Вы тут

...І — кропка! Аголеная...


Памятаеце адно з першых тэлевізійных рэаліці-шоу «Апошні герой»? Гэта калі на трапічны востраў высаджвалі адабраных удзельнікаў, у тым ліку «зорак», а здымачная група «непрыкметна» сачыла за іх жыццём. «Вішанькай на торце» тэлевізіёншчыкі раз-пораз падавалі карцінку — «пятую кропку» ў бікіні, а то і аголеную — якой-небудзь вядомай асобы жаночага полу, знятую быццам бы выпадкова, строга-сакрэтна, так бы мовіць. («У сацыяльных сетках лёгка вылічыць дзяўчат, якія мараць, каб іх любілі за багаты ўнутраны свет, а не за знешнасць. Яны звычайна фатаграфуюцца аголенымі».) Якія ж мы тады былі наіўныя! («З узростам стаў пагаджацца з адмоўнымі героямі ў фільмах».) Не, усё выглядала дастаткова арганічна: акіян, пляж, пальмы, акругласці...


Але за апошні час многія «зоркі» (і не толькі) пераўтварылі сваю філейную частку з «вішанькі» ў самы сапраўдны «торт», які «корміць». Не грашыма, дык піярам. («Пакаленне, якое хадзіла зімой без шапак, нарадзіла і выхавала пакаленне, якое ходзіць зімой у шапках, але... без шкарпэтак».) Зараз кожны сам сабе рэжысёр і сам сабе апошні герой... Часам нават складваецца ўражанне, што ўменне і гатоўнасць прадэманстраваць на людзях «пятую кропку» — гэта вяршыня нашай эвалюцыі. Ці вянец глупства? («Мазгі ёсць ва ўсіх, проста не ўсе разабраліся з інструкцыяй».)

Мадэль і прафесійны ігрок у покер выправілася ў падарожжа па ЗША і выкладвае свае правакацыйныя фота на лоне прыроды ў сеціве. Прычым, здымаецца яна па большасці ў запаведных месцах, часам небяспечных для турыстаў. Але ж якое вялікае жаданне сфатаграфавацца ў ніжняй бялізне, у купальніку ці без яго! Вядома, у «выгадным святле» выставіўшы «пятую кропку»! («Хочаце ўявіць сабе жаночы мозг? Адкрыйце адначасова 2 785 укладак у браўзеры... І больш ніколі не закрывайце!») Мадэль здымаецца ў небяспечнай блізкасці ад краю скалы, побач з гарачымі і кіслотнымі крыніцамі, на фоне дзікіх жывёл... Што цікава, афіцыйна мадэль не абвінавачваюць у незаконным пранікненні на закрытую для турыстаў тэрыторыю запаведніка, аднак улады заклікаюць думаць найперш пра ўласную бяспеку, а не пра ідэальны кадр. А, можа, проста не перашкаджаюць ёй атрымаць цалкам заслужаную Прэмію Дарвіна? («Таленавітыя людзі таленавітыя ва ўсім. З хворымі на галаву тая ж гісторыя...»)

Мадэль мужчынскага часопіса сфатаграфавалася аголенай на свяшчэннай гары ў Новай Зеландыі, павярнуўшыся да фатографа той самай «кропкай». Сама дзяўчына свае паводзіны праявай непавагі да народа маары не лічыць. Маўляў, пад'ём на вышыню яе так натхніў, што яна вырашыла зліцца з прыродай. І гэта далёка не адзіны прыклад такога «зліцця». («Абвінавачваць мяне ў тым, чаго я не здзяйсняў, значыць, даць мне ідэю».) У Італіі мужчына на вачах соцень людзей кінуўся галышом у славуты фантан. Дагэтуль у Малайзіі голых турыстаў ледзьве не аддалі пад суд: месцічы палічылі, што сваімі паводзінамі тыя... выклікалі землятрус. Але чацвярых з іх усё ж асудзілі за зневажальныя паводзіны. («Я засвоіў гадоў з пяці глыбіню такой маралі: калі складана самому сысці, зрабі так, каб цябе прагналі».)

Нядаўна і расійская спявачка Глюкоза «ў тэме» адзначылася. Ну, памятаеце, якая некалі свой хіт прысвяціла менавіта філейнай частцы цела? «Танцуй, Расія, і плач, Еўропа, а ў мяне самая, самая, самая прыгожая. Опа». У сеціве расіянка выклала фатаграфію... Правільна, сваёй «опы» без бялізны, прыкрытай толькі мокрай кашуляй, і нешта там пажартавала пра надвор'е. Ці ў ім была справа? («Проста я люблю, калі мяне любяць. Ну вельмі мне гэта падабаецца. Выдатная рэч. Увогуле ўсім рэкамендую — любіце мяне».) А за цаной, як той казаў, не пастаім.

Што зноў жа нядаўна пацвердзіла 22-гадовая мадэль «руская Кім Кардаш'ян», вядомая ў тым ліку сваімі выпукласцямі. (Амерыканскі «арыгінал», нагадаем, у роўнай ступені славіцца скандаламі і памерам «пятай кропкі».) Папарацы заспелі дзяўчыну на пляжы, фатаграфіі хутка распаўсюдзіліся ў сеціве. На іх бачна, што гэта самая звычайная дзяўчына, у якой ёсць праблемы са здароўем. (« — Дзяўчына, у вас выдатныя зубы! — Чаму вы так лічыце? Я вам ні разу не ўсміхнулася! — З дрэннымі зубамі такую філейную частку не наясі».) А хаваць іх, як гэта часта бывае, дапамагае фоташоп. (« — Я думала, вы не выпісваеце штрафы прыгожым дзяўчатам. — Так і ёсць. Распішыцеся тут».)

Магчыма, у тым ліку і гэтыя прыклады паспрыялі з'яўленню ў інтэрнэце новага трэнда: бэлфі — фатаграфій... аголеных ягадзіц. Акаўнт ужо налічвае каля 200 тысяч падпісчыкаў. Афіцыйны дэвіз праекта: «Зрабіць свет больш шчаслівым пры дапамозе... Распаўсюджваць любоў». Пазіруюць звычайныя дзяўчаты, маладыя людзі, цэлыя кампаніі. На фоне гістарычных помнікаў, у дамашняй абстаноўцы... (« — Іншымі словамі, табе і праўда напляваць на тое, што пра цябе думаюць іншыя? — Не зайздросць!»)

...Таму ў тым, што адбылося на «Еўрабачанні», калі глядач з той самай аголенай кропкай выскачыў на сцэну, мабыць, была свая схаваная логіка, якая нарэшце праявілася такім простым «відовішчным» чынам. «А песня брэменскіх музыкантаў «Мы да вас прыехалі на час, а ну хутчэй любіце нас» — яна дакладна пра музыкантаў?»

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?