Вы тут

Псіхааналіз праз мастацтва як спосаб зразумець Усяслава Чарадзея


Ігар Лучанок прыйшоў паглядзець, як яго вобраз упісаўся ў выставачную прастору. Асабіста падтрымаў скульптара Івана Міско, які стварыў яго партрэт. Прысутныя — падчас адкрыцця выстаўкі «Псіхалогія вобраза» ў Палацы мастацтваў іх было шмат — маглі на свае вочы пабачыць, наколькі дакладна аўтар партрэта перадаў падабенства і яшчэ ўхапіў характар свайго героя, знакамітага кампазітара. Зрэшты, прайшоўшы па выстаўцы, можна было зразумець: справа не ў дакладнасці ды падабенстве, хоць для партрэтнага жанру гэта падаецца вызначальным. Але ў ХХІ стагоддзі мастацтва сягае далей ды глыбей, і адчуць чалавека можна нават праз дэталь, эмоцыю ці асобны колер. Альбо праз адносіны да яго мастака.


Га­лі­на Бла­га­рэн­ка. Ме­ду­за.

Партрэт цяпер іншы, чым яшчэ стагоддзе таму. Але і гісторыю развіцця гэтага жанру можна ўявіць дзякуючы выстаўцы ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў. Частка гісторыі партрэтнага жывапісу — гэта творы майстроў, што складалі славу беларускаму мастацтву ў мінулым стагоддзі: Гаўрылы Вашчанкі, Аляксандра Кішчанкі, Уладзіміра Стальмашонка ці Мая Данцыга... Але іх вучні і творчыя нашчадкі ідуць іншым шляхам, праз пошукі і сэнсу,
і формы, эксперыментуючы з матэрыяламі і тэхнікамі. Прытым галоўнае, што нясе гэты жанр, — адчуванне самога чалавека.

Выстаўка «Псіхалогія вобраза» — гэта спроба ўглядзецца ў чалавека. У героя мінулага і сучасніка. У таго, каго называюць і лічаць героем. І ў звычайнага мінака. У чалавека супярэчлівага ці ў душу наіўнага дзіцяці. Таго, хто побач, у блізкага ды сваяка — родныя часта становяцца любімымі мадэлямі творцаў. Ды нават можна ўглядзецца ў сябе самога — і гэта цікава не толькі тым, як творцы бачаць сябе збоку, гэта частка той жа з'явы, за якой паўстае мастацкі партрэт часу: яго праявамі і рысамі будуць, акрамя герояў, яшчэ і сродкі выяўлення, тэхніка аўтара.

Зразумела, што калі называюцца імёны рэальных асоб, то хочацца, каб вобраз адпавядаў рэальнасці. Асабліва, калі людзей ужо няма сярод жывых, напрыклад Максіма Багдановіча, Васіля Быкава ці Алеся Адамовіча. Майстэрства творцаў дапамагае захаваць вобразы для нашчадкаў. Але калі гісторыя ідзе ўглыб стагоддзяў, то складана нават уявіць, якім быў легендарны Усяслаў Чарадзей ці як выглядала ў жыцці (а не на іконах) святая Ефрасіння Полацкая. І тады мастакі становяцца яшчэ і гісторыкамі, якія не проста фіксуюць і пераказваюць, а дапамагаюць адчуваць і разумець легенды, падставы да якіх давала жыццё, а таксама замацоўваюць у свядомасці сучасных людзей тое, што ад іх далёка. Транслююць вобразы і злучаюць з часам.

Яны здольныя нават інтэрпрэтаваць тыя вобразы, якія калісьці выкарыстоўвалі ў выяўленні сябе іншыя творцы, вялікія сімвалісты і маштабныя асобы. Вось што можна лічыць самым пазнавальным сімвалам Францыска Скарыны? Сонца ў саюзе з маладым месяцам — два ў адным, але нават не трэба выявы чалавека (тым больш што мы яе ўяўляем па гравюрах у яго кнігах, у нейкім сэнсе аўтапартрэтах), дастаткова вось гэтага прыгожага вобраза, каб разумець, пра каго гаворка. І такім можа быць партрэт — сімвалічны — як паказаў Валерый Шчасны ў творы «Чалавек Божы».

Ды любы можа быць партрэт — у драўлянай скульптуры і шкле, вылеплены ў гліне і адліты ў бронзе, напісаны алеем і адлюстраваны мінімумам графічных сродкаў. Ён можа быць стрыманы і экспрэсіўны, нават абстрактны і цалкам фармальны. Засяроджаны на ўнутраным стане, калі сапраўды хочацца зразумець: а чаму гэта так, чаму чалавек ТАКІ? Рэзкі і рашучы, як, напрыклад, у «Аўтапартрэце з птушкай» Алеся Ксяндзова. Ці з асаблівым поглядам, як у Івана Сямілетава. Чалавек можа патрапіць у «Пастку часу», як падаецца Ганне Селівончык. І ў заспакоенасці хаваць напружанасць, як у партрэтах Зоі Літвінавай. Колькі б ні было людзей і вобразаў, у кожным партрэце ёсць свая псіхалогія, імкненне да паразумення са светам. Ці з самім сабой — бо кожны чалавек як сусвет.

А ў такой канцэнтрацыі партрэтныя творы яшчэ і ствараюць вобраз часу, і не толькі для адной асобы. Гэта калектыўны вобраз. Нават калі гаворка пра творы мінулага ці пра мінулае — уступае ў дзеянне цяперашняе наша ўспрыманне. Таму ўсе разам — творы яшчэ даюць уяўленне пра вобраз краіны — з мінулым і цяперашнім часам, і нават з адчуваннем будучыні. Прынамсі, усю выстаўку можна ў нейкім сэнсе лічыць партрэтам нашага часу ці аўтапартрэтам беларускага мастацтва на сучасным этапе. Гэты партрэт стракаты і эмацыянальны, непрычэсаны і непарадны, у ім шмат колераў і адценняў. Шмат вобразаў і твараў. Таму што шмат мастакоў адначасова паказваюць сябе, так што цяжка абраць, засяродзіцца на нечым творы. Але ёсць вобразы, якія, магчыма, пойдуць з выстаўкі разам з вамі.

Шмат — гэта ў нашых рэаліях добра. Бо мастацтва ніколі не будзе зашмат. Галоўнае, каб не было мала...

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Загаловак у газеце: У профіль і анфас...

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.