Вы тут

Экзамены і залічэнне ў студэнты павінны прайсці сумленна і празрыста


«Дзяржаўная камісія з'яўляецца магутным інструментам у руках абітурыентаў і іх бацькоў для забеспячэння ўсім роўнага доступу да вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі», — такую думку выказаў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід АНФІМАЎ на пасяджэнні Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў. Напярэдадні старту цэнтралізаванага тэсціравання ў сценах КДК абмеркавалі ўсе нюансы кантролю за ўступнай кампаніяй.


Сёння гучыць шмат супрацьлеглых меркаванняў наконт фармату правядзення прыёмнай кампаніі, што склаўся ў апошнія гады. Хтосьці кажа, што, можа, трэба вярнуцца да ранейшай формы экзаменаў, без цэнтралізаванага тэсціравання, без дзяржкамісіі. Але чаго хаваць, раней далёка не заўсёды вырашальнымі для залічэння ў кола студэнтаў станавіліся веды абітурыента, здаралася, што ў ход ішлі фінансавыя магчымасці і сувязі іх бацькоў. Магчыма, калі-небудзь патрэба ў жорсткім кантролі за прыёмнай кампаніяй адпадзе сама сабой, але пакуль што наша грамадства да гэтага яшчэ не падрыхтаванае, — падкрэсліў Леанід Анфімаў.

У рабоце дзяржкамісіі па краіне будзе задзейнічана каля 200 работнікаў Камітэта дзяржкантролю. Яны адсочваюць выкананне заканадаўства пры правядзенні ўступнай кампаніі ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных установах Беларусі на ўсіх этапах. Цэнтралізаванае тэсціраванне, якое стартуе праз некалькі дзён, — толькі першы этап. На другім этапе дзяржаўная камісія будзе кантраляваць працэс падачы дакументаў, падрыхтоўку і правядзенне экзаменаў унутры ВНУ і залічэнне абітурыентаў у студэнты.

Абсалютна ва ўсіх установах адукацыі будуць працаваць камісіі па кантролі за ходам уступных выпрабаванняў. Старшынямі гэтых камісій з'яўляюцца члены дзяржкамісіі, а намеснікамі — супрацоўнікі органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю.

— Любыя спробы паступіць у ВНУ з чорнага ўвахода павінны быць спынены, — папярэджвае старшыня Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, намеснік прэм'ер-міністра Васіль ЖАРКО. — Сярод абітурыентаў і іх бацькоў, на жаль, ёсць тыя, хто спрабуе абысці закон і робіць гэта не без дапамогі членаў прыёмных камісій. Таму наша агульная задача — не пакінуць ім ніякіх шанцаў... Уступныя выпрабаванні ў кожнай без выключэння ўстанове адукацыі, незалежна ад формы іх правядзення, павінны прайсці спакойна, арганізавана, у добразычлівай абстаноўцы, а працэдура залічэння — галосна і дэмакратычна. Абітурыенты павінны быць упэўнены: пропускам у ВНУ з'яўляецца толькі ўзровень іх ведаў.

Экзамены, якія праводзяцца непасрэдна ў ВНУ, напрыклад, па той жа творчасці, не пазбаўлены суб'ектывізму, і з гэтай прычыны патрабуюць асаблівай увагі. Таму трэба быць гатовымі да таго, што дзяржаўная камісія можа прапанаваць у апошні момант не толькі свае варыянты экзаменацыйных заданняў, але і рэзервовы састаў экзаменацыйнай камісіі. Такое права ў дзяржкамісіі ёсць.

Міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА праінфармаваў пра новаўвядзенні, што чакаюць прыёмную кампанію: гэта магчымасць здаваць чатыры тэсты замест трох, падаўжэнне дзеяння сертыфікатаў ЦТ на два гады, з'яўленне трох рэзервовых дзён для здачы тэстаў абітурыентамі, якія прапусцілі экзамен па ўважлівай прычыне. Дарэчы, чатыры тэсты будуць здаваць каля 40 працэнтаў ад агульнай колькасці тых, хто прайшоў рэгістрацыю. У сувязі з увядзеннем чацвёртай дысцыпліны на ЦТ і трох рэзервовых дзён замест аднаго, які быў раней, тэрміны пачатку прыёму дакументаў на бюджэтную форму навучання пасунуліся на чатыры дні. Прыёмныя камісіі будуць прымаць у абітурыентаў дакументы з 12 па 17 ліпеня (летась прыём дакументаў на «бюджэт» распачынаўся 8 ліпеня).

Таксама былі ўнесены карэктывы ў Парадак арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання. Напрыклад, падрабязна рэгламентавана магчымасць выхаду з экзаменацыйнай аўдыторыі падчас здачы ЦТ. Абітурыенты змогуць выходзіць з аўдыторыі па ўважлівай прычыне (дрэннае самаадчуванне, фізіялагічныя патрэбы і інш.) толькі ў суправаджэнні арганізатара, які забяспечвае правядзенне цэнтралізаванага тэсціравання па-за аўдыторыяй. Пры выхадзе абітурыент пакідае экзаменацыйныя матэрыялы і лісты для рабочых запісаў на сваім працоўным месцы ў аўдыторыі побач з дакументам, які сведчыць яго асобу. Адказны арганізатар перад гэтым у прысутнасці абітурыента правярае камплектнасць пакінутых ім экзаменацыйных матэрыялаў. Час знаходжання абітурыента па-за аўдыторыяй уключаецца ў агульны час праходжання цэнтралізаванага тэсціравання па вучэбным прадмеце, гэта значыць, што ніхто не будзе персанальна падаўжаць экзамен для асобна ўзятага чалавека. Аб гэтым абітурыент павінны быць папярэджаны загадзя, да выхаду з аўдыторыі, каб узважыць усе «за» і «супраць». Факт выхаду за межы аўдыторыі фіксуецца адказнымі арганізатарамі ў пратаколе правядзення цэнтралізаванага тэсціравання.

Ігар Карпенка паведаміў, што па даручэнні ўрада была створана рабочая група, якая прааналізавала тэсты рэпетыцыйнага тэсціравання на прадмет іх адпаведнасці вучэбным праграмам агульнай сярэдняй адукацыі. Па выніках праверкі былі ўнесены нязначныя карэкціроўкі.

Старшыня дзяржкамісіі Васіль Жарко паабяцаў, што пасля завяршэння прыёмнай кампаніі, усе тэсты яшчэ раз падвергнуцца грунтоўнаму аналізу. «Яны павінны адпавядаць праграме сярэдняй школы, каб на сто балаў тэст маглі здаць не толькі ліцэісты і гімназісты, але і выпускнікі звычайнай сярэдняй школы. І не звяртацца пры гэтым да паслуг рэпетытараў. Каб усе знаходзіліся ў роўных умовах», — патлумачыў ён.

Васіль Жарко таксама лічыць патрэбным прааналізаваць сістэму шкаліравання балаў на ЦТ. «Карэляцыя паміж ацэнкамі ў атэстаце і вынікамі на ЦТ павінна быць працэнтаў на 70—80, — падзяліўся старшыня дзяржкамісіі сваім меркаваннем. — Калі сярэдні бал атэстата выпускнікоў па краіне — 7 балаў, а па выніках цэнтралізаванага тэсціравання — 4,7, то ўзнікаюць пытанні. Або школы завышаюць адзнакі, або тэсты вінаватыя?..»

Па словах намесніка прэм'ер-міністра, будзе праведзены разгорнуты аналіз уступнай кампаніі 2017 года, па выніках якога плануецца выпрацаваць прапановы па ўнясенні змяненняў у Правілы прыёму ва ўстановы адукацыі і прадставіць іх на разгляд кіраўніку дзяржавы да першага верасня.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Тэлефоны «гарачай лініі» Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам уступных іспытаў «Абітурыент 2017»

 

Рабочая група дзяржаўнай камісіі ў Мінску (Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь)

 

(8 017)

 

327 66 80

 

Брэсцкая абласная камісія (Камітэт дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці)

 

(8 0162)

 

21 18 76,
21 18 94

 

Віцебская абласная камісія (Камітэт дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці)

 

(8 0212)

 

42 61 93,
42 61 82

 

Гомельская абласная камісія (Камітэт дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласці)

 

(8 0232)

 

23 83 85

 

Гродзенская абласная камісія (Камітэт дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці)

 

(8 0152)

 

79 88 01, 79 88 40, 79 88 16

 

Магілёўская абласная камісія (Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці)

 

(8 0222)

 

22 18 97, 31 06 04

 

Мінская абласная камісія (Камітэт дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці)

 

(8 017)

 

331 66 02,
284 09 06

 

«Гарачая лінія» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

 

(8 017)

 

222 43 12

 

Загаловак у газеце: Толькі з параднага ўвахода

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».