Вы тут

Любімцы па жыцці — коні


Юнкары, увага!

Сёння мы працягваем публікацыю найлепшых «проб пяра» нашых юных і маладых няштатных аўтараў, якія паступілі на творчы конкурс. Падвядзенне яго вынікаў — справа найбліжэйшай будучыні, таму ўдзельнікам давядзецца яшчэ крышачку пацярпець і пахвалявацца. Мы ж са свайго боку раім аўтарам не марнаваць час у чаканні, а дасылаць свае творчыя работы ў «Чырвонку. Чырвоную змену» ўжо па-за конкурсам — як звычайныя журналісцкія матэрыялы. Такім чынам няштатнікі, якія збіраюцца паступаць на журфак, і карысны досвед атрымаюць, і ўласнае партфоліа папоўняць. Чакаем вашых «проб пяра»!


Ноч адступае... Вакол пануе сонная цішыня. Дзьме лёгкі ветрык, ранішні туман сцелецца над зямлёй. Свет замірае, быццам рыхтуецца да цуду. Вось ён, момант, калі загараецца сонца на ўсходзе. Яно ўсё больш выглядае з-за гарызонту. Дзесьці забрахаў сабака, рыпнулі дзверы, загучалі галасы людзей. І вось на золку з'яўляюцца сілуэты коней, якія купаюцца ў возеры...

Гэтая карціна з дзяцінства стаіць перад вачыма маладой жыхаркі Маладзечна Вікторыі Івановай. Дзіцячыя ўражанні запалі ў душу, і цяпер яе захапленне — коні, без якіх дзяўчына не ўяўляе свайго жыцця. Нават першым словам, якое яна сказала, было «і-га-га».

Седзячы зімовымі вечарамі каля печы, маленькая Віка з задавальненнем слухала бабуліны аповеды пра маленькіх конікаў. Залівіста смяялася, калі тая казытала босыя ножкі ўнучкі, прыпяваючы: «Кую-кую ножку, паеду ў дарожку. Дарожка крывая, кабылка кульгавая». А потым, калі прыязджалі бацькі, прасіла іх купіць ёй поні. У шостым класе дзяўчынку запісалі ў конную секцыю.

Школьныя гады прайшлі паралельна са спаборніцтвамі па пераадоленні перашкод на конях. Ад моцных фізічных нагрузак жаданне звязаць сваю будучыню з гэтымі жывёламі ў Вікторыі не прапала.

Цяпер, будучы ўжо дарослай і прыгожай дзяўчынай, яна не ходзіць па спа-салонах, як многія яе аднагодкі. Як толькі выдаецца вольная хвіліна, спяшаецца дадому: пераапранаецца, каб ехаць на канюшню. Там не патрэбныя нейкія асаблівыя ўборы. Цёплае адзенне, зручныя штаны, а галоўнае — ніякіх абцасаў. Вікторыя ездзіць у вёску Палачаны, месца, дзе адпачывае душой, дзе знайшла новых сяброў, якіх не купіш за грошы. Тут жыве знаёмая Вікі, вельмі добры і чулы чалавек Аксана Кірылюк. У жанчын шмат агульнага. Абедзве адмовіліся ад сумнага жыцця эканаміста і знайшлі радасць у стасунках з жывёламі. Аксана — адзіная жанчына-каваль у гэтай мясцовасці. Да таго ж у яе ёсць уласная конная ферма, на якой жывуць чатыры выдатныя скакуны: Говард, Галубіка, Геральдыка і Гетэборг. А Вікторыя дапамагае Аксане даглядаць іх.

Дзяўчыну з тонкай натурай, якая працуе фларыстам і прывыкла больш да творчай працы, нельга назваць беларучкай. Як гаворыцца, любіш ездзіць — любі і саначкі цягаць. Так і Віка — пагуляе з коньмі, але і пачысціць іх не адмаўляецца.

— Я іх шкадую, бо людзі бываюць несправядліва жорсткія, і гэта мяне вельмі кранае, — кажа наша гераіня.

У Вікторыі з жывёламі склалася пэўная духоўная сувязь. Аднойчы праз занятасць на працы дзяўчына доўга не з'яўлялася ў сваіх гадаванцаў. Самы малодшы з іх, жарабя Гетэборг, так сумаваў, што ў выніку пакрыўдзіўся і два тыдні не падпускаў да сябе. Вікторыя прызнаецца:

— Я вельмі шчаслівы чалавек, таму што тры-чатыры разы на тыдзень бачу сваіх любімцаў, і гэта прыносіць мне неверагоднае задавальненне.

Пра аўтара

— Знаёмыя праз мой невысокі рост называюць мяне Дзюймовачкай, — з гумарам прадстаўляе сябе 15-гадовая аўтарка. — Граю на фартэпіяна, захапляюся журналістыкай і люблю фатаграфаваць. Яшчэ мне вельмі падабаецца знаёміцца і камунікаваць з новымі цікавымі людзьмі. Настаўнікі лічаць, што я адказная і камунікабельная. У конкурсе «Я — малады. І мне не ўсё роўна!» удзельнічаю другі год.

У будучым Валерыя марыць стаць журналістам, таму стараецца зрабіць усё для ажыццяўлення сваёй мары.

Валянціна ТРУБАЧ, вучаніца 11 класа гімназіі №10 г. Маладзечна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».