Вы тут

Адзін дзень з найлепшай у краіне маладзёжнай цягніковай брыгадай


...Апоўдні ў суботу за некалькі соцень метраў ад чыгуначнай станцыі «Магілёў-1» ідзе звычайна нябачная для пасажыраў работа: на вагонным участку завяршаецца падрыхтоўка рэйса па маршруце Магілёў—Львоў. Састаў мыюць вадой, тэхнікі аглядаюць хадавую частку, у вагоны загружаюць свежую бялізну, прадукты харчавання. Тым часам у адным з «плацкартаў» начальнік пасажырскага цягніка Алеся РАБЫЧЫНА праводзіць планёрку з маладзёжнай цягніковай брыгадай, якую зусім нядаўна прызналі найлепшай у краіне. Карэспандэнты «Чырвонкі. Чырвонай змены» праехалі па маршруце разам з ёй і распыталі пераможцаў пра нюансы прафесіі.


Калі вагоны яшчэ пустыя

«Як самаадчуванне? Як прайшлі выхадныя? Не забудзьцеся праверыць тэмпературу ў вагонах, на кожнай станцыі аглядайце салон на наяўнасць пабочных прадметаў», — настройвае праваднікоў на працоўны лад начальнік цягніка. Планёрка — працэдура абавязковая. Трэба разам з камісіяй праверыць гатоўнасць вагонаў, ці адпавядае форма адзення патрабаванням, даведацца пра стан здароўя праваднікоў. Нагадаць падначаленым пра абавязкі ніколі не будзе лішнім.

Пасля кароткага інструктажу і пытанняў праваднікі разыходзяцца па сваіх вагонах. Аформіць вітрыны са спажывецкімі таварамі, запоўніць дакументы — усё гэта трэба зрабіць загадзя.

Састаў тым часам чапляюць да лакаматыва і падаюць на платформу. Члены брыгады апранаюць уніформу і выходзяць сустракаць першых пасажыраў.

Алеся Рабычына ў дзяцінстве марыла стаць урачом, бо хацела дапамагаць людзям. Першую адукацыю атрымала па спецыяльнасці «псіхолаг» у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. А. Куляшова. Прыйшла працаваць у санаторый чыгуначнікаў «Дубравенка» педагогам-арганізатарам і выхавацелем. Потым перавялася на Магілёўскі вагонны ўчастак, дзе адвучылася на спецыяльных курсах пры рэзерве праваднікоў. Пасля атрымала вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту, што ў Гомелі. Сем гадоў таму стала выканаўцам абавязкаў начальніка цягніка — падмяняла калег, якія знаходзіліся на бальнічным ці ў адпачынку. Калі было вырашана стварыць маладзёжную брыгаду для абслугоўвання маршрута Магілёў — Львоў, яе кіраўніком прызначылі Алесю.

— Я кантралюю ўсё, што адбываецца з саставам падчас руху, — расказвае суразмоўца. — Пры ўзнікненні любых праблем праваднікі і электрамеханік звязваюцца са мной. Асабліва гэта датычыцца пытанняў ад пасажыраў. Я павінна дасканала ведаць усе правілы, каб адразу ж даць адказ са спасылкамі на афіцыйныя дакументы. Ды і па тэхнічнай частцы начальнік павінен быць «падкаваны» ідэальна. Любыя затрымкі ўплываюць на бяспеку руху, таму мне трэба быць у курсе ўсяго, што адбываецца з саставам, хутка рэагаваць на нестандартныя сітуацыі.

Універсальны праваднік

У хуткім часе старонніх традыцыйна просяць пакінуць вагоны, і састаў адпраўляецца. Праваднікі правяраюць у пасажыраў білеты, запаўняюць паперы, а затым апранаюць фартухі — час прапаноўваць гарбату.

— Наша работа — гэта быць майстрам на ўсе рукі, — смяецца праваднік Марына ЦІБЕКІНА. — Трэба быць адначасова і прадаўцом, і тэхнікам (разбірацца ва ўстройстве вагона), і медыкам, і апальшчыкам, і прыбіральшчыкам, і трохі псіхолагам. Сама я родам з Крычава, працую на чыгунцы з 18 гадоў, калі скончыла Гомельскі дзяржаўны прафесійны ліцэй чыгуначнага транспарту. Такую прафесію выбрала, бо праваднікамі працавалі мае бацькі і бабуля. У чым галоўная складанасць? Гэта работа з людзьмі, пасажыры трапляюцца розныя. Нехта можа, напрыклад, сесці выпіваць у плацкартным вагоне, што катэгарычна забаронена, і не рэагаваць на заўвагі. У такіх выпадках выклікаем начальніка цягніка. Іншыя не звяртаюць увагі на правілы перасячэння мяжы. Здараецца, іх нават здымаюць пагранічнікі. Адзінае выйсце — шукаць падыходы да кожнага чалавека, хоць часам гэта вельмі цяжка.

— Безумоўна, праца не з лёгкіх, асабліва для дзяўчат, — гаворыць Марына. — Трэба разумець, што за тры дні, якія мы правядзём у камандзіроўцы, нават магчымасці нармальна прыняць душ не будзе. Карыстаемся бойлерам: змешваем гарачую і халодную ваду, каб умыцца. Калі прыязджаем у Львоў, адпачываем у вагонах, бо пакідаць іх нам нельга. Адлучыцца ў горад можна толькі замест адпачынку на сон, калі цябе падмяняюць калегі, ды і тое з дазволу начальніка пасля запісу ў спецыяльным журнале. Але я рада, што выбрала такі шлях. Не паверыце, больш за ўсё люблю ў рабоце момант, калі ёсць вольная хвілінка і можна проста паглядзець у акно, паназіраць за прыродай — за два гады работы мне гэта не надакучыла!

Вугалёк для печкі

З тым, што работа правадніка больш падыходзіць мужчынам, цяжка не пагадзіцца. Фізічнай працы тут вельмі шмат. Так, саставы, якія ідуць па неэлектрыфікаваных участках чыгункі, дагэтуль ацяпляюцца пры дапамозе вугальнай печкі — яе трэба паліць. Узімку абавязковая працэдура — збіццё наледзі з падвагоннага абсталявання. Робіцца гэта незалежна ад надвор'я і часу сутак. Але сярод праваднікоў брыгады толькі адзін хлопец — Яўген КАРНІЛАЎ. Працаваць сюды ён прыйшоў у 2010 годзе, таксама пасля заканчэння Гомельскага ліцэя. Над будучай прафесіяй доўга не разважаў: магіляўчанін — чыгуначнік ужо ў пятым пакаленні.

— Брыгада ў нас выдатная, да гэтага працаваў на іншых рэйсах, таму мне ёсць з чым параўноўваць, — кажа Яўген. — Увогуле, работа шмат чаго мне дала. На першым месцы — уменне сябе кантраляваць і весці дыялог з самымі рознымі людзьмі. З намі займаецца псіхолаг, які вучыць правільна камунікаваць і вырашаць канфлікты. Усё ж залежыць ад дробязяў — недзе трэба правільна трымаць рукі, недзе прысесці побач, а не стаяць над чалавекам. Гэта моцна дапамагае і па жыцці. Цяжкасці? У асноўным, бытавыя — усе ведаюць, як стамляешся падчас падарожжаў, а для нас гэта штодзённая работа. Хапае і папяровай працы, нават выдача бялізны і продаж гарбаты падлягаюць строгай справаздачнасці.

Па словах хлопца, аб'ём работы залежыць яшчэ і ад сезона. Найбольшая загружанасць у рэйса на навагоднія святы і ў сярэдзіне лета — тады састаў можа складацца амаль з двух дзясяткаў вагонаў, кожны з якіх запоўнены пад завязку. У такіх выпадках пра вольныя хвіліны няма чаго і думаць. Кожнаму з пасажыраў трэба ўдзяліць час, а патрабаванні бываюць самыя розныя...

На думку Яўгена, брыгада перамагла ў конкурсе, бо «каманда» разам не толькі на рабоце. Па яго словах, супрацоўнікі шмат стасуюцца адно з адным і калі пакідаюць вагоны: ездзяць разам адпачываць у санаторыі, перыядычна выбіраюцца на прыроду. Не забываюцца і на дабрачыннасць. Так, нядаўна ўдзельнікі брыгады наведвалі Дом дзіцяці ў Магілёве, перадавалі выхаванцам падарункі ад чыгуначнікаў.

Сакрэт у людскасці

У састаў брыгады ўваходзяць начальнік, электрамеханік і праваднікі — усяго 11 чалавек. Свой адбітак на іх работу накладвае міжнародны статус цягніка. Першая адметнасць — працягласць рэйса трое сутак з улікам дня ў Львове, які разлічаны на адпачынак. Пасля гэтага — тры выхадныя, і цыкл паўтараецца. Перасячэнне цягніком мяжы адбіваецца на правілах перавозкі пасажыраў (адрозніваюцца, напрыклад, умовы транспарціроўкі жывёл, ручной паклажы і іншае).

— Чаму менавіта нас прызналі найлепшымі? — перапытвае Алеся Рабычына. — Відаць, абышлі канкурэнтаў па асноўных паказчыках. Кожны квартал мы здаём справаздачу па выніках нашай працы. Там зафіксавана абсалютна ўся інфармацыя пра работу брыгады: колькі падзяк ці скаргаў прывезлі з рэйсаў, колькі грошай зарабілі на продажы тавараў і паслуг, як выконвалі правілы тэхнікі бяспекі і аховы працы, наколькі былі пунктуальнымі і многае іншае. Яшчэ ўлічваецца ўдзел у спартыўных, культурна-масавых мерапрыемствах. А увогуле, мяркую, галоўнае, што нас характарызуе як брыгаду, — гэта чалавечнасць. Яшчэ на першай сустрэчы я ўсім сказала, што працаваць буду толькі з тымі, хто ставіцца да пасажыраў па-людску. Можа, у гэтым і ёсць наш сакрэт.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Мінск — Магілёў — Мінск

Загаловак у газеце: Каманда на колах...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».