Вы тут

Максім Бабічаў: Нават муляж гранаты на пляцоўку кідалі


Клубны сезон у беларускім гандболе завершаны, цяпер уся ўвага балельшчыкаў і ўсіх неабыякавых да ручнога мяча людзей прыкавана да нацыянальных зборных, якія працягваюць змагацца за выхад на топ-турніры. Праз тыдзень наша мужчынская каманда сустрэнецца з румынамі, а яшчэ праз пару дзён з сербамі, у гэтых паядынках вырашыцца, ці паедзе дружына Юрыя Шаўцова на чэмпіянат Еўропы 2018 у Харватыю.


Напярэдадні адказных гульняў мы пагаварылі з лінейным беларускай зборнай Максімам Бабічавым, які падвёў вынік свайго выступлення за БГК імя Мяшкова, расказаў пра пераход ва ўкраінскі «Матор» і вярнуўся на 10 гадоў назад, каб успомніць свае першыя крокі ў нацыянальнай камандзе.

— Максім, сёлета разам з БГК вы ўжо каторы раз сталі чэмпіёнам краіны, радасці было не так шмат, як першы раз?

— Калі Дзіму Нікуленкаву ўручылі Кубак, не было нейкіх звышэмоцый, можа быць, мы проста былі стомленымі, усё ж такі, правялі дзве гульні за два дні. Да таго ж разумелі, што ўсё скончылася, і спакойна выдыхнулі. Адчувалася нейкае спусташэнне яшчэ і з-за таго, што ведалі, гэта наша апошняя гульня ў такім складзе — многія хлопцы пакідаюць клуб.

— У фінальнай серыі супраць мінскага СКА брэстаўчане праблем не зазналі, ці так здаецца толькі з боку?

— Хацелі выйграць фінал за 3 гульні, таму што ўвесь сезон ішлі без паражэнняў ад армейцаў. У паўфінале атрымалася асечка з гродзенскім «Кронанам» — прайгралі, для нас гэта стала аплявухай, каманда прачнулася. У фінальнай серыі са СКА настройваліся на сур'ёзную барацьбу, так і атрымалася. Асабліва ў першым матчы, калі гульцы Ігара Папругі добра беглі, забівалі з контратак, у нейкі момант мы аказаліся не гатовыя да гэтага. Толькі ў трэцяй гульні склалася кардынальна іншая сітуацыя, думаю, там маладыя хлопцы падселі фізічна, беглі толькі да 15 хвіліны. Шчыра кажучы, мы былі здзіўлены.

— Пасля фіналу чэмпіянату аб праблемах СКА ў прэсе кажуць шмат...

— Усе яны на паверхні — маладосць і недахоп гульнявой практыкі. Але хлопцы ў СКА добрыя, упэўнены, хто застанецца ў камандзе ў наступным годзе, абавязкова дадасць. Не чакаў, што так шмат гульцоў пакіне клуб, але ў іх ужо даўно так склалася, што на змену адным прыходзяць іншыя, не менш таленавітыя гандбалісты.

— У мінскім клубе пачынаюць з'яўляцца першыя легіянеры, што думаеце пра гэта?

— Я быў здзіўлены. Але ў легіянерах заўсёды ёсць плюс, нават для такой каманды, як СКА, у якой галоўная мэта вырошчваць годную моладзь. Прыезджыя гандбалісты ствараюць канкурэнцыю, і калі беларус хоча трапляць у склад, то давядзецца даказваць, што варты гэтага месца. Іншае пытанне — якая колькасць легіянераў павінна быць у клубе, цяпер гэтая праблема ўзнікае ў многіх краінах і чэмпіянатах.

— Вернемся да БГК, як ацэніце выступленне клуба ў Лізе чэмпіёнаў і СЕХА-лізе?

— У гэтым сезоне мы дадалі, гулялі больш упэўнена, цудоўна разумелі, што дома можам абыграць любую каманду. І нават, калі прайшлі ў 1/8 Лігі чэмпіёнаў, ведалі, што можам змагацца далей. Крыўдная гісторыя атрымалася з СЕХА-лігай, там усё вырашылася па пенальці, а гэта, як вядома, латарэя.

— За каго хварэлі ў фінале Лігі чэмпіёнаў?

— Не магу сказаць, што за кагосьці канкрэтна, але мне было прыемна, што выйграў «Вардар», бо некаторых гульцоў з яго складу ведаю асабіста.

— За БГК вы гулялі тры з паловай гады, як ацэніце гэты перыяд сваёй кар'еры?

— Калі распалася мінскае «Дынама», трэба было хутка шукаць клуб, дамовіліся з Брэстам. Я быў рады застацца ў Беларусі, ды яшчэ і ў добрай камандзе. Да таго ж туды з «Дынама» перайшоў не толькі я, але і Дзіма Нікуленкаў, з якім мы знаёмыя з 1996 года, Дзяніс Рутэнка, Сяргей Шыловіч.

У БГК я стараўся па максімуме выкарыстоўваць усе шанцы, якія мне давалі, каб не падвесці каманду. А як гэта атрымалася, меркаваць не мне. Калі казаць пра самы паспяховы сезон з трох, то назаву, напэўна, цяперашні. Сабраўся вельмі добры калектыў, было шмат добрых перамог над вартымі камандамі, у клубе выдатна працаваў маркетынг, прыемна было гуляць у такой абстаноўцы — антураж, перадматчавыя шоу, падтрымка брэсцкіх балельшчыкаў.

— Нядаўна стала вядома, што вы пераходзіце ў «Матор» ...

— Былі перамовы і з БГК, і з «Маторам», але так атрымалася, што я абраў другі варыянт. Вядома, раіўся з Борам Пухоўскім, з Сашам Цітовым, у якіх ёсць вопыт гульні ў Запарожжы. З многімі ўкраінскімі хлопцамі мы гулялі ў «Дынама», так што размаўляў і з імі. Сам злятаў туды, паглядзеў на інфраструктуру клуба, у інтэрнэце бачыў гульні каманды. Кажуць, да зімы павінны пабудаваць новую арэну для клуба, і Лігу чэмпіёнаў «Матор» будзе гуляць ужо там.

— Як чалавек сямейны, напэўна, думалі аб зручнасці жонкі і сына?

— Так, мы вельмі доўга абмяркоўвалі з жонкай пераезд, пакуль вырашылі, што сям'я застанецца ў Мінску, так будзе лепш для іх.

— Пагаворым пра зборную, як вам становішча каманды ў адборачнай групе?

— Быццам бы і неблагое, але  хацелася б заняць першае месца ў квартэце. Будзем змагацца да апошняга, хочацца перамагаць! Нас чакаюць дзве складаныя гульні. Першая з румынамі — каманда вельмі жорсткая, сілавая, агрэсіўная, у нас ужо ёсць пэўны план, як ім супрацьстаяць, мы працуем над ім на трэніроўках. У першым матчы штосьці пайшло не так — прайгралі.

— Гульня палякаў у цяперашнім адборачным цыкле здзівіла?

— Зараз яны на апошнім месцы ў групе, напэўна, гэтага мала хто чакаў. У палякаў ідзе перастраенне каманды, таму такі спад у гульні. Многія добрыя гандбалісты ўжо ва ўзросце, ім трэба шукаць замену. Якія эмоцыі выклікала адстаўка Таланта Дуйшэбаева? Цяжка меркаваць, ніхто не ведае, што ў іх там адбывалася ўнутры каманды. Але, наогул, Талант — добры спецыяліст, выдатна кіруе камандай, шмат чуў пра яго добрага. Як я разумею, гэта было яго рашэнне. Адмовіцца трэніраваць зборную цяжка, ён прыняў рашэнне, як сапраўдны мужчына. Дуйшэбаеў мне вельмі падабаецца тым, што заўсёды бярэ адказнасць і віну на сябе.

— На цяперашнюю беларускую моладзь кіраўніцтва федэрацыі ды і балельшчыкі робяць вялікую стаўку, у тым ліку яна датычыцца трапляння на Алімпійскія гульні 2020.

— Усё трэба праходзіць паступова, мне здаецца, Гульні — гэта яшчэ так далёка, таму не хачу нічога казаць з гэтай нагоды. Добрыя, баявыя хлопцы ды і мы пакуль у форме. Цяпер намецілася такая тэндэнцыя — актыўнага ад'езду маладых гульцоў за мяжу, самае галоўнае, каб яны стараліся трапляць у добры чэмпіянат і гулялі там, а не сядзелі на лаўцы.

— Моладзь вельмі адрозніваецца ад вашага пакалення?

— Цяжка сказаць. У зборнай мы ўсе выдатна знаходзім агульную мову, разумеем адзін аднаго і на пляцоўцы, і за яе межамі. Усё даказваецца ў рабоце, ніякай дзедаўшчыны ў нас няма. Раней Юрый Анатолевіч Шаўцоў праводзіў шмат розных псіхалагічных тэстаў, каб стварыць добры мікраклімат у калектыве, цяпер ужо ўсе і самі ведаюць, хто чаго варты. Ды і ў псіхалогіі штосьці памянялася, шмат да чаго мы пачалі ставіцца па-іншаму.

— Свае першыя крокі ў зборнай памятаеце?

— Я прыйшоў у яе ў 18—19 гадоў, Спартак Пятровіч Мірановіч узяў мяне на кваліфікацыю да чэмпіянату свету. Я тады дзве першыя гульні адсядзеў на лаўцы, але для мяне гэта было такое шчасце — мяне ўзялі ў склад, у гэтыя 16 чалавек. Я ганарыўся наогул, што трэніраваўся з імі, што аказаўся ў зборнай у такім узросце. Вельмі стараўся, маўчаў, усё рабіў, і мячы насіў і ваду. Дзедаўшчыны таксама ніякай тады не было. Максім Няхайчык вучыў шмат чаму, рыхтавалі мяне як абаронцу, таму працавалі з ім у пары.

Мірановіч мне многае даў, вялікі дзякуй кажу і сёння, што тады ў мяне паверыў, разгледзеў нешта ў такім юным гульцы. Цяпер заўсёды, калі бачу Спартака Пятровіча, хочацца падысці, павітацца, паціснуць руку. Ён легендарны, вельмі прыемны чалавек. Нягледзячы на свой узрост, заўсёды вельмі тонка і востра жартуе.

— Калі параўноўваць з дзесяцігадовай даўнасцю, беларусы сталі больш любіць гандбол?

— Раней быў бясплатны ўваход на гульні, і людзі хадзілі, цяпер уваход платны, і людзі таксама ходзяць. Прыемна, калі гледачы падтрымліваюць зборную, як яны рабілі гэта на папярэдніх гульнях. Галоўнае выйграваць, тады людзі будуць прыходзіць, мне здаецца, так ва ўсіх відах спорту.

— Пры якіх трыбунах гуляць складаней за ўсё?

— У мяне ўжо выпрацаваўся імунітэт, наогул не звяртаю ўвагі на трыбуны, чую толькі трэнера і сваю каманду. Для мяне адрэналін, калі балельшчыкі шумяць, крычаць «фууу», а ты потым бярэш і забіваеш. Добра для сваёй каманды, актыўна хварэюць македонцы. У нас быў выпадак, калі гулялі з «Дынама» ў Лізе чэмпіёнаў ці то супраць «Вардара», ці то супраць «Металурга», балельшчыкі разбушаваліся так, што прыйшлося разганяць іх АМАПам.

А наогул, лепш за ўсё запомнілася, калі мы з «Аркатронам» ездзілі ў Косава. Гэта як раз быў момант, калі яны толькі аддзяліліся ад Сербіі. Прыехалі на аўтобусе праз пагранічны пост, засяліліся ў гасцініцу. Нас адразу папярэдзілі — нікуды не выходзіць, а калі захочам выйсці, то ёсць ахоўнік, які павінны суправаджаць. Паехалі на гульню, нас суправаджалі некалькі машын паліцыі, цалкам укамплектаваныя зброяй.

А вось што пачалося на пляцоўцы падчас гульні... Балельшчыкі кідалі на пляцоўку розныя прадметы, плявалі ў гульцоў, лілі ваду. Тады ў нас на варотах стаяў Сяргей Фурс, у яго ўся майка была апляваная са спіны, а арганізатары нічога не маглі з гэтым зрабіць. Па-мойму, нават муляж гранаты на пляцоўку кінулі. Тады яшчэ атрымалася, што ў дамашняй гульні я зламаў хлопцу са зборнай Косава руку, таму мяне таксама добра ў гасцях пабілі.

Нас схавалі пад трыбуну-казырок, ачапілі АМАПам, так там і сядзелі хвілін 15—20, пакуль усё гэта супакоілася. Потым каманду выводзілі праз чорныя хады, пасадзілі ў аўтобус, адвезлі ў гасцініцу, там мы адсядзеліся і паехалі дадому.

Я ўвогуле не разумеў, што адбываецца, але страшна, напэўна, было больш не мне, а родным, якія ўсё гэта бачылі ў навінах па тэлевізары.

— У вас эканамічная адукацыя, паспелі яе ўжо неяк прымяніць?

— Пакуль не, але наогул тры гады я вучыўся на дзённым аддзяленні, хадзіў на трэніроўку, потым на пары, пісаў канспекты, абедаў і ехаў на другую трэніроўку. Толькі потым ужо перайшоў на завочнае. Вышэйшая адукацыя ў першую чаргу дала мне вопыт зносін у калектыве, веданне не толькі эканомікі, але і, напрыклад, этыкету. Таму рады, што атрымаў яе ў свой час.

Як складзецца лёс у далейшым не вядома. Два сезона яшчэ паспрабую пагуляць. Ёсць ужо і некаторыя напрацоўкі, як у далейшым забяспечваць сябе і родных.

— Раскажыце пра сваю сям'ю?

— У мяне сын Аляксандр, яму сем гадоў і жонка Алеся. Жонка займаецца ў асноўным сынам і бытам, яна ўзяла многія пытанні на сябе, за што я ёй вельмі ўдзячны, бо маю магчымасць займацца толькі гандболам. Саша сёлета пойдзе ў школу, ён вельмі любіць футбол. Я бачу, як ён фанацее ад гэтай гульні. Дома пастаянна набівае мяч, просіць пагуляць з ім. Памятаю, як сам займаўся яшчэ BMХ, дарэчы, я шматразовы чэмпіён Беларусі па гэтым відзе спорту, тады з роварам не расставаўся, так і ён з мячом. Мне падабаецца яго мэтанакіраванасць, лічу, што трэба падтрымліваць дзяцей у любых пачынаннях.


Да тэмы

Гандбалісты зборнай Беларусі працягваюць падрыхтоўку да двух заключных матчаў адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы 2018. Галоўны трэнер каманды Юрый Шаўцоў выклікаў на вучэбна-трэніровачны збор 19 гульцоў:

варатары — Вячаслаў Салдаценка («Балінген», Германія), Іван Мароз (СКА, Мінск), Іван Мацкевіч («Сцяўа», Румынія);

палявыя гульцы — Андрэй Юрынок, Дзяніс Рутэнка, Арцём Кулак, Сяргей Шыловіч, Вячаслаў Шумак, Максім Бабічаў (усе — БГК імя Мяшкова), Аляксандр Цітоў («Рыіхімякі», Фінляндыя), Іван Броўка, Уладзіслаў Кулеш, Вадзім Гайдучэнка, Аляксандр Падшывалаў, Мікалай Алёхін, Артур Карвацкі (усе — СКА, Мінск), Максім Баранаў («Адархей», Румынія), Барыс Пухоўскі («Матор», Украіна), Арцём Каралёк («Сен-Рафаэль», Францыя).

У ходзе падрыхтоўкі гандбалісты правялі пяцідзённыя зборы і два таварыскія паядынкі са зборнай Украіны, пасля чаго працягнуць трэніровачныя заняткі. Пасля заканчэння збору трэнерскі штаб вызначыць канчатковую заяўку з 16 гандбалістаў, якія 15 чэрвеня згуляюць з камандай Румыніі ў Краёве, а 18 будуць змагацца з Сербіяй у Мінску.

Нагадаем, што перад двума заключнымі турамі становішча ў 2-й кваліфікацыйнай групе такое: Сербія — 6 ачкоў, Беларусь — 5, Румынія — 4, Польшча — 1.

Дзве лепшыя каманды з групы і лепшая зборная з тых, што занялі трэцяе месца, атрымаюць пуцёўкі ў фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы 2018 у Харватыі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Фота bgk-meshkova.com

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра дзяцінства, сяброў і вясёлую ноч.

Спорт

Як жывуць спартсмены, якія выступяць на Еўрапейскіх гульнях?

Як жывуць спартсмены, якія выступяць на Еўрапейскіх гульнях?

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі ў Вёсцы атлетаў.

Культура

Адэльск: турыстычная Мекка на прыграніччы

Адэльск: турыстычная Мекка на прыграніччы

Адэльск — унікальнае месца. Ціхая вёска на самым ускрайку заходняй мяжы становіцца з кожным годам усё больш знакамітай.