Вы тут

Навабранцы ў беларускай арміі прынялі прысягу


У легендарных Пячах пад Барысавам у мінулую суботу, як гаворыцца, яблыку не было дзе ўпасці. Шмат людзей прыехалі туды на ўласных аўто, а з чыгуначнага прыпынку ішлі сапраўдныя калоны. Плыні накіроўваліся ў 72-і гвардзейскі аб'яднаны вучэбны цэнтр падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. Менавіта там больш за 1700 навабранцаў, прызваных увесну, вымаўлялі ўрачыстыя клятвы на вернасць Радзіме.


— Момант прыняцця прысягі заўжды быў вельмі адказны. І мы вельмі доўга рыхтаваліся да гэтага, — кажа салдат Цімур Бурыеў, які неўзабаве стане артылерыстам. Атрымлівае зараз і дадатковую спецыялізацыю — радыётэлеграфіста. Кажа, што яна яму вельмі падабаецца.

— Я моцна хвалявалася, аддаючы сына ў армію, — гаворыць маці Цімура Святлана Шатанава. — Перажываю. Але лічу, што гэта добрая школа для мужчыны. І ён мусіць стаць сапраўдным абаронцам.

Андрэй Свірскі трапіў у войска пасля таго, як скончыў БДУ. Там ён атрымаў спецыяльнасць інжынера па тэлекамунікацыях.

— Думаю, яна мне будзе дарэчы падчас навучальнага перыяду, які працягнецца некалькі месяцаў, — разважае Андрэй. — Да службы я быў гатовы як фізічна, так і маральна. Ведаў, што пасля таго, як атрымаю дыплом, мне прыйдзе і павестка. А так доўгі час займаўся тэквандо.

Маці і бацька Андрэя прыехалі з Віцебска.

— За савецкім часам я служыў у чыгуначных войсках у Калінінградскай вобласці і ў Эстонскай ССР, — кажа Уладзімір Свірскі. — Пасля ўніверсітэта быў прызваны афіцэрам на два гады. Андрэй жа будзе служыць год. У параўнанні з савецкім часам цяпер значна лягчэй.

Міністр абароны Андрэй Раўкоў пасля цырымоніі прыняцця ваеннай прысягі зазначыў, што ў новага папаўнення ёсць выдатны патэнцыял.

— Трэба кваліфікавана рыхтаваць кадры, здольныя выканаць тыя задачы, якія перад ім стаяць. Гэтым мы і займаемся. А кадраў хапае. Хачу пажадаць навабранцам не баяцца цяжкасцяў службы, паважаць і падтрымліваць адзін аднаго.

У навабранцаў цяпер тэарэтычную вучобу будуць змяняць практыкаванні на тэхніцы, палявыя паходы, стрэльбы. І больш за тое — некаторыя з іх ужо ў верасні возьмуць удзел у сумесным вучэнні Узброеных Сіл Беларусі і Расіі «Захад-2017».

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».