Вы тут

Праект вучня са Слуцка заваяваў трэцяе месца на міжнародным конкурсе


Праект «Смартфон новага пакалення АіrРhоnе» адзінаццацікласніка са слуцкай сярэдняй школы №11 Уладзіслава Гадалава заваяваў трэцяе месца на міжнародным конкурсе навукова-даследчых праектаў для школьнікаў Іntеl Іntеrnаtіоnаl Sсіеnсе аnd Еngіnееrіng Fаіr 2017 у Лос-Анджэлесе.


Каманда юных даследчыкаў з Беларусі — пераможцаў конкурсу Bеlаrus Sсіеnсе аnd Еngіnееrіng Fаіr — пяты раз прывозіць прызы і дыпломы з гэтага прэстыжнага конкурсу. Сёлета ўдзел у інтэлектуальных спаборніцтвах прынялі больш за 1 700 школьнікаў з 78 краін свету. Прызавы фонд конкурсу складае не менш як 3 мільёны долараў. На сусветным фінале праекты ацэньваюць больш як 1200 членаў журы, прызнаных прафесіяналаў у сваіх сферах, у тым ліку і лаўрэаты Нобелеўскай прэміі, а таксама вядучыя супрацоўнікі кампаніі Іntеl і многіх іншых кампаній і агенцтваў. Колькасць наведвальнікаў конкурсу перавышае 10 тысяч чалавек штогод.

Уладзіслаў прывёз у ЗША смартфон новага пакалення АіrРhоnе, галоўная перавага якога заключаецца ў рабоце прылады праз аддалены доступ, што стварае высокую ступень бяспекі і адкрывае новыя ўнікальныя магчымасці. Свой праект ён рыхтаваў пад кіраўніцтвам школьнага настаўніка інфарматыкі Уладзіміра Жука. Акрамя дыплома 3-й ступені, работа хлопца была адзначана таксама спецыяльным прызам карпарацыі Оrасlе — найбуйнейшага вытворцы праграмнага забеспячэння ў свеце, пастаўшчыка сервернага абсталявання. Два гады таму Уладзіслаў таксама быў фіналістам Іntеl ІSЕF, а яго праект «Сістэма бяспекі Аrtеmіs Wеb Sесurіtу» атрымаў спецыяльны прыз ад найбуйнейшага ў свеце рэгістратара даменных імёнаў GоDаddу.

Беларусь у Лос-Анджэлесе прадстаўляла таксама вучаніца 10-га класа гімназіі №1 з Жодзіна Аляксандра Кахавец. Дзяўчына прэзентавала журы сваё даследаванне «Сумнік як перспектыўная сыравіна для нацыянальнай фармакалогіі і энергетыкі».

Арганізатарамі конкурсу Bеlаrus Sсіеnсе аnd Еngіnееrіng Fаіr выступаюць Парк высокіх тэхналогій, упраўленне адукацыі Мінскага аблвыканкама, Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі і карпарацыя Іntеl. У 2017 годзе на рэспубліканскі конкурс было прадстаўлена больш як 137 навуковых і інжынерных работ навучэнцаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. У фінал выйшлі 48 работ.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Два «выстралы» без промахаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?