Вы тут

Экалогія сумлення


Юнкары, увага!

Сёння мы працягваем публікацыю найлепшых «проб пяра» нашых юных і маладых няштатных аўтараў, якія паступілі на творчы конкурс. Падвядзенне яго вынікаў — справа найбліжэйшай будучыні, таму ўдзельнікам давядзецца яшчэ крышачку пацярпець і пахвалявацца. Мы ж са свайго боку раім аўтарам не марнаваць час у чаканні, а дасылаць свае творчыя работы ў «Чырвонку. Чырвоную змену» ўжо па-за конкурсам — як звычайныя журналісцкія матэрыялы. Такім чынам няштатнікі, якія збіраюцца паступаць на журфак, і карысны досвед атрымаюць, і ўласнае партфоліа папоўняць. Чакаем вашых «проб пяра»!


Як вядома, любая матэрыяльная рэч з цягам часу непазбежна ператвараецца ў адходы. Такім чынам, растуць горы смецця, звалкі наступаюць на гарады.

Праўда, апошнім часам сітуацыя пачала змяняцца. Усё больш двароў у гарадах забяспечваецца кантэйнерамі для розных адходаў. На жаль, у нас пакуль што культура іх раздзялення нізкая. Многія з цяжкасцю разумеюць, для чаго гэта трэба, але ёсць і неабыякавыя, такія, як Аня Шчарбакова, вучаніца 11 класа Ліцэя БДУ.

— З дзевяці гадоў езджу ў Італію на аздараўленне і бачу, як там усе збіраюць смецце асобна. Калі гэта зроблена няправільна, можна атрымаць штраф у 500 еўра, таму ў італьянцаў ёсць матывацыя. І я да такога падыходу прывыкла з ранняга ўзросту. Паступова прыйшло разуменне значнасці і неабходнасці такой справы. Вядома, што адна я не змагу змяніць сітуацыю, але, магчыма, іншыя ўбачаць мой прыклад і таксама паспрабуюць. Мне ж гэта прыносіць задавальненне, бо я дапамагаю прыродзе і людзям.

Аня далучылася да руху «Мэта-99». Як вынікае з назвы, намаганні гэтых неабыякавых людзей скіраваныя на сартаванне і перапрацоўку 99 працэнтаў адходаў. Чаму не 100? На сайце руху даецца просты адказ. «Таму што нікому не патрэбны прыгожыя лічбы, напісаныя на паперы».

— На жаль, нават калі на кантэйнеры пазначана, напрыклад, «пластык», часта туды зусім не яго складваюць. Таму на заводы для перапрацоўкі такія адходы я адвожу сама, а паперу пакідаю ў зялёных кантэйнерах, яны шмат дзе стаяць, — кажа Аня.

Нягледзячы на ўсе праблемы ў нашым грамадстве, звязаныя з асобным зборам адходаў, Аня настроена пазітыўна. Яна лічыць, што хутка большасць зразумее, наколькі гэта важна.

— Мне здаецца, што неўзабаве людзі пачнуць больш уважліва ставіцца да прыроды, з большым клопатам адносіцца да яе. Магчыма, многія далучацца да руху «Мэта-99», ці, напрыклад, як я, паедуць у Еўропу і ўбачаць, што там усе так робяць. Многія з нас хочуць жыць у еўрапеізаваным грамадстве, таму, думаю, яны будуць ствараць вакол сябе ўмовы, якія адпавядаюць такому грамадству.

Бясспрэчна, у рэаліях сённяшняга дня раздзельны збор смецця — гэта жыццёвая неабходнасць, шлях, па якім ідуць усе еўрапейскія краіны. Хочацца, каб гэта ўсвядоміла і моладзь нашай краіны.

Пра аўтара

Саму сябе Аляксандра лічыць вельмі цікаўным чалавекам. Гаворыць, што гэта ў яе яшчэ з дзяцінства, калі яна з 9 гадоў была запісана амаль ва ўсе школьныя гурткі. Цяпер 17-гадовая аўтарка захапляецца фатаграфіяй.

— Гэта ўплыў майго дзядулі, які ў маладосці таксама захапляўся фатаграфаваннем. Асабліва люблю чорна-белыя здымкі, мне здаецца, што ў іх ёсць штосьці незвычайнае і, разам з тым, утульнае, тое, што грэе душу, — кажа дзяўчына.

З выбарам прафесіі аўтарка пакуль яшчэ не вызначылася, але падумвае пайсці ў журналістыку, бо гэты занятак спалучае ўсё, што цікавіць Аляксандру.

Аляксандра СІВАКОВА, вучаніца 10 класа Ліцэя БДУ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.