Вы тут

Колькі каштуюць паслугі агенцтваў па працаўладкаванні?


Шукаць работу — таксама работа. Пісаць пра сябе ў рэзюмэ, маніторыць вакансіі, хадзіць па гутарках... Паскорыць пошук прапануюць агенцтвы па працаўладкаванні. «Звязда» даведалася, колькі каштуюць іх паслугі, каму складаней падабраць вакансію і як на дзейнасць агенцтваў паўплывалі змены ў заканадаўстве.


«Прыйшоў, бо жонка адправіла»

Спіс паслуг усіх агенцтваў па працаўладкаванні прыкладна аднолькавы — расказваюць пра вакансіі, складаюць за вас рэзюмэ, звязваюцца з наймальнікамі, каб прарэкламаваць вашу кандыдатуру. Некаторыя прапануюць яшчэ і работу за мяжой, напрыклад у Расіі ці Польшчы.

— У Беларусі ў прынцыпе за месяц працу можна знайсці. Вакансіі ёсць, нават з высокімі заработнымі платамі — 800 рублёў і вышэйшымі, — кажа дырэктар агенцтва «Першае рашэнне» Інэса ЦІШКЕВІЧ.

Каб павысіць шанцы саіскальніка, яго рыхтуюць да гутаркі. Інэса Цішкевіч тлумачыць, што гэта больш псіхалагічная работа. З парад — задаваць менш пытанняў работадаўцам, толькі асноўныя і па справе, бо наймальнікі допыт не вельмі любяць.

Па дапамогу ў агенцтва ў асноўным звяртаюцца спецыялісты, якіх навучальнымі ўстановамі выпускаецца шмат, а адпаведных працоўных месцаў мала: юрысты, эканамісты, бухгалтары. Што да самых запатрабаваных вакансій, то сярод іх — ахоўнік, кіроўца, адміністратар, рабочыя спецыяльнасці (укладчыкі, упакоўшчыкі, рознарабочыя), нейкая падпрацоўка.

— Каму складаней дапамагчы знайсці работу? — цікавімся.

— Таму, хто не хоча працаваць.

— Але такія, напэўна, да вас не прыходзяць...

— Прыходзяць, і вельмі шмат, на жаль. Такія людзі не працуюць гадамі, нават не спадзяюцца на што-небудзь, але іх адпраўляюць сюды або маці, або жонка. Яны тут купляюць «індульгенцыю» па Беларусі і потым кажуць, што агенцтва іх не працаўладкавала.

Чаму людзі гатовы плаціць, каб ім падабралі работу, калі гэта можна зрабіць самастойна? У дырэктара агенцтва на гэты конт ёсць сваё меркаванне: «Паклеіць шпалеры і патынкаваць сцены таксама ўмеюць усе, але выклікаюць майстра. Так і тут. Звяртаюцца да нас як да спецыялістаў».

«Хочуць стабільны аклад»

Магчыма, ад агенцтва чакаюць больш грашовых прапаноў? Кіраўнік аднаго з іх («Работа для усіх») Наталля РЫБАК абвяргае: для саіскальнікаў галоўнае, каб была хоць якая работа.

— Калі раней былі патрабаванні па вялікім заробку, то цяпер хочуць проста стабільны аклад, месца ў надзейнай кампаніі. Мы рэкамендуем здавольвацца тым, што прапануюць, а потым ужо, праявіўшы сябе, атрымліваць больш за кошт бонусаў, прэмій.

Самыя частыя кліенты агенцтва — людзі пенсійнага ўзросту, якія шукаюць падпрацоўку, і прадстаўнікі будаўнічых спецыяльнасцяў. Летам традыцыйна чакаюць наплыву выпускнікоў, якія толькі атрымалі дыпломы і яшчэ не маюць вопыту работы.

Працаўладкоўваюць, кажуць, вельмі хутка: на гэта звычайна ідзе ад аднаго да трох дзён. Ад самога чалавека амаль нічога не патрабуецца — толькі даехаць да гутаркі, на якую яго ўжо запісалі.

— Складаней за ўсё пенсіянерам, — лічыць суразмоўніца. — Іх браць не хочуць. Маладых людзей на біржы шмат — наймальнікі аддаюць перавагу ім. Цяжкасці ўзнікаюць таксама ў тых, у каго ёсць запісы ў працоўнай кніжцы аб прагулах, звальненні з непаважлівай прычыны.

Па словах Наталлі Рыбак, няма такога буму на іх паслугі, як пару гадоў таму, — цяпер беларусы самі актыўна шукаюць работу. «Мы карыстаемся ўсеагульнай базай вакансій і адкрыта пра гэта кажам. Так, чалавек і сам можа паглядзець гэту інфармацыю. Але, магчыма, камусьці патрэбны рэкамендацыі. Плюс мы напрамую працуем з некаторымі работадаўцамі: яны паведамляюць пра новыя вакансіі нам, каб не было шквалу званкоў. Мы не можам гарантаваць працаўладкаванне. Гарантуем добрае рэзюмэ, сувязь з наймальнікам, актуальную інфармацыю».

Гульня па новых правілах

За тое, каб вам склалі рэзюмэ і разаслалі па кампаніях, давядзецца аддаць 35—70 рублёў, за паслугу працаўладкавання — 90—100.

Нядобрасумленных фірмаў у гэтай сферы хапае, пра што кажуць і самі агенцтвы. З гэтага года сітуацыя павінна палепшыцца — дзейнасць рэкруцёраў стала рэгуляваць новае заканадаўства.

— Паступала вялікая колькасць зваротаў грамадзян аб агенцтвах, якія бралі плату за паслугі, але дапамогі не аказвалі. Фактычна займаліся махлярствам. І адказнасці ні перад дзяржавай, ні перад грамадзянамі не неслі, — тлумачыць неабходнасць новых мер начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег ТОКУН. — Атрымала распаўсюджанне перадача інфармацыі пра вакансіі па тэлефоне. Выглядала гэта як звычайная аб'ява аб рабоце, як правіла, з высокім заробкам, але ўнізе дробнымі літарамі было напісана, што званок платны. У 2015 годзе быў выпадак, калі кошт хвіліны такой размовы дасягаў 300 тысяч рублёў (старымі грашыма. — Аўт.)!

Галоўнае новаўвядзенне датычыцца аплаты паслуг. Цяпер разлічвацца з фірмай трэба па факце. Заключылі дагавор на складанне рэзюмэ — значыць, пасля гатовага рэзюмэ, калі вам паабяцалі працаўладкаванне — пасля падпісання кантракта з наймальнікам.

З 1 студзеня 2017 года ўсе прадпрымальнікі і арганізацыі, які дапамагаюць у пошуку работы, павінны быць уключаны ў Рэестр агенцтваў па працаўладкаванні. Тыя, хто не ўключаны, не маюць права аказваць такія паслугі. Зараз у спісе (паглядзець яго можна на сайце міністэрства) — 77 фірмаў.

— Былі выпадкі, калі выключалі з рэестра. Па заяве арганізацый, бо яны спынілі сваю дзейнасць. Выпадкаў, дзе б мы прымянілі сілу, не было. Але трэба разумець, што фактычна толькі пяць месяцаў гуляем па новых правілах, таму не ўсё яшчэ адпрацавана, — адзначае Алег Токун.

Міністэрства прапануе дапамогу ў працаўладкаванні бясплатна: у кожным раёне дзейнічаюць службы занятасці. У тым, што беларусы звяртаюцца па платныя паслугі, у ведамстве не бачаць нічога дрэннага.

— Гэта права людзей — шукаць работу там, дзе яны хочуць. Чым больш шляхоў, тым лепш, — мяркуе начальнік упраўлення. — Ёсць кадравыя агенцтвы, якія бяруць плату толькі з наймальніка, а для саіскальніка паслуга бясплатная. Мне здаецца, гэта найбольш правільная палітыка. У свеце такая практыка распаўсюджана.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Падабраць вакансію за тры дні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?