Вы тут

Што яшчэ здымалі пра першадрукара?


1.Ігравое. У 1969 годзе Барыс Сцяпанаў зняў адзіны ў Беларусі ігравы фільм пра нашага вядомага суайчынніка. «Я, Францыск Скарына» — гэта гісторыкабіяграфічная стужка пра асветніка. Сюжэтная лінія адлюстроўвае некаторыя біяграфічныя звесткі славутага першадрукара: Скарына паступае ва ўніверсітэт, змяняе месцы жыхарства па ўсёй Еўропе, атрымлівае ступень доктара — здавалася б, нічога новага. Але неверагодна дынамічны сюжэт і выдатная акцёрская работа (дарэчы, ролі братоў Францыска і Івана Скарынаў выканалі Алег і Расціслаў Янкоўскія) ілюструюць, як гістарычная асоба становіцца сапраўдным культавым персанажам для сучаснікаў. Вядома ж, не абышлося і без натурных здымкаў Прагі, дзе жыў Францыск Скарына, — падарожжа гістарычнае, лірычнае, геаграфічнае і асобаснае вылілася ва ўнікальны аповед пра жыццё і каханне першадрукара.

2.Дакументальнае. На студыі «Летапіс» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» стужка пра першадрукара была знятая яшчэ на сыходзе савецкай эпохі. У 1989 годзе на экранах з’явіўся «Францыск, сын Скарынін». Гэтым фільмам Станіслава Гайдука рыхтаваліся адзначыць юбілей — 500-годдзе з дня нараджэння Францыска Скарыны. Фільм вялікі па хронаметражы — 60 хвілін. Сцэнарый Алеся Петрашкевіча, рэдактар — Уладзімір Мароз. Гэтая стужка эпічная і біяграфічная. Здымачная група спраўдзіла экспедыцыю па месцах, якія тычацца асобы першадрукара: былі і ў Падуі, і ў Вітэнбергу, дзе Скарына, магчыма, сустракаўся з Марцінам Лютэрам, у Кёнігсбергу, Празе, Вільнюсе, Кракаве. Стужка давала ўяўленне пра геаграфію жыцця Францыска Скарыны.

Тая ж ідэя была ў аснове зусім новага дакументальнага фільма «Францыск Скарына. Чалавек свету», які ажыццявіў Алег Лукашэвіч у рамках праекта «Шляхамі Скарыны з Белгазпрамбанкам».

3.Анімацыйнае. Да нядаўняга часу ў беларускай анімацыі не было стужкі пра Скарыну. Але малады мультыплікатар Глеб Куфцерын прысвяціў першадрукару анімацыйную апытанку, якая стала лейтматывам скарынаўскіх праектаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і газеты «ЛіМ».

Дарэчы, аўтар ужо звяртаўся да тэмы культуры ў сваёй творчасці: на сёлетнім «Лістападзе» ў нацыянальнай конкурснай праграме ўдзельнічала стужка Глеба Куфцерына «Шэкспір. Тут». Яго выказванне пра Скарыну — гэта збор меркаванняў людзей, якіх кожны з нас бачыць на вуліцах. Гэта падкрэсліваюць дакументальныя кадры: анімацыйныя персанажы існуюць ва ўмовах рэальнага асяродка. Усе маюць нейкае ўяўленне пра першадрукара і могуць падзяліцца ім у адказ на пытанне: «А хто для вас Францыск Скарына?». Героі фільма ўзгадваюць і помнік асветніку ў Полацку, і яго ўнёсак у друкарскую справу, разважаюць пра сімвалізм асобы для краіны.

— Ідэя стварэння роліка нарадзілася дзякуючы намесніку дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесю Сушу, — удакладняе Глеб Куфцерын. — У культуры і медыя персона Скарыны выглядае надта забранзавелай, і амаль няма лёгкіх і вясёлых выказванняў пра яго, якія б краналі любога чалавека. Адсюль абраныя сродкі: рэальнае апытанне на вуліцах, героі якога заменены маляванымі персанажамі. Такі падыход мне дазволіў пэўныя свавольствы: уключыць у апытанне нават самога Скарыну. У выніку пацвердзілася маё адчуванне, што кожнаму беларусу ёсць што сказаць пра Францыска Скарыну.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.