Вы тут

«Ты нам заўжды давала сілы»


...Успамінаючы маленства, прыгадаў, што газету «Звязда» выпісваў яшчэ мой дзядуля Нічыпар, а мы з жонкаю — дык заўжды з таго часу, як стварылі сям'ю. Значыць, можна смела сцвярджаць, што «Звязда» — наша сямейная газета.


Цудоўна, што яна выдаецца па-беларуску і тым самым дапамагае людзям адчуваць сябе сваімі на сваёй зямлі, з любоўю да роднай мовы, да Бацькаўшчыны, выхоўваць дзяцей. Ва ўсякім разе трое нашых сыноў, як толькі навучыліся чытаць, з нецярпеннем чакалі новага нумара, а потым яшчэ і самі друкаваліся. Гэта, мусіць, па-першае.

Па-другое, мы любілі і любім «Звязду» за тое, што ў ёй працуюць патрыёты і сапраўдныя прафесіяналы. Узяць хоць бы здымкі Анатоля Клешчука, «Фотасловы» Яўгена Пясецкага... Ёсць на што паглядзець і над чым падумаць!

Ёсць, вядома ж, і што чытаць. Для нас, настаўнікаў, гэта перш за ўсё асвятленне праблем адукацыі. Тут «Звязда» можа даць фору любому выданню (нават нашаму прафесійнаму). З цікавасцю чытаем звяздоўскую «Сямейную газету», «Чырвонку», «Неасабісты суб'ектыў» Алены Ляўковіч, «Нефармат» Святланы Яскевіч, «Жырандолю», з захапленнем і заўсёды — «...Народ на провадзе!», «Хто каго?» і, вядома ж, «Простую мову» Валянціны Доўнар. Ганарымся, што маем дзве кніжкі яе абразкоў...

Да таго ж, дзякуючы газеце, заўсёды ведаем, што адбываецца ў краіне і свеце, чым жывуць вайскоўцы, спартсмены, мясцовыя Саветы... З «Крынічкай» і «Хатняй энцыклапедыяй» вучымся гаспадарыць, з карысцю бавім час, разгадваючы крыжаванкі... Іншымі словамі,

«Звязда» заўжды давала сілы,

Бадзёрасць духу і настрой.

Сто год была з народам шчырай

І заставайся з ім такой!

Уладзімір Антонавіч ПАПЛЁЎКА,

г. Лагойск

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.