Вы тут

Як прафсаюзу ўдаецца заставацца актуальным для новых пакаленняў?


Забеспячэнне сацыяльных гарантый навучэнскай моладзі, другасная занятасць студэнтаў, арганізацыя адпачынку і аздараўлення, падтрымка студэнцкіх сем'яў, маладых педагогаў, інфармацыйная дзейнасць і многія іншыя пытанні аказаліся ў цэнтры ўвагі міжнароднага семінара «Прафсаюз і моладзь — мы разам. Разам — у будучыню!», які сабраў у Мінску кіраўнікоў прафсаюзаў адукацыі і навукі з 17 краін: Балгарыі, Грузіі, Літвы, Украіны, Азербайджана, Арменіі, Бельгіі, Сербіі, Румыніі, Турцыі і іншых... Удзел у яго рабоце прыняла таксама дырэктар Еўрапейскага камітэта прафсаюзаў адукацыі спадарыня С'юзан Флокен.


Свя­та «Ві­ват, сту­дэнт БДУ — 2016»

Студэнт, праблемы?

Факт, які ўразіў бадай што ўсіх міжнародных удзельнікаў сустрэчы, — у Беларусі членствам у прафсаюзе ахоплены 95% студэнтаў ВНУ.

— Мы запрасілі да сябе гасцей, каб паказаць, як працуем і як жывём, нікому нічога пры гэтым не навязваючы. У Еўропе прафсаюзны рух — магутная сіла, але наш вопыт працы менавіта з моладдзю здаўся многім цікавым. Кожны чацвёрты член Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі — студэнт, — падкрэслівае старшыня Цэнтральнага камітэта Аляксандр БОЙКА. — У чым наш сакрэт? Напэўна, у актуальнасці для новых пакаленняў... Моладзі ўласцівая мабільнасць, ініцыятыўнасць, успрымальнасць да інавацыйных змен, здольнасць супрацьстаяць сучасным выклікам. Таму мы працуем пад дэвізам «Арганізацыю павінны бачыць». Пры Беларускім прафсаюзе работнікаў адукацыі і навукі створаны Маладзёжны савет, які акумулюе перспектыўныя ідэі і прапановы па рэалізацыі маладзёжнай палітыкі і агучвае праблемы навучэнскай і працоўнай моладзі.

Прафсаюз адукацыі фактычна суправаджае студэнцкую моладзь з моманту яе паступлення ва ўніверсітэт і да атрымання першага працоўнага месца. А педагогі застаюцца пад нашым крылом і далей. Моладзі прысвечаны цэлы раздзел у пагадненні паміж Міністэрствам адукацыі і галіновым прафсаюзам. Ён, як скарбонка, папаўняецца штогод усё новымі і новымі нормамі.

Студэнцкі прафсаюз — унікальная арганізацыя, якая дзейнічае ў інтарэсах студэнтаў і мае магчымасць гаварыць на роўных як з кіраўніцтвам універсітэта, так і са студэнтамі. А яго правы і паўнамоцтвы нарматыўна ўрэгуляваныя ў пагадненнях з установамі адукацыі.

— Фактычна ніводнае пытанне, якое датычыцца студэнтаў, не вырашаецца без уліку меркавання студэнцкага прафкама, — пацвярджае старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Белдзяржуніверсітэта Вольга ЛОКЦЕВА. — Нашы прадстаўнікі ўваходзяць ва ўсе ўніверсітэцкія камісіі, дзейнасць якіх закранае пытанні арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу і стыпендыяльнага забеспячэння, сацыяльныя і жыллёва-бытавыя пытанні. Мы маніторым работу пунктаў грамадскага харчавання, умовы пражывання студэнтаў. Удзельнічаем у распрацоўцы правілаў унутранага распарадку ў інтэрнатах, палажэнняў аб засяленні студэнтаў у інтэрнаты, у размеркаванні месцаў. Адлічэнне навучэнцаў — членаў галіновага прафсаюза ці прыцягненне іх да дысцыплінарнай адказнасці таксама не дапускаецца без узгаднення з прафкамам студэнтаў...

На першы погляд, незразумела, навошта ўзгадняць з прафкамам расклад заняткаў? Тым не менш там, дзе ён узгадняецца, незадаволеных раскладам менш, бо дзейнічае рэальны механізм уліку інтарэсаў студэнтаў. А ці патрэбныя працяглыя перапынкі паміж заняткамі для арганізацыі харчавання? Гэта таксама прафсаюзнае пытанне. Бяруцца пад увагу і якасць гандлёвага абслугоўвання, і асартымент у гандлёвых кропках і пунктах харчавання, і рэжым іх працы — каб яны заставаліся даступнымі ў тым ліку для студэнтаў, якія вучацца ў другую змену. Прыкладна раз у месяц студэнцкі прафкам сустракаецца з адміністрацыяй універсітэта, каб агучыць праблемныя пытанні, што ўзнімаюцца студэнтамі.

Кожны першакурснік, які прыехаў вучыцца ў Мінск з іншага горада, скажа вам, што паступіць у сталічную ВНУ — толькі палова справы. Абсалютна шчаслівым чалавекам можна адчуць сябе толькі ў тым выпадку, калі атрымаеш у студэнцкім інтэрнаце дах над галавой. Асабліва калі табе пашанцуе трапіць у Студэнцкую вёску... Дарэчы, менавіта студэнтам БДУ пашчасціла першымі засяліцца туды. Сёння забяспечанасць месцамі ў студэнцкіх інтэрнатах (а іх у Белдзяржуніверсітэце дзевяць) дасягае амаль 80 працэнтаў. Студэнцкая вёска сёння — гэта восем інтэрнатаў з сучаснай кватэрнай планіроўкай (сваёй кухняй, санвузлом і душавой), спартыўны комплекс «Лядовы каток», стадыён, яслі-сад «Крошкін дом» на 75 месцаў, філіял 33-й студэнцкай паліклінікі, бясплатнае стаматалагічнае аддзяленне... Прычым цэны за пражыванне ў студэнцкіх інтэрнатах вельмі дэмакратычныя: у інтэрнатах першай катэгорыі плата за пражыванне складае для студэнтаў ВНУ ўсяго 1,2 базавай велічыні. Да таго ж аднолькавую суму плацяць як студэнты бюджэтнай формы навучання, так і студэнты-платнікі. Калі браць прыклады іншых краін, то ў Грузіі ўсе інтэрнаты ВНУ аддадзены ў камунальны фонд. У Літве інтэрнаты ўвогуле не запоўнены, паколькі там ніхто не хоча плаціць 100% за камунальныя паслугі і студэнту больш выгадна здымаць кватэру. Толькі адзін штрых: у 2008 годзе забяспечанасць жыллём студэнтаў была выключана з сацыяльных стандартаў Балонскага працэсу...

Пад­час ІІІ Мінск­ага ма­ла­дзёж­на­га фес­ты­ва­лю пе­да­га­гіч­ных ідэй і ра­шэн­няў на­стаў­ні­кі пра­па­ноў­ва­лі па­час­та­вац­ца спа­ге­ці з пра­ліў­но­га даж­джу, дэ­сер­там «11 га­доў ву­чыў, а ўсё роў­на ні­чо­га не па­мя­таю» і ад­біў­ной «Слё­зы на­стаў­ні­ка».

Стымулы для маладых педагогаў

Многіх замежных гасцей зацікавіў вопыт падтрымкі маладых педагогаў, які прэзентавала старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса ВОЛКАВА.

Штогод у армію сталічных педагогаў уліваецца ад 700 да 800 выпускнікоў педагагічных спецыяльнасцяў. Але праблема іх замацавання на першым працоўным месцы па-ранейшаму актуальная. Няхай яна і не стаіць так востра, як яшчэ тры-чатыры гады таму, калі ў галіне заставаліся толькі 44—45% ад агульнай колькасці (сёння гэты паказчык дасягае 60 працэнтаў), тым не менш далёка не ўсе выпускнікі педагагічных спецыяльнасцяў звязваюць сваю будучыню са школай. Нехта спрабуе пасля заканчэння адпрацоўкі па размеркаванні самарэалізавацца ў тых сферах, дзе плацяць больш, дзе працоўны дзень строга рэгламентаваны, а выхадныя дні можна прысвяціць уласнай сям'і...

— Пытанняў у маладых спецыялістаў, якія прыступаюць да працы, заўсёды ўзнікае шмат, — канстатуе Ларыса Волкава. — Напрыклад, усіх без выключэння цікавіць, як фарміруецца тарыфная стаўка? Ад якіх фактараў залежыць іх заработная плата? Ці можна паўплываць на яе памер? Таму спецыялістамі нашай сацыяльна-эканамічнай службы быў распрацаваны ўніверсальны аўтаматычны анлайн-разлік стаўкі (акладу) для асобных груп работнікаў устаноў адукацыі сталіцы. Яго можна знайсці на сайце гаркама прафсаюза. Пры распрацоўцы мы пастараліся ўлічыць найбольш частыя пытанні і вострыя моманты, звязаныя з налічэннем заробку. Кожны малады спецыяліст можа зайсці, унесці свае індывідуальныя звесткі і пракантраляваць, ці правільна яму налічваецца заробак. Калі разлікі не супадаюць, педагогі тэлефануюць нам, просяць дапамагчы разабрацца, хто і дзе дапусціў памылку. Больш за тое, з бухгалтэрый нам таксама тэлефануюць, каб праверыць дакладнасць сваіх разлікаў...

Трэба заўважыць, што ў сталіцы ўстаноўлены штомесячныя даплаты маладым спецыялістам у памеры адной базавай велічыні на працягу двух гадоў пасля заканчэння тэрміну працы па размеркаванні. Пры заключэнні кантрактаў для маладых спецыялістаў прадугледжаны заахвочвальныя дадатковыя дні адпачынку.

Калі ж наймальнік «забывае» пра тыя ці іншыя выплаты, напрыклад пра «пад'ёмныя» маладым спецыялістам і выплаты спецыялістам, якія прыбылі на працу ў Мінск з іншай мясцовасці, у справу ўмешваюцца прафсаюзы...

Даволі востра стаіць для маладых педагогаў і праблема з жыллём. У Мінску пакуль дзейнічае толькі адзін інтэрнат для маладых педагогаў, прычым толькі для тых, хто яшчэ не мае сям'і. Але па даручэнні старшыні гарвыканкама месцы для педагогаў могуць выдзяляцца ў інтэрнатах прадпрыемстваў-шэфаў. Зараз вядуцца перамовы пра будаўніцтва ў сталіцы жылога дома для педагогаў. «Улады нас чуюць і шукаюць шляхі, каб вырашыць гэту праблему», — запэўнівае Ларыса Волкава.

Традыцыйнымі сталі і сустрэчы спецыялістаў прафсаюза восенню з маладымі педагогамі «Ці лёгка быць маладым?», падчас якіх апошнім тлумачаць, як правільна павінны быць аформлены працоўныя адносіны, расказваюць аб правах, абавязках і гарантыях для маладых спецыялістаў, умовах атрымання кваліфікацыйнай катэгорыі, ад якой таксама залежыць заробак.

Не так даўно з падачы Маладзёжнага савета Мінскай гарадской арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі вырашылася пытанне аб адтэрміноўцы ад службы ў арміі для маладых выкладчыкаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі...

Добрым спосабам падтрымаць настаўнікаў-пачаткоўцаў у сталіцы лічаць прафесійныя конкурсы педагагічнага майстэрства, бо іх пераможцы маюць права на пазачарговае атрыманне кваліфікацыйнай катэгорыі. У маладых педагогаў у горадзе ёсць шмат магчымасцяў, каб сябе праявіць. Адна з іх — штогадовы конкурс «Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі», дзе для старшакурснікаў педагагічных спецыяльнасцяў прадугледжана намінацыя «Педагагічны дэбют», а для педагогаў са стажам працы не больш як тры гады — намінацыя «Мы — маладыя». Да таго ж такія конкурсы ўплываюць як на якасць адукацыі, так і на імідж педагогаў у грамадстве.

Падчас асенніх канікул у гарадскім адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Лідар» пад Мінскам праходзіць традыцыйны адкрыты Мінскі маладзёжны фестываль педагагічных ідэй і рашэнняў. Патрабаванняў да мінімальнага прафесійнага стажу на фестывалі не вызначана, таму стаць яго ўдзельнікамі могуць і зусім юныя педагогі з двухмесячным вопытам работы, якія толькі-толькі прыступілі да яе.

Свят­ка­ван­не Мас­ле­ні­цы — адзін з пра­ек­таў  пра­фка­ма БДУ. Рэк­тар Бел­дзярж­уні­вер­сі­тэ­та Сяр­гей Аб­ла­мей­ка пя­чэ блі­ны для пе­ра­мож­цаў кон­кур­саў...

Паважаная прафесія... у Фінляндыі

Дырэктар Еўрапейскага камітэта прафсаюзаў адукацыі С'юзан Флокен падкрэслівае: «Адукацыя — гэта зона нацыянальнай адказнасці, а шырокія правы педработнікаў і асяроддзе навучання — ключ да якаснай адукацыі. Дзейнасць прафсаюзаў заўсёды была своеасаблівым выклікам, асабліва на фоне скарачэння бюджэтаў на адукацыю».

Па словах С'юзан, амаль што ва ўсіх еўрапейскіх краінах прафесія настаўніка перастала быць прыцягальнай. Выдаткі на сферу адукацыі падаюць, адпаведна зніжаецца і ўзровень заробкаў. Педагогі адчуваюць моцны ціск з боку бацькоў сваіх выхаванцаў. Шмат часу ім даводзіцца траціць на падрыхтоўку да заняткаў. Мужчыны ў пачатковай і сярэдняй школе становяцца выключэннем. Гэта таксама адно з наступстваў зніжэння прэстыжу ў грамадстве прафесіі педагога. Калі не прапанаваць мужчыну добрую зарплату, то ён будзе шукаць спосабы для сваёй самарэалізацыі ў іншым месцы. Крыху больш мужчын працуе ў вышэйшай школе, а таксама ў кіраўніцкай сферы, дзе больш высокі ўзровень заробкаў. «Мы падтрымліваем ідэю, што выкладанне ў школе — гэта і мужчынская прафесія, — кажа С'юзан Флокен, — арганізуем мерапрыемствы, якія павінны прыцягнуць мужчын у адукацыйную сферу. На парадку дня стаіць таксама павелічэнне колькасці жанчын, што задзейнічаны на кіраўніцкіх пасадах».

Фінляндыя — адна з нешматлікіх еўрапейскіх краін, дзе моладзь ахвотна ідзе ў педагогіку. Пры адборы будучых спецыялістаў там звяртаюць увагу не толькі на акадэмічную паспяховасць прэтэндэнтаў, але і на іх маральна-псіхалагічныя якасці, без якіх педагог не можа адбыцца. Перад прыняццем ва ўніверсітэт усе будучыя педагогі праходзяць спецыяльнае інтэрв'ю, падчас якога высвятляецца іх гатоўнасць навучацца, крытычна мысліць, аперыраваць інфармацыяй, матывацыя да настаўніцкай работы, стаўленне да дзяцей: як чалавек праявіць сябе ў той ці іншай сітуацыі, як ён будзе рэагаваць на магчымую крытыку з боку навучэнцаў ці іх бацькоў, як будзе паводзіць сябе з так званымі «цяжкімі» вучнямі. Дарэчы, толькі 8 працэнтаў найлепшых выпускнікоў педагагічных спецыяльнасцяў становяцца ў выніку педагогамі — перш, чым трапіць на педагагічную пасаду, іх чакае сур'ёзны конкурс. У Фінляндыі педагогі лічацца аднымі з самых адукаваных, прафесія настаўніка — адной з самых паважаных і запатрабаваных, а прадстаўніцтва мужчын складае 40—50 працэнтаў ад агульнай колькасці педагогаў...

Для даведкі: Еўрапейскі камітэт прафсаюзаў адукацыі з'яўляецца рэгіянальнай структурай Інтэрнацыянала адукацыі (глабальнай федэрацыі прафсаюзаў настаўнікаў і работнікаў сістэмы адукацыі) і прадстаўляе на гэты момант інтарэсы 11 мільёнаў работнікаў дашкольнай, агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай, прафесійнай і вышэйшай адукацыі з 49 краін.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: У чым яго сакрэт?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».