Вы тут

Што цікавіць жыхароў Бярозаўскага раёна?


Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Брэсцкай вобласці Васіль Герасімаў разам з членам Савета Рэспублікі Віктарам Чайчыцам правялі сумесны прыём грамадзян у Белаазёрску Бярозаўскага раёна


Яшчэ да пачатку прыёму Васіль Герасімаў сказаў журналістам, што месца выязнога мерапрыемства было выбрана не выпадкова. Менавіта ў Кобрынскім і Бярозаўскім раёнах самая складаная сітуацыя ў вобласці па беспрацоўі. Таму гэтым рэгіёнам і ўдзяляецца павышаная ўвага. Як і чакалася, абсалютная большасць тых, хто прыйшоў у прызначаны час, прасілі паспрыяць з працаўладкаваннем.

Гісторыі некаторых заяўнікаў можна назваць у многім тыповымі. Маладыя людзі спрабавалі зарабіць грошы на жыццё за межамі краіны. Там не вельмі атрымалася, вярнуліся дадому і шукаюць працу тут. Усё гэта датычыцца маладога мужчыны, які прыйшоў на прыём першы. Аказалася, ён мае сельскагаспадарчую адукацыю, пасля ВНУ адпрацаваў па размеркаванні ў Магілёўскай вобласці, потым стварыў сям'ю. Думаў зарабіць грошай у Расіі на ўладкаванне побыту, але атрымаў траўму, вярнуўся дадому. Кіраўнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Бярозаўскага райвыканкама прапанавала мужчыну пазнаёміцца з вакансіямі вадзіцеляў. Адразу з прыёму ён накіраваўся да работадаўца.

Такая ж праблема прывяла ў гарвыканкам і дзяўчыну, педагога па адукацыі. Яна працавала пэўны час па спецыяльнасці, а потым спакусілася на вялікія заробкі ў Польшчы. Насамрэч за мяжой плацілі не так, як абяцалі, і жыхарка Белаазёрска вярнулася дадому. Работы па спецыяльнасці тут не аказалася. Саіскальніцы падказалі пра 20 вакансій швей, якія адкрыліся на новым прадпрыемстве. Яна абяцала падумаць.

59-гадовы Васіль Васілевіч скардзіўся, што работадаўцы не хочуць браць з-за ўзросту, а прадпрыемства, дзе ён працаваў раней, часта прастойвала, таму заробкі былі вельмі нізкія. У грамадзяніна дзіця атрымлівае адукацыю платна, ды і будучую пенсію трэба зарабляць. Была на прыёме і мама, якая хадайнічае за сына-юрыста. Але склалася ўражанне, што 30-гадовы сын сам не вельмі ахвотна шукае работу, больш гэтае пытанне хвалюе маці.

Яшчэ адна маладая асоба не мае вопыту работы па атрыманай у камерцыйнай навучальнай установе спецыяльнасці, але мае вельмі вялікія амбіцыі. Работу на транспарце, у гандлі, якую ёй раней прапаноўвалі, яна не палічыла дастойнай увагі, а на малочным прадпрыемстве, дзе заяўніца хацела б працаваць, вакансій не аказалася. Тут ужо маем выпадак, калі чалавек сам павінен праяўляць большую актыўнасць. Калі ёсць жаданне працаваць толькі па абранай спецыяльнасці, такую магчымасць варта пашукаць у іншым горадзе.

На прыёме былі таксама старшыня Бярозаўскага райвыканкама Леанід Мартынюк, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне раёна Маргарыта Талкун. З большасцю грамадзян — удзельнікаў прыёму яны ўжо сустракаліся раней, і гэтым разам кожнаму чалавеку падрабязна расказвалі аб тых магчымасцях і вакансіях, якія ёсць у раёне.

Былі падчас прыёму і іншыя пытанні. Так, пенсіянер Сяргей Мартысевіч расказаў пра канфлікт мясцовых рыбакоў і адпачывальнікаў з рыбгасам. Рэч у тым, што ранейшы мост, праз які хадзілі і ездзілі людзі, цяпер аказаўся на тэрыторыі рыбнай гаспадаркі, якая праход закрыла. Людзі засталіся незадаволеныя тым, што даводзіцца абыходзіць кіламетр ці больш, каб дабрацца да месца адпачынку, сабралі подпісы, звярнуліся ў райвыканкам. Мясцовая ўлада іх падтрымала. Але ў рыбгаса свая праўда, гаспадарнікі лічаць, што праход могуць скарыстаць браканьеры, злодзеі, вакол жа ўстаноўленыя помпы і іншае дарагое абсталяванне. Перапіска доўжыцца працяглы час, але да гэтай пары вырашэнне праблемы знайсці не ўдавалася. Пасля прыёму памочнік Прэзідэнта выехаў на месца, і каля спрэчнага аб'екта дамовіліся з кіраўніцтвам рыбгаса адкрыць мост на перыяд актыўнага адпачынку грамадзян. За гэты час рыбгас правядзе маніторынг. Службовыя асобы вывучаць, хто і як ходзіць па тым мосце. Пасля гэтага будзе прынятае канчатковае рашэнне.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Бярозаўскі раён

Загаловак у газеце: Галоўнае — атрымаць работу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».