Вы тут

Сурыкаў: Саюзная дзяржава — прыклад для ўсяго свету


На думку Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Расіі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава, у многіх напрамках узаемадзеянне народаў Беларусі і Расіі ў Саюзнай дзяржаве яшчэ доўга будзе прыкладам для ўсіх інтэграцыйных утварэнняў былых рэспублік СССР і іншых міжнародных фарміраванняў. Падчас прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да Дня Расіі, ён таксама падкрэсліў, што захаванне Саюзнай дзяржавы неабходна нават пры ўмове, што абедзве краіны з'яўляюцца членамі ЕАЭС.


«Вопыт Саюзнай дзяржавы дапамог запусціць праект ЕАЭС. Далейшая актывізацыя расійска-беларускага ўзаемадзеяння і паскарэнне ўзаемавыгадных інтэграцыйных працэсаў адпавядаюць карэнным інтарэсам дзвюх краін. Пры гэтым, магчыма, спатрэбіцца актуалізаваць іх нейкім дагаворам у Саюзнай дзяржаве з улікам пераходу эканомікі ў большай ступені ў ЕАЭС», — лічыць Аляксандр Сурыкаў.

Ён таксама пракаментаваў спрэчныя пытанні, якія ўзнікаюць пры пастаўках харчовай прадукцыі Беларусі ў Расію. «Так, сапраўды ёсць пытанні, якія звязаны са зменамі заканадаўства ў сувязі са стварэннем ЕАЭС і прыняццем рэгламентаў. Шмат спрэчак аб рэшткавых леках у малочнай прадукцыі. Я думаю, што ў хуткім часе яны ўрэгулююцца рашэннем Еўрапейскай эканамічнай камісіі. Яна можа пашырыць спіс лекаў або прымяніць яго па дамоўленасці паміж дзвюма краінамі», — растлумачыў Аляксандр Сурыкаў.

Ён дадаў, што аналагічныя спрэчкі ўзнікаюць цыклічна з-за коштаў на энерганосьбіты. На думку пасла, яны знікнуць са стварэннем адзінага рынку газу да 2025 года. Расійскі бок таксама паспрабуе ў двухбаковым фармаце стварыць яго раней.

Акрамя таго, дзве краіны да канца гэтага года вызначацца па шасці інтэграцыйных праектах. «Пачалася праца нашых мінпрамаў, а трэба было б яшчэ мінсельгасам папрацаваць. Пакуль ідзе праца, якая збліжае паняцці», — адзначыў Аляксандр Сурыкаў. Беларусь разглядае рэалізацыю праектаў у галіне машынабудавання і нафтахіміі, Расія — у АПК і іншых сферах. «Думаю, што мы да канца года вызначымся, якія гэта праекты, што гэта такое. Відавочна, што інтэграваць эканомікі трэба глыбей, калі мы хочам устойлівага развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза. Да канца года мы будзем мець карціну па праектах», — рэзюмаваў пасол. Як паведамлялася, Беларусь і Расія дамовіліся прапанаваць адна адной па тры інтэгра-
цыйныя праекты. Формы супрацоўніцтва па іх могуць быць рознымі — гэта і абмен актывамі, і купля пэўнага пакета акцый.

***

Аляксандр Сурыкаў паведаміў, што ўезд для грамадзян Беларусі ў расійскіх аэрапортах плануецца палегчыць. Пасля таго як самалёты з Беларусі перавялі ў міжнародныя тэрміналы расійскіх аэрапортаў, пасажыры праходзяць памежны кантроль. У далейшым для беларусаў кантроль паспрабуюць спрасціць, каб не было нават неабходнасці сканаваць пашпарт.

Таксама пасол адзначыў, што ёсць пытанне па чартарных рэйсах — грамадзяне Беларусі лятаюць на працу ў Заходнюю Сібір чартарам, і цяпер вядзецца дыялог паміж пагранслужбамі, каб зрабіць гэты працэс па паведамляльнай прыкмеце. Мяркуецца, што створаць спіс, які будзе перадавацца расійскай пагранслужбе, і людзі па прыбыцці не будуць праходзіць ніякіх працэдур.

Паралельна вядзецца работа, якая палегчыць доступ замежным грамадзянам з Расіі ў Беларусь. «Мы хочам спрасціць гэты працэс шляхам узаемнага прызнання віз: калі віза выдадзена расійскімі ўстановамі замежнаму грамадзяніну, то на тэрыторыі Беларусі ён праходзіць хутчэй і наадварот», — растлумачыў Аляксандр Сурыкаў.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Саюзная дзяржава — прыклад для ўсяго свету

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?