Вы тут

Гісторыі сапраўдных піратаў


Гісторыя пірацтва поўная фактаў не толькі займальных, але і, на жаль, блізкіх да сённяшніх рэалій, успомніце, хіба, вядомых самалійскіх піратаў. Непатрэбная краіне ваенная сіла станавілася злачыннай, улада легалізавала разбоі, жорсткі пірат мог стаць губернатарам, сотні высакародных юнакоў, начытаўшыся апавяданняў пра «лютых іспанцаў», адпраўляліся пазбаўляць ад іх свет. Вашай увазе трохі падрабязнасцяў пра рэальных марскіх «драпежнікаў», якія трымалі ў страху моры і акіяны.


Паядынак Эдварда Ціча з Робертам Мэйнардам. Гравюра Жана Леона Фэрыса.

Пірацтва існуе роўна столькі, колькі людзі падарожнічаюць морам. Хтосьці перавозіў у далёкія землі грузы і першаадкрывальнікаў новых краін, а хтосьці іх наўпрост рабаваў і забіваў. Галівуд і прыгодніцкая літаратура папрацавалі над тым, каб ператварыць вобраз пірата ў рамантычнага героя — адважнага, незалежнага, часам вельмі абаяльнага і са сваім кодэксам пірацкага гонару. Але сапраўднае жыццё піратаў было змрочным, жорсткім, непрывабным і, галоўнае, вельмі кароткім.

Адным з, бадай, самых знакамітых піратаў быў Эдвард Ціч па мянушцы Чорная Барада, які нарадзіўся недзе каля 1680 года ў Брысталі. Гэты легендарны флібусцьер арудаваў у Карыбскім моры ў 1713—1718 гадах. Яго марская кар'ера пачалася ў юным узросце, калі ён паступіў юнгам у англійскі флот і ўдзельнічаў у вайне за іспанскую спадчыну. Тую частку ваенных дзеянняў, якая разгарнулася каля берагоў Новага Свету, англійскія каланісты назвалі «вайной каралевы Ганны».

Эдвард Ціч удзельнічаў у вайне ў ролі прываціра — гэта значыць, прадстаўляючы прыватнае (не ваеннае) судна (адсюль і назва з англійскай — рrіvаtе, «прыватны»), легальна нападаў на варожыя караблі. Пасля заканчэння вайны, як і многія іншыя прываціры, падаўся ў піраты. Неўзабаве ён захапіў французскі гандлёвы карабель і, назваўшы яго «Помста каралевы Ганны», зрабіўся ягоным капітанам. Чорная Барада абсталяваў судна 40 гарматамі і павесіў свой знакаміты чорны сцяг, на якім д'ябал трымае ў руках пясочны гадзіннік і пранізвае дзідай сэрца. У маі 1718 года Ціч увайшоў у гавань Чарльстана ў Паўднёвай Караліне, дзе захапіў некалькі караблёў і ўзяў людзей у заложнікі. Атрымаўшы за іх велізарны выкуп ад мясцовых уладаў, Чорная Барада адправіўся далей. Падкупіўшы губернатара Паўднёвай Караліны, Ціч атрымаў на рукі дакумент аб памілаванні і працягнуў займацца пірацтвам.

Самая моцная зброя Чорнай Барады — гэта жах, які ён выклікаў у саперніка. У сваю велізарную бараду ён уплятаў запаленыя кноты і ўрываўся ў бой у клубах дыму. Тыя, з кім ён ваяваў, былі ўпэўненыя, што перад імі сапраўдны д'ябал. Пры ім заўсёды было не менш шасці зараджаных пісталетаў, корцік і мушкет, а галаву пакрывала нязменная трохвуголка з пер'ем. Губернатар Вірджыніі абвясціў за яго высокую ўзнагароду, і ў 1718 годзе Чорная Барада быў забіты ў выніку жорсткай сутычкі. Пасля бою на ім знайшлі пяць кулявых і больш за дваццаць шабельных ран. Яго галава была адрэзана і падвешана на рэі.

Усяго некалькі гадоў пірацтва дазволілі Чорнай Барадзе увайсці ў гісторыю, паслужыць прататыпам капітана Флінта ў «Востраве скарбаў» пісьменніка Роберта Стывенсана і стаць персанажам многіх прыгодніцкіх фільмаў.

Самы сусветна вядомы прывацір — Фрэнсіс Дрэйк, першы англічанін, які здзейсніў кругасветнае мараплаванне. У лістападзе 1577 года па загадзе каралевы Лізаветы Дрэйк адправіўся да ціхаакіянскіх берагоў Амерыкі. Афіцыйна лічылася, што гэта падарожжа «з мэтай адкрыцця новых зямель», але асноўнай задачай былі нападзенні на іспанскі флот і вяртанне ў Англію з нарабаваным. Акрамя таго, што яму сапраўды ўдалося здзейсніць некалькі геаграфічных адкрыццяў і абвясціць частку паўночнаамерыканскіх тэрыторый брытанскімі, Дрэйк прывёз на радзіму клубні бульбы і такое багацце, кошт якога ўдвая перавышаў штогадовы даход Англійскага каралеўства. За гэтыя заслугі перад бацькаўшчынай прывацір Фрэнсіс Дрэйк быў пасвячоны каралевай Лізаветай у рыцары. Нядзіўна, што многія імкнуліся да яго славы, але з часам ператварыліся ў звычайных крыважэрных рабаўнікоў.

Прываціраў і буканьераў часта называюць «піратамі», што не зусім карэктна, паміж імі ёсць розніца. Прываціры (яны ж каперы або карсары) выкарыстоўвалі прыватныя судны для нападзенняў на замежныя караблі з афіцыйнага дазволу ўрада. Па сутнасці гэта было знакамітым легальным пірацтвам у Карыбскім басейне пад брытанскім сцягам. Ужо ў ХVІ стагоддзі многія брытанскія судны мелі дакумент, які дазваляў атакаваць, рабаваць і захопліваць караблі іншых краін — і ў першую чаргу іспанскія. Частку здабычы яны павінны былі аддаваць ураду, астатняе пакідалі сабе. Аднак калі прываціры трапляліся ў рукі ворага, іх судзілі і каралі смерцю як піратаў.

Буканьеры ж у сваёй масе — гэта людзі па-за законам, альбо маракі-дэзерціры, альбо беглыя рабы. Спярша яны зараблялі на жыццё тым, што гатавалі мяса і прадавалі яго рыбакам. Іх гісторыя захавалася ў самім слове — buссаn азначае драўляную раму, на якой вэндзілі мяса. Даволі хутка ад мірнага гандлю буканьеры перайшлі да захопу судна. Нападалі яны, як правіла, з джунгляў: калі чыйсьці карабель з'яўляўся паблізу, некалькі буканьераў скакалі ў шлюп і дабіраліся да мэты. Асноўнай базай буканьераў была тэрыторыя сучасных Гаіці і Дамініканскай Рэспублікі. Пазней яны былі выгнаныя адтуль іспанцамі і перабраліся ў раён Ямайкі.

Любімая зброя буканьераў — мушкет. Яго выкарыстоўвалі для палявання на дзікоў, а таксама калі патрабавалася трапіць у рулявога на судне саперніка з адлегласці ў 250 метраў. Мушкет часам называюць «абардажным пісталетам», што падкрэслівае яго верную службу ў марской ваеннай справе.
У яго вельмі моцная аддача, таму стралялі з яго ад сцягна, каб не выбіць сабе плячо. Буканьеры былі выдатнымі стралкамі. Яшчэ адна ўпадабаная агнястрэльная зброя буканьераў — крэмневы пісталет. Піраты мелі пры сабе некалькі пісталетаў, таму што кожны з іх трэба было перазараджаць пасля стрэлу. Таксама піраты часта карысталіся гранатамі: у полы металічны шар дыяметрам 12 см зараджалі прыкладна 140 грам пораху. Акрамя агнястрэльнай зброі, нязменным спадарожнікам піратаў, прываціраў і буканьераў былі абардажная шабля і корцік.

Крукі замест рук, драўляныя ногі, чорная павязка на вока — тыповы вобраз пірата, знаёмы нават дзіцяці. Асноўная прычына пірацкіх пратэзаў была не столькі ў саміх цяжкіх раненнях, якія яны атрымлівалі, колькі ў інфекцыях. Кулю ці асколак можна было выдаліць з раны, але ў большасці выпадкаў усё роўна пачыналася заражэнне, што прыводзіла да гангрэны. Ампутацыя была на той момант адзіным спосабам захаваць жыццё і не памерці ў страшных пакутах. Праўда, умовы правядзення аперацыі маглі канкурыраваць са смяротнымі катаваннямі. Так, хворага прывязвалі да стала, улівалі ў яго немалую колькасць знакамітага пірацкага напою — рому, пасля чаго ўстаўлялі ў рот скураны рэмень — каб ад болю пацыент не пракусіў сабе язык. Пасля гэтага, як і належала, накладвалі жгут вышэй раны, скуру і мяккія тканкі разразалі вострым нажом, а дайшоўшы да косці, бралі пілу. Уся працэдура праходзіла досыць хутка — ад 30 да 60 секунд у залежнасці ад кваліфікацыі «лекара». Зразумела, што такая аперацыя не гарантавала выжыванне, многія пасля яе гінулі. Але шанц усё ж быў.

Генры Морган — яшчэ адно імя, якое на слыху сярод піратазнаўцаў. Морган рэдкі прадстаўнік пірацкай браціі, які мірна памёр ад сухотаў у 53 гады, а не быў пакараны ці забіты. Такі лёс напаткаў яго таму, што ён не пусціўся «ва ўсе цяжкія», як яго многія паплечнікі. Ён набыў славу яркага лідара і грознага заваёўніка. Служачы англійскай кароне, ён змагаўся з іспанскім уплывам: разрабаваў горад Пуэрта-дэль-Прынсыпе (цяпер тэрыторыя Кубы), Партабела ў Панаме, захапіў гарады Маракайба і Гібралтар у сучаснай Венесуэле і спаліў дашчэнту горад Панаму. Дзякуючы шматлікім перамогам на славу англійскага прастола, Генры Морган быў прызначаны віцэ-губернатарам Ямайкі. Але пірат, нават калі ён і губернатар, усё роўна пірат: зверствы Генры Моргана падчас паходаў кажуць пра тое, што ён кіраваўся не толькі патрыятычнымі матывамі. Ён і яго людзі бязлітасна катавалі захопленых грамадзян, каб выведаць, дзе знаходзяцца багацці. Тое, як ён распраўляўся з палоннымі, падобна на сярэднявечны змрок. Што, як мы ведаем, не перашкодзіла яму стаць ганаровым грамадзянінам ва ўладзе. Па легендзе, ён таксама з'яўляецца аўтарам Пірацкага кодэкса.

Капітан Чарльз Вейн — узорны прыклад пірацкага жыцця, жорсткага і кароткага. Англійскі пірат Вейн, сучаснік і нават сябар Чорнай Барады, пачаў сваю пірацкую кар'еру ў 1716 годзе, у 1718-м стаў капітанам і набыў рэпутацыю чалавека бязлітаснага і злоснага, якога баялася і ненавідзела нават уласная каманда. Аднойчы, захапіўшы чарговае судна, разрабаваўшы яго і перабіўшы амаль усю каманду, капітан Вейн выбраў аднаго чалавека для павешання. Нейкім цудам гэты чалавек выжыў: яго вынялі з пятлі, але выявілі, што ён усё яшчэ жывы. Тады яму перасеклі ключыцу шабляй і кінулі на палаючым судне. Аднак няшчасны выжыў і гэтым разам. Больш за тое, ён дабраўся да сушы і распавёў пра зверствы Вейна. Чарльз Вейн — адзін з нямногіх піратаў, які не прыняў каралеўскага памілавання і праз 4 гады сваёй кар'еры быў павешаны. Пірацкі шлях Вейна скончыўся пасля бунту на яго судне, калі каманда пакінула яго ў невялікім шлюпе з адданымі паплечнікамі. Але як толькі іх выкінула на бераг, мясцовы жыхар апазнаў знакамітага пірата і здаў уладам.

Эдвард Лау праславіўся як пірат-псіхапат. Свой флот ён стварыў у Новай Шатландыі, дзе захапіў 13 рыбалоўных суднаў, а пасля перабраўся ў больш прыбытковы Карыбскі басейн. Разам з пірацкімі поспехамі расла яго жорсткасць і дрэнная слава нягоднага чалавека. Ён вызначаўся вар'яцкімі выхадкамі — прычыняў сваім палонным дзікія калецтвы, спальваў людзей, расчляняў іх і нават прымушаў членаў каманды захопленага судна з'ядаць сэрца свайго капітана. Нават для самых адчайных піратаў метады Эдварда Лау лічыліся непрымальнымі. Таму праз тры гады яго капітанскага статусу каманда Лау ўзбунтавалася і высадзіла свайго правадыра на бязлюдным востраве. Што сталася з ім пасля, гісторыя маўчыць.

Франсуа Аланэ, яшчэ адзін грозны француз-пірат, які ненавідзеў іспанцаў, за што яго празвалі «біч іспанцаў». Ва ўзросце каля 20 гадоў Франсуа Аланэ (народжаны пад імем Жан-Давід Но) наняўся салдатам у Вест-Індскую кампанію, а у 1660 годзе далучыўся да карыбскіх буканьераў, і пачаўся яго крывавы тэрор. Ведаючы яго нораў, іспанцы біліся ў баі да апошняга, разумеючы, што лепш загінуць, чым трапіць у палон. У 1663 годзе карабель Аланэ пацярпеў крушэнне, і ўся каманда загінула. Калі іспанцы наблізіліся, каб пераканацца ў яго гібелі, Аланэ прыкінуўся мёртвым, схаваўшыся сярод цел сваіх былых паплечнікаў. Затым ён пераапрануўся ў іспанца і ўцёк.

Далей Аланэ атакаваў горада Маракайба і Гібралтар, праяўляючы неймаверную жорсткасць у адносінах да іспанскіх жыхароў. У 1668 годзе яго флот быў захоплены іспанцамі. Самому Аланэ ўдалося збегчы: ён спрабаваў схавацца ў джунглях, але быў схоплены абарыгенамі. Па чутках, тыя абышліся з ім гэтак жа дзіка, як ён распраўляўся з іспанцамі, — ён быў жыўцом разарваны на часткі, а затым з'едзены.

Аліўе Левасер па мянушцы Сцярвятнік служыў французскай кароне ў ролі прывацёра падчас вайны за іспанскую спадчыну. Калі вайна завяршылася, яму было загадана адпраўляцца дадому. Аднак Левасер ад такой перспектывы адмовіўся і ў 1716 годзе далучыўся да групы піратаў, якія арудавалі ў Індыйскім акіяне і каля заходніх берагоў Афрыкі: многія піраты перамясціліся туды з Атлантыкі, калі ўлады Англіі і Францыі вырашылі пакласці канец піратам Карыбскага мора. Разам з іншымі піратамі Левасер захапіў і разбурыў дашчэнту горад Віда, які знаходзіцца на тэрыторыі сучаснага Беніна. З 1720 года Сцярвятнік асвоіўся на астравах у раёне Мадагаскара.

Левасеру пашчасціла завалодаць незлічонымі скарбамі: без асаблівых высілкаў яго каманда захапіла партугальскае судна, якое перавозіла скарбы патрыярха Вест-Індыі і віцэ-караля Партугаліі. Здабыча была багатая: незлічоныя скрыні, поўныя залатых і срэбных манет, каштоўных камянёў, рэлігійных артэфактаў.

У 1724 годзе Левасер пачаў перамовы з французскім урадам аб памілаванні, але Францыя запатрабавала ўзамен занадта апетытную долю маёмасці, і пірат палічыў за лепшае хавацца на Сейшэльскіх астравах. У 1730 годзе ён усё ж быў схоплены і павешаны. Паводле легенды, ужо стоячы каля шыбеніцы, Левасер кінуў у натоўп каралі і ўсклікнуў: «Знайдзі мае скарбы, калі можаш!» Каралі ўяўлялі сабой крыптаграму з 17 ліній, але тайнае пасланне апынулася занадта складаным, каб яго разгадалі. Так што скарбы Левасера дагэтуль чакаюць свайго новага ўладальніка.

Сэмюэль «Чорны Сэм» Бэламі — найвядомейшы брытанскі пірат, «дзейнасць» якога з'яўляецца самай паспяховай за ўсю гісторыю пірацтва. Яго кар'ера ў якасці капітана пірацкага брыга «Уайда» і камандзіра пірацкай флатыліі працягвалася ўсяго адзін год (!), на працягу якога ён са сваёй камандай прымудрыўся ўзяць на абардаж больш за 50 судоў (!), захапіўшы каласальную здабычу, якая склала, па звестках часопіса «Форбс», 120 мільёнаў долараў! Прынц піратаў і яго флатылія загінулі 27 красавіка 1717 года падчас шторму. Толькі на патанулым караблі Чорнага Сэма было каля чатырох з паловай тон серабра і золата. У 1984 годзе Бары Кліфарду, прафесійнаму паляўнічаму на скарбы, нарэшце ўдалося адшукаць і падняць на паверхню малую частку здабычы піратаў, якая была ацэненая экспертамі ў мільёны долараў. Аднак далейшыя намаганні нырцоў не прынеслі вынікаў, а пошук асноўнай часткі скарбаў Бэламі працягваецца і дагэтуль.

Матэрыял падрыхтаваў Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by

Загаловак у газеце: Вялізныя скарбы і кароткае жыццё

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.