Вы тут

Міхаіл Фінберг: "Кранае да слёз... "


Гэтымі днямі, на пачатку чэрвеня, цэнтрам культурнага жыцця становіцца Маладзечна.


Пайшло ўсё з 1993 года, калі ўпершыню адбыўся Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне. Грандыёзны эмацыянальны ўздым, што перажыў адзін горад, распаўсюдзіўся на ўсю Беларусь, якая зрабіла адкрыццё: цудоўныя ў нас песні — ад цёплых матчыных да прыгожых твораў на словы класічных паэтаў, што ўжо сталі хітамі, але ж і сучасныя можна спяваць усёй краінай. Галоўнае, каб яна ведала і разумела: побач з намі жывуць творцы — паэты і кампазітары, — якія ў песні могуць выкласці тыя думкі і пачуцці, якімі людзі жывуць цяпер. Выкласці зразумела, на роднай мове, праз блізкую мелодыю ды інтанацыю. Беларуская песня можа гучаць шырока ў радыёэфіры і ў канцэртах тэлебачання, што пацвярджалі тады трансляцыі канцэртаў галоўнага песеннага фестывалю па галоўным канале айчыннага тэлебачання…

Час прайшоў. Маладзечна ўсё так жа працягвае рабіць фестываль, які мае статус нацыянальнага. Здавалася б, малы жанр — песня, але сапраўды яркая мелодыя ў спалучэнні са словамі здольная западаць у душу, круціцца ў думках, даючы чалавеку ментальныя арыенціры. І нават лёгкая, здавалася б, папулярная песня можа стаць стратэгічным рэсурсам у фарміраванні нацыянальнай культурнай прасторы. Пацверджана неаднойчы песнямі, створанымі на словы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Адама Русака... А што цяпер? Ці з’яўляюцца ў нас новыя шлягеры на беларускай мове, якія можна спяваць усёй краінай? Няўжо, каб іх пачуць, трэба ехаць у Маладзечна?

Сёлета асноўны акцэнт у Маладзечне зроблены на асобах паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа: адзначаецца 135 гадоў з дня нараджэння беларускіх класікаў. Пра асаблівасць праграмы сёлетняга фестывалю распавядае яго мастацкі кіраўнік, галоўны дырыжор Нацыянальнага канцэртнага аркестра, народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг.

— Міхаіл Якаўлевіч, вы не першы раз прысвячаеце праграмы нашым выдатным паэтам Янку Купалу і Якубу Коласу. У чым адметнасць той, што прагучыць са сцэны маладзечанскага амфітэатра сёння?

— Ганаруся, што змог падрыхтаваць праграму «Купала і Колас. Вы нас гадавалі». Гэта праграма, якая яшчэ засведчыць: Беларусь мае цудоўных класікаў у паэзіі, якія вельмі тонка адчувалі радзіму, разумелі мары і клопаты сваіх землякоў. Таму праграму «Купала і Колас. Вы нас гадавалі» рыхтавалі сур’ёзна. Я шчаслівы, што ў нашым агульным ансамблі разам з салістамі, выканаўцамі будуць працаваць выдатныя беларускія артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы: народны артыст Беларусі Віктар Манаеў і маладая актрыса Валянціна Гарцуева. Манаеў, на мой погляд, — выдатны беларускі артыст, які цудоўна ведае Купалу, можа на памяць дэкламаваць шмат вершаў (яны яму блізкія), глыбока адчувае гэтую паэзію. А як ён валодае гукам! Таксама і Валянціна Гарцуева. Яны адразу адгукнуліся на маю просьбу. Кранаюць да слёз гэтыя словы. Я ўсцешаны, што атрымалася праграма, на якую трэба сур’ёзна звярнуць увагу.

Гэта хутчэй музычны спектакль. Аснова — драматургічнае дзеянне, якое эмацыянальна падкрэсліваюць песні. Кожная з гэтых песень — цудоўны твор. У нас высокапрафесійныя аранжыроўкі. Да таго ж песні выконваюцца прафесійнымі спевакамі. Хвалююся, што канцэртная праграма на вольным паветры, але, якое б ні было надвор’е, мы ўсё зрабілі ад сэрца.

У праграме 23 песні, 90 працэнтаў — новыя творы. Адзін з аўтараў — кампазітар Ігар Палівода. Музыка, якая не гучыць нідзе, таму што ёсць аўтарскія правы, ёсць спадкаемцы. Але наш аркестр набыў гэтыя песні. У іх ёсць філасофія: калі Палівода пісаў, укладваў у музыку адчуванне таго часу. Акрамя таго, шэраг новых твораў напісаў кампазітар Эдуард Зарыцкі. З ім мы працавалі шмат гадоў. Цяпер стварылі праграму на словы Рыгора Барадуліна, якая будзе адкрываць наш новы канцэртны сезон.

— Зноў зварот да класікі. Пры тым, што песні на словы Купалы і Коласа шырока гучалі раней, некаторыя з іх ужо жывуць не адно дзесяцігоддзе. Ці гатовыя нашы кампазітары пісаць сучасныя песні на іх вершы? Ці могуць іх вершы гучаць сучасна ў песнях?

— Янку Купалу і Якуба Коласа лічу вельмі сучаснымі паэтамі. У іх словах настолькі глыбокі сэнс, закладзена нават парадыгма беларускага жыцця, што вызначыла яго сэнс на мінулае стагоддзе, і, можа быць, мы дагэтуль не асэнсавалі і не рэалізавалі ўсё, на што былі здольныя і што павінны былі зрабіць, каб умацавацца як нацыя. Яны вызначылі рух, патлумачылі, навошта: людзьмі звацца. Я адразу адчуваю, што я нарадзіўся ў Беларусі і што жыву ў Беларусі. Мой тата так казаў. Мой тата гаварыў па-белауску. І рос з гэтай мовай: калі прыехаў у Мінск, то вельмі вылучаўся па гаворцы. Ужо потым штуршок да ўдасканалення і моўную практыку мне даў Караткевіч. З Караткевічам я працаваў, калі ён ужо моцна хварэў, але пісьменнік тлумачыў, як важна пры выкананні песень правільна вымаўляць ці доўжыць гукі: беларуская мова спеўная, гэта трэба ўмець перадаць.

Дзякуючы стасункам з нашымі паэтамі я шмат што зразумеў. Калісьці Генадзь Бураўкін мне сказаў: калі хочаш быць беларускім музыкантам, то павінен палюбіць беларушчыну. Я так і рабіў усё жыццё. У нашым калектыве ўсе ўзгадаваныя такім поглядам. Артыстывакалісты — прафесіяналы, многія маюць званні лаўрэатаў. Яны разумеюць, што павінны слова даносіць дакладна, каб яно кранала, каб пасля канцэрта людзі неслі яго з сабой. Мы падрыхтавалі 38 праграм на словы беларускіх паэтаў: Янка Купала і Якуб Колас (тройчы), Максім Багдановіч, Адам Міцкевіч, Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін...

— Праграмы гэтыя прагучаць аднойчы ў канцэртах, але ці ёсць магчымасць да іх вяртацца — праз тэлебачанне, запісы?

— ...Мы робім сваю справу. І спадзяёмся, што нацыянальны прадукт павінен быць запатрабаваны ў сваёй краіне. Але атрымліваецца, што нашы праграмы на словы айчынных паэтаў — адзінкавы прадукт (хоць гэта і не вельмі добрае слова ў дачыненні да творчасці), што можа прагучаць толькі ў жывым выкананні. У нас было шмат адметных праграм, якія не выклікалі цікавасці ў тэлебачання. Але калі мы ездзім з канцэртамі па Беларусі, адчуваем, што людзям гэта патрэбна. Праграма павінна жыць сваім жыццём. Яна павінна гучаць у розных гарадах і буйных паселішчах, і мы з задавальненнем едзем да людзей: усе грама-дзяне Беларусі павінны мець магчымасць далучацца да сваёй культуры. Для нас не існуе гарадоў маленькіх ці вялікіх. Памятаю адзін канцэрт з праграмай на словы Адама Русака: прыйшлі жанчыны, па руках бачна, што спрацаваныя. Такія рукі былі ў маёй мамы… Але жанчыны сабраліся ўсе як на свята — з фрэзурамі, нафарбаванымі вуснамі. Нават вышыванкі апранулі. А як падпявалі нам! Я зразумеў, наколькі гэта сур’ёзна для людзей. Несур’ёзна ставіцца да гэтага нельга. Але такую працу трэба рабіць сумесна: патрэбны добры паказ па тэлебачанні, эфіры на радыё.

— Дзеля таго, каб быў працяг, каб моладзь спявала свае песні, у рамках фестывалю ў Маладзечне ладзіцца конкурс маладых выканаўцаў. Ці будуць сёлета адкрыцці імёнаў?

— Другі год запар нам удалося знайсці маладых выканаўцаў, якія прыехалі на фестываль паказаць сябе. Яны не ўсе роўныя па ўзроўні, але імкнуцца спяваць толькі беларускі рэпертуар. Узнікла праблема з-за абмежавання выконваць пэўныя песні. Хоць мне падаецца, што ў нашых умовах трэба ганарыцца, што людзі па ўсёй Беларусі ведаюць і гатовыя спяваць песні. Але некаторым творам мы знайшлі замену. Конкурсны канцэрт атрымліваецца, і гэта сур’ёзная частка фестывалю. Таму што больш нацыянальных конкурсаў маладых выканаўцаў у нас няма. Асаблівую адказнасць яны адчуваюць менавіта таму, што выступаюць на сцэне нацыянальнага фестывалю ра-зам з нацыянальным аркестрам. І разважаюць над тым, што спяваюць.

Вось у такія моманты я адчуваю, што ўсе гэтыя гады працаваў нездарма. Калі мы толькі пачыналі прасоўваць беларускую песню, ніхто не верыў, што ў гэтым кірунку ёсць перспектыва, бо ўсё ж мы былі вельмі залежныя ад расійскага і рускамоўнага песеннага фону. Цяпер гэта не выклікае ўсмешкі. Доўгае жыццё гэтага фестывалю — таму пацверджанне. Сёлета даволі разнастайная праграма: паэтычная частка, тэатральная, папулярная песня, адзін з канцэртаў рыхтуе ансамбль «Сябры».

— Вы робіце асобныя праграмы, прысвечаныя не толькі паэтам, але і беларускім кампазітарам, злучаеце іх творчасць са слухачамі. Ці ёсць плён, бо музыка ўсё ж сур’ёзная, акадэмічная?..

 — Я б хацеў адзначыць, што такі канцэрт будзе і ў рамках фестывалю ў Маладзечне, які больш скіраваны на папулярную музыку. Канцэрт беларускай акадэмічнай музыкі ладзіцца ў будынку музычнай школы. Мы падрыхтавалі музыку розных кампазітараў: у Беларусі вельмі цікавая кампазітарская школа, пра што мала хто ведае. За апошнія гады мне ўдалося паглыбіцца ў гэтую музыку. У Маладзечне гучаць творы Мікалая Аладава, Льва Абеліёвіча, Генрыха Вагнера ды інш... Гэта вельмі сур’ёзная і высокага ўзроўню музыка, якую смела можна выконваць у любой кропцы свету. Нядаўна сыгралі канцэрт Галіны Гарэлавай, магутнага сучаснага кампазітара. Чаму яе творы не гучаць там, дзе павінны гучаць? А яна ж піша для нашых сучаснікаў, пра наша адчуванне свету. Значыць, гэта музыка для ўсіх. Таму яшчэ адзін канцэрт у рамках фестывалю арганізаваны ў пасёлку Чысць для сельскага гледача.

Безумоўна, ёсць праграмы кампазітараў іншых краін, на якія ёсць попыт. Напрыклад, цяпер да «Славянскага базару» рыхтуем канцэрт на музыку Аляксандра Зацэпіна. Так, гэта пазнавальная, папулярная песня. Але з сур’ёзнымі праграмамі нас таксама выдатна прымаюць. Таму не спыняемся працаваць у гэтым кірунку.

Напрыклад, сёлета адначаецца 125-годдзе з дня нараджэння Мікалая Аладава. Яму прысвяцім аўтарскі вечар. Выхаванец ленінградскай школы, быў вельмі адораным чалавекам. Якая інтанацыя... Уласцівая таму часу. Леў Абеліёвіч, прадстаўнік еўрапейскай кампазітарскай школы, скончыў кансерваторыю ў Варшаве. Па ўзроўні — гэта наш Шастаковіч. Толькі імя Шастаковіча на слыху, пра яго цікава распавядаюць, а пра Абеліёвіча гавораць сціпла. У нашай культуры столькі багацця: не толькі Уладзімір Мулявін, праграму якому мы прысвяцілі летась. Колькі цудоўных канцэртаў магло б атрымацца, каб гэтым больш актыўна займаліся нашы тэатральна-канцэртныя арганізацыі. Лічу, што беларусам трэба рабіць свята, нават калі яны і не здагадваюцца, якое адкрыццё чакае.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».