Вы тут

Свая дарога


1

У першы дзень, калі пачынаюць выдаваць пенсію, у ашчадным банку надзвычай людна. Хоць некаторыя атрымальнікі, быццам апраўдваючыся за сваю паспешлівасць, услых разважаюць: «І навошта я прыйшла сёння? Можна было б і заўтра атрымаць пенсію, і паслязаўтра — тады б нікога тут не было, а я б з голаду не памерла: грошы, дзякаваць богу, яшчэ ёсць... Ды ўжо ж, відаць, натура такая: лепш яны дома няхай ляжаць, чым тут, у касе... Дык вось стаю і думаю: можа, і праўда, заўтра прыйсці?» Гляджу, бабуля, рашуча махнуўшы рукой, моўчкі выходзіць. Астатнія стаяць. Чарга пасоўваецца марудна. Бо, як на тое, нібы наўмысна, каб «пашчакатаць» нервы, некаму закарціць у дзень атрымання пенсіёну правесці аперацыю, напрыклад, каб падарыць свайму нашчадку пэўную суму грошай, а гэта займае немаленькі час. Чарга хвалюецца. «Шчодры» кліент банка адбіваецца: ат, будзеце тут! Мая справа — што хачу, тое і раблю!.. Быццам і мае рацыю, аднак калі задумацца, то ўсё ж тую аперацыю па ахвяраванні грошай сыну ці ўнуку — няважна каму — можна было б правесці і ў іншы дзень.

Чарга ўсё ж паволі рухаецца. Дзядуля, стомлена ўздыхаючы, прамакае насоўкай узмакрэлы лоб, прызнаецца:

— З кожным разам стаяць у чарзе ўсё цяжэй і цяжэй...

2

Пачуў, як у краме дзяўчынка, тузаючы маму за крысо паліто, канючыла:

— Хачу шакаладку! Хачу шакаладку!

Маці пэўны час адмоўчвалася, рабіла выгляд, што не чуе дачушку, а потым усё ж не вытрымала, спакойна сказала той:

— Мілая мая! Няма ў мамкі грошай на шакаладку. Ты верыш мне? Толькі на хлеб і малако. Вось атрымаю аванс на рабоце, тады куплю табе нават дзве шакаладкі. Пацярпі.

— Хачу шакаладку!..

Маці больш нічога не сказала, узяла за руку і павяла да касы.

І амаль адразу ж я пачуў, як іншая дзяўчынка папрасіла сваю маці, каб тая купіла ёй шакаладку.

— У цябе дома ёсць, — спакойна адказала маці.

— Так, у мяне ёсць, а вунь у той дзяўчынкі няма, — малая паказала пальчыкам на сваю равесніцу, якая ўсё яшчэ трымалася за крысо мамінага паліто.

— Добра, — пагадзілася мама і пагладзіла малую па галоўцы.

...Даўно я не бачыў дзвюх больш шчаслівых дзяўчынак, як у гэтай краме!

3

Галю ўсе ведаюць як добрую выдумшчыцу і весялуху. Без яе застолле не застолле. Без яе сварка не сварка. Адным словам, яна чалавек свой ва ўсіх адносінах. І хоць жыве ў горадзе, шмат часу бавіць у вёсцы — балазе, тая побач. Іншы раз запрашае да сябе на пікнічок сябровак, і тыя ахвотна пагаджаюцца. Ведаюць: там сумна не будзе. А калі едуць да яе, то, магчыма, па дарозе ўспамінаюць, як Галя, калі яшчэ хадзіла ў школу, паспявала бегаць і на спатканні...

Тады засядзелася яна з хлопцам на лаве, а тут і кароў пара выганяць на пашу: ражок пастуха праспяваў. «Ой! Мяне ж маці заб'е!» — схамянулася дзяўчынка. І, мякка ступаючы басанож па халодным пяску (чаравікі зняла, каб не абрасіць), пачала прабірацца да хаты. Каля самых веснічак знерухомела — маці давала прачуханку старэйшай сястры, якая таксама загулялася. «Вось Галка малайчына — спіць сабе дый спіць! А ты швэндаеш... няпутная!..» Куды б схавацца ад маці? У хату не пройдзеш. І тады яна — шась у баразну на бульбяніку, ляжыць і не дыхае: абы не ўбачыла маці. Доўга ляжала, скалела ўся, ажно дрыжыкі пачалі прабіраць, і тады блудніца не вытрымала ўсё ж — здалася: што будзе, таго не мінаваць. І як жа здзівілася маці, калі ўбачыла перад сабой на ганку такую мурзатую хвалёную дачушку. Толькі і здолела, што пляснуць рукамі: «Ды хоць бы вы хутчэй ужо замуж павыходзілі, валацугі!»

Такіх гісторый пра сябе Галя расказвала сяброўкам нямала. Цікава, чым гэтым разам яна здзівіць? І здзівіла! «Пачакайце!» — сказала і неўзабаве дастала з калодзежа, што на падворку... трохлітровы слоік агуркоў. «А цяпер пакаштуйце! У мяне там іх шмат, слоікаў. На ўсіх хопіць!»

Агурочкі былі проста цуд. Смачныя — не тое слова. Сапраўдная гаспадыня рабіла!

4

Калі б расказаў мне пра гэта хто іншы, я не паверыў бы. Але ж перада мной у цягніку (мы вярталіся з дачных участкаў) сядзеў дзядуля з акуратнымі вусікамі, у капелюшы і ў тэнісцы, на выгляд даволі інтэлігентны, і раз-пораз паглядаючы на жонку, казаў мне:

— Год колькі таму я пасадзіў грушу. Бэру. Сёлета ўпершыню дрэва дало плады. Васямнаццаць груш вырасла. Але вось бяда — вабяць яны прахожых, так і косяцца... Мабыць, думаюць: як бы сарваць адну-другую? Як бы сцібрыць? Праходзьце, міленькія, міма. Праходзьце, праходзьце! Не будзь ласы, як кажуць, на чужыя каўбасы. Правазіўся я, канешне, нямала, работа гэта нудная, асцярожнасць трэба захоўваць. Але свайго дамогся — кожную грушу прывязаў да галіны дроцікам. А? Паспрабуйце ўзяць! Дулю!..

Я глядзеў на свайго суразмоўніка і не мог зразумець: жартуе ці што? Каб не пацвердзіла пра грушы і дроцікі жонка, я ніколі б не паверыў, а дзеда інтэлігентнага выгляду палічыў бы не проста дзіваком — вар'ятам.

Але, як кажуць, кожнаму сваё...

5

Іван Анісімавіч жыве ў раённым гарадку. Доўгі час арганізоўваў ён не толькі для землякоў, але і для жыхароў суседніх раёнаў канцэрты, на якіх запрашаў даволі вядомых спевакоў. Меў поспех, нядрэнны заробак. Часта надоўга знікаў з гарадка. Кажуць, пашырыў свой бізнес, абслугоўвае аматараў канцэртаў не толькі ў сваёй краіне, але і ў іншых. Тут трэба прызнаць: гэта ён рабіць умеў, гэта была яго стыхія. Але надыходзіць той час, калі пара ісці і на адпачынак — гады, ды і сілы ў чалавека не бясконцыя.

Цяпер Іван Анісімавіч проста пенсіянер. А ўспомніў я пра яго не выпадкова — надоечы патэлефанаваў мне адзін артыст і распавёў: «Звоніць мне год назад Іван Анісімавіч, пытае: у цябе няма часам тэлефона спевака Званцова? Ёсць, кажу. Даў яму тэлефон. І што ты думаеш, учора патэлефанаваў мне той спявак Званцоў і кажа: «Вось ужо год чакаю, калі выйду на сцэну пасля абяцаных Іванам канцэртаў разам з Долінай!»

Пасмяяліся... Аднак крыўды на Івана Анісімавіча не затаілі, божа барані! Старыя ж футбалісты выходзяць на поле, каб пастукаць па мячы, то чаму не можа ўспомніць маладосць і арганізатар канцэртаў?..

6

Жыву на другім паверсе. Мой пісьмовы стол стаіць якраз насупраць акна, што выходзіць у двор. Двор — шырокі, прасторны; на ім толькі традыцыйная дзіцячая пляцоўка, з аднаго боку — шматпавярховік, а насупраць — школа і дзіцячы садок. Іншы раз адрываю позірк ад папер і камп'ютара, даю адпачыць, як кажуць, вачам і целу і тады гляджу на двор. Вунь ідзе знаёмая жанчына — яна шырока махае правай рукой і з цяжкасцю пераступае з нагі на нагу. Пасля інсульту стараецца хадзіць рэгулярна два разы на дзень, і так ужо на працягу некалькіх гадоў. Прымільгалася. Я здагадваюся, чаму жанчына з усяе сілы рассякае паветра рукой — дапамагае тулаву і назе. Неяк я, павітаўшыся, загаварыў з ёй. Не быў асабліва назойлівым, але тое-сёе выведаў. Пасля таго, як захварэла, жыве адна: муж сабраў манаткі і пайшоў да іншай, — трэба разумець, здаровай. Здрадзіў, адным словам, пакінуў жонку сам-насам з бядою. Што ж, на жаль, такія выпадкі нярэдкія.

Прымільгаўся і яшчэ адзін чалавек. У адрозненне ад жанчыны, крок у яго быў цвёрды, упэўнены. Хадзіў ён па двары ўзад-уперад, а то, сашчапіўшы рукі за спінай, апісваў кругі вакол дзіцячай пляцоўкі... І не стамляўся!

Хто ж ён такі, цікава? Падказалі: прапаршчык, нядаўна звольніўся і атрымаў кватэру ў суседнім доме. Параўнальна малады, здаровы — чаму ж не хадзіць, асабліва калі няма чым заняцца дома, бо дома... ляжыць паралізаваная жонка? Ён і ходзіць. Штодня... Іншы раз, заўважаю, гэтыя «хадакі», жанчына і мужчына, сустракаюцца, вітаюцца і ідуць сабе далей. Ніколі не бачыў, каб яны спыніліся і пагаманілі — у кожнага свая дарога...

А тут раптам прапаў з майго поля зроку той вайсковы пенсіянер. Няма і няма на двары. Мо з'ехаў куды? Ды не, кажуць знаўцы, тут усё даволі проста — у яго памерла жонка... Дачакаўся... Цяпер можна дома сядзець...

Васіль ТКАЧОЎ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.