Вы тут

Марафон пахудзення


Ёсць у беларусаў традыцыя — худзець да лета. Абанементы на фітнес у гэты час разлятаюцца, як гарачыя піражкі ў студэнцкім буфеце, а яблыкі і агуркі становяцца самымі запатрабаванымі прадуктамі. А вы не задумваліся: чаму худзець даводзіцца да кожнага лета? Чаму нельга гэта зрабіць раз і назаўсёды?


Знаёмы нядаўна падзяліўся разважаннямі. Ёсць дзве мадэлі паводзінаў: заходняя (папулярная ў нас), дзе галоўнае — мэта, і ўсходняя, дзе важны сам працэс. Дык вось калі справа датычыцца прыгожага цела, лепш прытрымлівацца апошняй. Статыстыка толькі пацвярджае гэту тэорыю. Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця нядаўна назвала краіны з самай вялікай колькасцю жыхароў з атлусценнем. Лідарам рэйтынгу сталі ЗША: 38 працэнтаў амерыканцаў маюць праблемы з залішняй вагай. А найменшы працэнт (усяго толькі 3,7) грамадзян з атлусценнем — у Японіі.

Краіна ўзыходзячага сонца ўвогуле наватар у сферы фітнесу. Пра метад «табата» чулі? Заняткі па гэтай методыцы доўжацца ўсяго чатыры хвіліны. А яшчэ ў Японіі ёсць фітнес для... немаўлят (кліентам можна стаць ужо ў паўтарамесячным узросце).

З іншага боку, не той клімат у нас, каб дазволіць сабе ўвесь год быць худым. (Жарт у тэму: «Паглядзім яшчэ, што за лета. Можа, не варта худзець».) Зімой без лішніх кілаграмаў у мароз не вытрымаеш. Дый дыетолагі раяць у халодны час года ўключаць у меню сытныя і тлустыя стравы. Можа, не ў такой колькасці, як мы гэта робім, але... А выйсці на прабежку ў дождж і вецер хто адважыцца? Гэта вам не сонечнае марское ўзбярэжжа. Жылі б мы каля акіяна, таксама, магчыма, кожную раніцу пачыналі б з фізкультуры.

А вось як толькі пацяплела, самы час прыгадаць, што актыўны лад жыцця — гэта не толькі кароткія перабежкі ад канапы да халадзільніка і назад. Тым больш магчымасцяў вакол нас — безліч. Варкаўт спрабавалі? У парку імя Марата Казея ў Мінску якраз амаль штодзень праводзяць трэніроўкі пад кіраўніцтвам інструктараў. У будныя дні (акрамя панядзелка і серады) з 18.00, у выхадныя — з 15.00.

Бясплатныя трэніроўкі прапануе міжнародная фітнес-супольнасць Nіke+ Traіnіng Club. Аматараў спорту чакаюць па нядзелях. Адзінае — патрэбна папярэдняя рэгістрацыя. Каб не «праспаць» яе, лепш падпісацца на навіны супольнасці: месцы ў зале расхопліваюць за 10 хвілін!

У трэнажоркі летам, дарэчы, ёсць свой плюс. Будзе, дзе памыцца, калі адключаць гарачую ваду. А што, добрая матывацыя — два тыдні без гарачай вады абяцаюць стаць самымі спартыўнымі ў годзе.

Калі сілавыя трэніроўкі і бег — гэта не ваша, а быць зграбным хочацца, можна проста часцей адпраўляцца на шпацыр. Каб заставацца здаровым, у дзень рэкамендуюць праходзіць 10 тысяч крокаў. У сярэднім гэта каля пяці-сямі кіламетраў. Не абавязкова пераадольваць іх за раз. У інтэрнэце мужчына падзяліўся вынікамі свайго эксперымента. Спачатку ён правёў працоўны дзень з мінімумам рухаў: рэдкія паходы да кабінета начальніка, ліфт, вечар за камп'ютарам. У выніку — пяць тысяч крокаў. На другі дзень ён дадаў зарадку, шпацыр у абед і перад сном, а ліфт замяніў прыступкамі. Усяго толькі. За суткі атрымалася 11 тысяч крокаў. Так што быць актыўным кожны дзень цалкам рэальна.

Ёсць яшчэ добрая навіна для дзяўчат, якія мараць сесці на шпагат. Лета — ідэальны час для заняткаў стрэтчынгам. Бо ў цёплы час (і пасля добрага адпачынку) мышцы расцягваюцца лепш.

Удзяліце расцяжцы хоць бы 10 хвілін тры разы на тыдзень — і ў канцы жніўня адчуеце сябе гімнасткай.

Калі ж да гэтага лета пахудзець не паспелі — не адчайвайцеся. Далучыцеся да «марафона» ў наступным годзе. Паверце, удзельнікаў меней не стане. Бо ўсходняя філасофія — добра, але свае традыцыі мацнейшыя.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.