ў прыродным заказніку і вельмі маляўнічай мясціне курган смецця, звалены ў яр. Адтуль вельмі цяжка прыбраць адходы, тэхнікай не падступішся. Яр, былы абарончы роў з дзотамі часоў пабудовы Брэсцкай крэпасці, прымыкае да садаводчага таварыства «Пагранічнік». Некалі ўчасткі атрымлівалі вартавыя мяжы, цяпер там усё перамяшана, перакуплена, адным словам, гаспадараць звычайныя гараджане памежнага з Еўропай горада.

Вось і выходзіць, што законы парушаюць адны ад сквапнасці і жадання сэканоміць, другія для прыколу, іншыя ад ляноты і недахопу культуры, а вынік падобны. У аднаго блогера прачытала: «Мы пераходзім на зялёнае святло не з павагі да закона, а найперш з павагі да сябе». Во і праўда, пакуль не навучымся ўсведамляць сябе часткай грамадства, складнікам якога з'яўляюцца законы, не пачнём паважаць сябе як частку соцыуму, так і будзем таптацца на месцы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».