Вы тут

Па-за часам


Некалькі тыдняў таму «Беларусьфільм» прадставіў дакументальную стужку «Першадрук» — прысвячэнне асобе і справе, што мы атрымалі дзякуючы асобе.


Кадр з фільма «Першадрук» (рэж. І. Чышчэня).

Якое сёння ўяўленне пра Францыска Скарыну? Першадрукар такі, як на партрэтах у надрукаваных ім жа кнігах (а гэта было з’явай беспрэцэдэнтнай!). Прыгожы, у берэце, з пяром у руцэ, а вакол — кнігі ды сімвалы. Між іншым, тое, што мы прымаем за берэт, насамрэч таксама магло б быць сімвалам: ёсць гіпотэза, што гэта павязка, якую асветнік зняў з вачэй, атрымаўшы Божую мудрасць і пазнаўшы свет.

Ці глыбока мы разумеем Скарыну і што ведаем пра яго апроч агульнай інфармацыі? Стваральнікі фільма «Першадрук» — рэжысёр Ігар Чышчэня, сцэнарыст Уладзімір Мароз і аператар Аляксандр Акавіцкі — вырашылі адхіліцца ад візуальных увасабленняў, наогул спрабавалі не згадваць вобраз Скарыны: усё ў стужцы пабудавана на пачуццёвым успрыманні асветніка і яго справы. І хоць імя першадрукара лунае ў паветры, а яго помнікі і выявы можна сустрэць у гарадах, якім Скарына прысвяціў пэўныя адрэзкі свайго жыцця, асноўны акцэнт стваральнікі фільма зрабілі на кнізе.

Так, спачатку было Слова. Скарына гэтае Слова зрабіў справай жыцця — ціснуў кнігі для свайго народа на роднай мове. Складана ацаніць гэтую працу з пункту гледжання людзей XVI стагоддзя, але для нашых сучаснікаў яго справа неацэнная. А магчыма, і дагэтуль недаацэненая. Пры тым, што шмат у якіх пытаннях культурны кантэкст існуе па-за часам (у дачыненні да Беларусі). Напрыклад, Біблія, выдадзеная Скарынам, не мела дабраславенняў ні адной з цэркваў: кніга выдавалася для ўсіх вернікаў. Яшчэ ў тыя часы Скарына разумеў, што галоўнае — яднанне людзей праз Бога, і, напэўна, прадчуваў, што яго радзіма можа наблізіцца да мірнага суіснавання хрысціян розных канфесій (магчыма, бачыў наперад). Дарэчы, кананічнага перакладу Бібліі (зацверджанага царквой) на беларускую мову ў нашай краіне няма дагэтуль, але Новы Запавет павінен быць надрукаваны сёлета — у перакладзе аднаго з герояў фільма «Першадрук» мітрафорнага протаіерэя Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора і кандыдата багаслоўя айца Сергія Гардуна, які працягвае традыцыю Скарыны цяпер.

Праз неверагодныя пейзажы Полацка, Прагі, Кракава, Вільнюса мы трапляем не ў гісторыю, а ў сучаснасць. Тое, што мы бачым на экране, паказана ў запаволенай здымцы, але няма адчування, што вяртаешся ў ХVI стагоддзе. Гарады, дзе калісьці жыў Скарына, плённа развіваюцца, але памятаюць крокі першадрукара: і Карлаў мост, і плошча Кракава, і вуліцы Полацка і Вільнюса. Для іх, магчыма, Францыск Скарына — чалавек з гісторыі. Але не для нас. Пейзажы, муры і нават атмасфера еўрапейскіх цэнтраў нагадваюць беларусам, наколькі выбітная і таленавітая асоба прагнула развіцця нашай зямлі. Хочацца адчуць сябе на месцы першадрукара? Вось друкарскі варштат, які аднавіў гісторык і даследчык Уладзімір Ліхадзедаў. Каб паглыбіцца ў гісторыю асобы, варта пачуць думкі кандыдата культуралогіі і намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алеся Сушы. Каб адчуць каштоўнасць кнігі, трэба пазнаёміцца з загадчыкам аддзела рэдкіх кніг Расійскай нацыянальнай бібліятэкі Мікалаем Нікалаевым. Атрымаць усё і адразу дазваляе якраз «Першадрук»…

Здаецца, мы атрымалі дакументальнае кіно, якое можна не толькі паказваць на школьных уроках гісторыі, але і зрабіць рэкламай цывілізацыйных дасягненняў беларусаў. Кажуць, што час нашмат мудрэйшы за памяць: ён захоўвае не толькі дакладна, але і аб’ектыўна. «Першадрук» у гэтым сэнсе — нібыта час. Тут няма поўнай біяграфіі першадрукара і гэта не даведнік па працы Скарыны. Але ёсць нешта нашмат больш каштоўнае: кожны глядач, убачыўшы, як хістаюцца ад ветру аркушы з толькі што надрукаванымі роднымі словамі, зразумее ўсю веліч асобы, вядомай нам яшчэ са школьных гадоў. Асобы, што існуе па-за часам.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Ігар Чышчэня, рэжысёр:

— Я не спрабаваў паказваць жыццёвы шлях Францыска Скарыны, таксама не раскрываў яго як асобу. Для мяне самым галоўным было прадэманстраваць значнасць дасягненняў гэтага дзеяча не толькі для яго часу, але і для сучаснасці. Менавіта таму і назва датычыць першай кнігі, а не чалавека. Асоба першадрукара, напэўна, была на другім плане. Зрэшты, цяжка вызначыць, які план першы, а які — другі. Мне заўсёды здаецца, што знятая стужка атрымліваецца менавіта такой, якой я яе ўяўляў. А пасля, калі пачынаеш узгадваць дэталі задумы, разумееш, што кіно зусім іншае, але ў «Першадруку» амаль усё супала: прынамсі, настрой і дух фільма менавіта такі, якім я хацеў бачыць. У стужцы, сцэнарый да якой піша не сам рэжысёр, вельмі важна зразумець задуму аўтара і знайсці з ім агульную мову, таму трэба, каб кіно ў выніку задаволіла ўсіх стваральнікаў. Калі рыхтаваўся да здымак, вельмі шмат чытаў: гэта былі і кнігі пра Скарыну, і кнігі пра Сярэднявечча — пра паляванне на вядзьмарак, пра алхімікаў і манахаў, вядома, кнігадрукаванне. З усяго прачытанага асабліва адзначу «Галактыку Гутэнберга». Менавіта па гэтым творы я зразумеў значэнне вынаходніцтва кнігадрукавання для свету, убачыў, як яно фарміравала нацыі, — гэта самае вялікае і неверагоднае ўражанне. Першапачаткова мы не збіраліся ствараць пастаноўку, цвяроза суаднеслі сцэнарый, бюджэт і магчымасці, таму ў фільме шмат пейзажаў: хацелі зрабіць кіно не толькі якасным, але і вытанчаным, каб быў заўважны тэлепорт у гісторыю, у мінуўшчыну.

Уладзімір Мароз, сцэнарыст:

— Калі я чытаў пра Скарыну перад здымкамі, то знайшоў адзін факт, пра які не ведаў: калі хтосьці збіраўся абараніць доктарскую ступень у Падуанскім універсітэце, трэба было ўлічваць тую сістэму: камісіі з 15-16 прафесараў кандыдат павінен заплаціць пэўную суму грошай і зрабіць фуршэт, што каштавала вялікіх выдаткаў. У дакуменце, што пацвярджаў атрыманне Скарынам доктарскай ступені ў Падуанскім універсітэце, адно са слоў было перакладзена як «бедны». А як гэта можа быць, калі Скарына вытрымаў «іспыт» банкетам? Да таго ж трэба было на нейкія грошы друкаваць кнігі. Гэты факт яшчэ раз засведчыў: нельга глядзець на мінуўшчыну з пазіцыі сённяшняга дня.

Падчас здымак уяўленне пра Скарыну не змянілася, але я зразумеў, што мы недаацэньваем тое, што маем, у прыватнасці справу і постаць асветніка. Гэта асоба з разраду геніяў — і па справе, па светаадчуванні. Галоўная думка, якую я хацеў пранесці ў фільме, — што Скарына сваім выданнем Бібліі заклікаў хрысціян да адзінства: нідзе не было пазначана, для якой канфесіі гэтая кніга, таму што выданне было «для люду простага». Мне падалося вельмі дарэчным змясціць у стужку эпізод з храмам пад Докшыцамі, куды ходзяць маліцца каталіцкія і праваслаўныя вернікі. Гэты эпізод зусім не выпадковы, у ім гаворыцца пра яднанне людзей, пра жыццё ў любові. Напэўна, Скарына яшчэ тады адчуваў гэтую асаблівасць беларускай зямлі і імкнуўся паспрыяць таму, каб людзі любілі адзін аднаго, ядналіся незалежна ад веравызнання. Пасля працы над фільмам я ўсвядоміў больш яскрава, што мы яшчэ ў часы Скарыны жылі ў еўрапейскай прасторы, — і не толькі жылі, а нават ішлі ў першых шэрагах. У тым ліку дзякуючы перакладу Бібліі першадрукара. Моцны акцэнт у фільме быў зроблены на кнігу, але я б сказаў, што гэта кіно пра моц духу, пра нас у тыя часы. І ёсць з каго браць прыклад. Не трэба гаварыць пра справу Скарыны як пра гісторыю, бо яна працягваецца і сёння.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».