Вы тут

«Васіль Цёркін» на памяць


Ад абітурыента-1991 — абітурыенту-2017


«Памятаеш, як паступалі на журфак?» — настальгіравала па тэлефоне сяброўка, якую лёс закінуў за тысячы кіламетраў ад Мінска. Яшчэ б не памятаць! Лета 91-га выдалася гарачым не толькі для нас — для ўсёй вялікай краіны, якая дажывала тады апошнія месяцы. Але што нам было да таго, калі ўсё жыццё было наперадзе! І што з таго, што конкурс тады на факультэт быў сем чалавек на месца, а ў вясковай школе і слова такога не чулі — рэпетытар. Амбіцыйныя, упэўнена-спалоханыя дзеці перабудовы, мы ў цемнаватых халодных калідорах старога ўніверсітэцкага корпуса знаёміліся, жартавалі, спрачаліся. Заходзілі ў аўдыторыю, бы на апошні бой, цягнулі білет, прыгадвалі ўсё, што ведалі, прыдумвалі, чаго не ведалі (пра ЦТ тады і чуць не чулі, усе экзамены, акрамя сачынення, здавалі вусна). Радаваліся поспехам новых сяброў, спачувалі тым, хто выходзіў з іспытаў са слязьмі на вачах. Пачыналі дарослае жыццё і шлях у прафесію з простых чалавечых зносін, з паўтарэння завучаных у школьнай супольнасці ісцін, важных ва ўсе часы. Знаходзілі сяброў на ўсё жыццё, з якімі і праз чвэрць стагоддзя на адлегласці ў тысячы кіламетраў можна ўспомніць, як паступалі ва ўніверсітэт...

Экзамены тады былі складаныя — толькі руская мова і літаратура «ў адным флаконе» чаго вартыя былі! — і здавалі мы іх адны, бо бацькам нашым асабліва было не да нас. Яны з самай раніцы займалі чэргі каля ўнівермагаў, пісалі на далонях парадкавы нумар у чарзе, чакалі, калі што-небудзь «выкінуць». Што менавіта «выкінуць» — не ведаў ніхто, але хапалі ўсё, што паступала ў продаж (у нашай краме, напрыклад, мама такім чынам вырвала ў няроўнай барацьбе ватную коўдру, якую пасля ўрачыста ўручыла мне перад ад'ездам у студэнцкі інтэрнат).

Купон на выпускныя туфлі атаварыць так і не ўдалося (туфлі, ды яшчэ на абцасах, былі ці не найвялікшым дэфіцытам і ў правінцыі, і ў сталіцы, а ўжо пра зімовыя боты і казаць не буду), таму заваёўваць сталіцу я ехала ў надзвычай арыгінальным абутку з не менш арыгінальнай назвай — чувякі. Калі хто не ведае — гэта такія неглыбокія зашнураваныя чаравікі на плоскай падэшве — у такія прыбіраюцца вясковыя бабулі. Арыгінальнасці чувякам дадавалі ўласна шнуркі кіслотнага колеру: адзін ружовы, другі — салатны. Гэты піск моды прывезла з Баранавіч сястра, там было бліжэй да Польшчы, і чаўнакі цягалі на мясцовы рынак рэчы, аб якіх марылі ўсе дзяўчаты, — «жаваныя» курткі і плашчы, «вараныя» джынсы. Але гэта ўжо былі прадметы раскошы, таму давялося радавацца плісаванай чорнай спадніцы з брошкай на поясе. Яна была караткаватая, а з-пад яе выглядвалі худзючыя шчыкалаткі, увянчаныя чувякамі... А ў сяброўкі, якая прыехала паступаць з Крычава, на нагах былі пяшчотна-зялёныя «мыльніцы» (калі памятаеце, гэта такія пластыкавыя басаножкі з суцэльнымі дзіркамі) — яна таксама не змагла атаварыць купон на туфлі...

Вучыць уступныя іспыты давялося дома: інтэрнат не прапанавалі, бо прыехала не здалёк, у мінскіх сваякоў сваіх дзяцей поўная хата. А дома — чацвёра малых ад года да дзесяці — прыехалі ўсе маміны ўнукі, таму што куды іх: садкі не працуюць, бо лета, у піянерскі лагер не ўзялі, бо чарга. І дарослых трое, не лічачы абітурыентку. Выйсце-такі знайшлося — гарышча. Залазіла туды з кладоўкі па палічках на сцяне ды па шафе, каб не палезлі следам цікаўныя пляменніцы. На шыю вешала звязку абаранкаў, у руцэ трымала бітончык малака — каб не злазіць да вечара. На гарышчы пахла мышамі, нагрэтай саломай і зляжалым кужалем. Сярод старых рэчаў, якія знайшлі тут сваё апошняе прыстанішча, — бабулінага цяжкога куфра, калаўрота ды кроснаў — правілы граматыкі, біяграфіі пісьменнікаў ды раздзелы з гісторыі СССР чыталіся за мілую душу. Нават амаль усяго «Васіля Цёркіна» на памяць вывучыла, што і спрабавала прадэманстраваць прыёмнай камісіі — ледзь спынілі... Каб адчапіцца, пэўна, паставілі пяцёрку, якая і стала рашаючай у далейшым лёсе. Тады не было платных аддзяленняў, і паступіў ты ці не, вырашаў кожны бал.

...Мінула ўсяго чвэрць стагоддзя, а як усё змянілася. Хутка яны прыедуць ужо — абітурыенты-2017. Прыбраныя, як лялькі, з наварочанымі смартфонамі ды планшэтамі, у суправаджэнні начапураных мамак (а нярэдка — і бабуль), якія будуць карміць бутэрбродамі ды валяр'янкай і клапатліва абмахваць хусцінкай ад спякоты. Насцярожаныя — у кожным равесніку яны бачаць канкурэнта, які набярэ больш балаў на тэсціраванні.

Яны і не знаёмяцца на іспытах па гэтай прычыне, а яшчэ таму, што ніхто не ведае, хто з кім будзе вучыцца, калі пашанцуе паступіць, бо ніхто не ведае, хто куды паступае. Твары мамак, бабуль і татаў (яны таксама прадстаўлены ў экскорце, хоць і ў меншай колькасці) — усхваляваныя і засяроджана-заклапочаныя: яны і перажываюць за дзіця, і падлічваюць выдаткі сямейнага бюджэту на рэпетытара ды на ўбор. А яшчэ ж як не паступіць на бясплатную аснову, давядзецца ісці на платнае аддзяленне, бо як жа сынок ці дачушка без вышэйшай адукацыі?..

Каторы год назіраючы гэту пастараль у гарадскіх скверах, я кожны раз хачу падысці да іх і сказаць штосьці вельмі важнае. Шчыра: не ведаю, што канкрэтна. Таму і праходжу міма, удыхаючы водар ліпавай квецені і адчуваючы дзесьці пад лыжачкай казытлівае хваляванне — акурат як тады, чвэрць стагоддзя назад, калі заходзіла ў аўдыторыю старога ўніверсітэцкага корпуса і цягнула білет з пытаннем пра Васіля Цёркіна...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?