Вы тут

У сталіцы ў Верхнім горадзе з'явіліся ўнікальныя арт-аб'екты


Студэнты Акадэміі мастацтваў распісалі шэсць фартухоў светлавых апор у каляровай гаме, уласцівай слуцкім паясам. Праект рэалізаваны ў межах акцыі «Мінчане роднаму гораду» і накіраваны на аднаўленне гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.


Кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна г. Мінска Ігар БУЗОЎСКІ і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар МАРЗАЛЮК у час мерапрыемства.

Дызайн саміх апор з узорамі, якія выкарыстоўваліся на паясах, быў распрацаваны мастаком Мікалаем Міхалапам. Перад вайной ён быў першым дырэктарам Дзяржаўнай карціннай галерэі г. Мінска, а ў пасляваенныя гады стаяў на чале мастацкай прамысловасці БССР. Дарэчы, калекцыя знакамітых на ўвесь свет паясоў захоўвалася менавіта ў гэтай галерэі, але падчас Вялікай Айчыннай вайны была страчана. Мікалай Пракопавіч пастараўся захаваць памяць аб нацыянальным сімвале ў гарадскім асяроддзі, па ўсім Мінску выкарыстана каля тысячы такіх апор. Першыя варыянты выконваліся з чыгуну, цяпер жа іх часткова замянілі лёгказборныя пластыкавыя канструкцыі. Аднак, магчыма, горад вернецца да сувымернага па кошце першапачатковага варыянта.

З ініцыятывай яшчэ больш увагі прыцягнуць да гістарычнага здабытку выступіла адміністрацыя Цэнтральнага раёна горада Мінска, якую падтрымалі Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, прадпрыемства «Мінская спадчына» і Мінгарвыканкам. Суарганізатарам урачыстага адкрыцця аб'ектаў стала Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Падчас мерапрыемства таксама можна было ўбачыць цяперашнія слуцкія паясы, якія вырабляе аб'яднанне «Белмастацпромыслы», пазнаёміцца з калекцыяй адзення з элементамі нацыянальнага беларускага арнаменту. Была арганізавана выстава-продаж сувенірнай прадукцыі.

Першы намеснік Кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта Максім РЫЖАНКОЎ  набывае сувеніры.

— У ходзе работы над аб'ектамі шмат хто задаваў пытанне: а ці трэба гэта рабіць? І толькі людзі, якія разумеюць, што такое душа, каштоўнасці, гісторыя і культура народа, здолелі пераканаць, што такія рэчы складаюць і будучую гісторыю нашай маладой Беларусі, — падчас урачыстага адкрыцця адзначыў кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна г. Мінска Ігар БУЗОЎСКІ.

Мастак Аляксандр НЕСЦЯРОВІЧ

Асноўныя работы па падборы колеравай гамы, выніковы варыянт якой зацвярджаў цэлы савет, і роспісу аб'ектаў узяў на сябе студэнт пятага курса Акадэміі мастацтваў Аляксандр НЕСЦЯРОВІЧ. Аляксандр прызнаецца, што перш чым прыступіць да справы, вывучыў велізарны аб'ём інфармацыі, сама ж работа, дзякуючы дапамозе сакурснікаў, заняла каля месяца. Для пяці слупоў абраная аднолькавая колеравая гама і толькі адзін зроблены «пад бронзу». Усе яны распісаны эмальнай фарбай, а зверху пакрытыя стойкім лакам. Так што кожны год абнаўляць іх не прыйдзецца, яны ўстойлівыя да солевага ўздзеяння. Студэнты Акадэміі мастацтваў паабяцалі ўзяць аб'екты пад свой «патранаж». Магчыма, у хуткім часе менавіта ў форме падобных праектаў яны будуць выконваць свае дыпломныя работы.

Сімвалічна, што для роспісу апор быў абраны менавіта Верхні горад, дзе праходзіць мноства культурных мерапрыемстваў, у тым ліку і гістарычнай накіраванасці. Дарэчы, малюнак на апорах у рэнесанснай традыцыі сімвалізуе дрэва жыцця ці трохузроўневую мадэль свету.

Дар'я КАСКО

kasko@vіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: «Слуцкія паясы» вакол ліхтарнага слупа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».