Вы тут

Няпрошаныя госці


Няпрошаныя госці

— Ну, што? Казала я табе? — Аксана  скрыжавала на грудзях азяблыя рукі і адкінулася на спінку сядзення. – Разумны дужа?

— Не пачынай… — Алесь паклаў далонь на стырно і асуджана ўздыхнуў, углядаючыся праз акно машыны ў цемру, дзе ашалела мітусіліся калматыя сняжынкі.

— Вось казала мне маці…

— Хопіць, Аксана! — ён счапіў рукі і незадаволена паглядзеў на дзяўчыну. — Калі ўжо на тое пайшло, дык гэта ты вінаватая, нашто было ў такое надвор’е да чорта на кулічкі сунуцца!

— А-а, вось як ты запеў! Ну дык давай усё для шлюбу ў нас і набудзем! Нічога, што сукенка ў тры разы даражэйшая, ты ж багаты ў мяне!

Алесь сцяў зубы і зноў вярнуўся да дарэмных спробаў завесці рухавік.

Аксана нэрвова схавала за вуха бялявы завіток валасоў і ўтаропілася ў акно. Вецер мацнеў. Апускалася ноч, ахіляючы трапяткімі завірушнымі крыламі ўсё наваколле, быццам намагалася праглынуць машыну, што самотна стаяла сярод заснежанага поля.

Алесь раз за разам упарта круціў ключ, і матор раз за разам  адгукаўся глухім рыкам ледзь жывога звера. Нарэшце ён зашпіліў цёплую куртку, накінуў каптур і неахвотна вылез з непаслухмянага опеля. Гучна бразнуў дзвярыма, ажно закружыліся ў салоне дробныя калючыя сняжынкі.

Аксана таксама шчыльней захуталася ў доўгую рудую дублёнку і нецярпліва застукала тонкімі абцасамі боцікаў па мокраму гумаваму дыванку. Хутка чакаць ёй надакучыла, дзяўчына расчыніла  дзверцы  і ступіла ў мяккі глыбокі снег. У твар дыхнула холадам і вільготным паветрам, сыпанула ў вочы колкімі  сняжынкамі.

— Алесік, —заенчыла Аксана, абыходзячы машыну і правальваючыся па шчыкалатку ў тугі рыпучы снег. — Міленькі, увамкні печку, халодна!

— Як я яе табе ўвамкну, калі акамулятар здох? — буркнуў Алесь з-пад капота.

— Не крыўдуй, — крэпка абняла яго шыю Аксана. — Ну? Алесік? Проста стаміліся… Хутчэй бы дадому… — і прыціснулася нафарбаванымі вуснамі да Алесевай халоднай шчакі.

Потым зірнула пад капот, быццам чакала ўбачыць там рашэнне праблемы, схавала рукі ў рукавы,  нібы ў муфтачку, і кінула адсутны позірк удалячынь.

— Ой, глядзі, машына! – радасна штурхнула яна локцем Алеся. Той зноў узняў галаву, жмурачыся  ад колкага снегу, што бязлітасна сыпаў у вочы. – Ну вунь жа ж! Хіба не бачыш? Святло мільгае! – не адставала Аксана. – Каля самага лесу!

Алесь прыглядзеўся больш уважліва:

— То не машына. На адным месцы зіхаціць.

— Хата?

— Не, па мапе да вёскі далёка.

— Па мапе…Вось і трэба было па мапе ехаць, а не па твайму дурному навігатару! Трыста метраў направа, трыста метраў налева! – яе светлыя валасы церабіліся ліхім ветрам,  нібы мяккая шаўкавістая трава.

— Ды прычым тут гэта! – грукнуў капотам Алесь. – Дарогу хацелі зрэзаць.

— Зрэзалі… Ну, што стаіш? Ідзі, паглядзі! — і жаласліва дадала: — Калі ласачка-а-а…

Алесь недаверліва ўглядаўся ў цьмяны агеньчык. Потым кінуў позірк  на незадаволены твар Аксаны і паслухмяна пакрочыў на святло, правальваючыся ў рыхлы снег амаль па калена. Дзяўчына тапталася на месцы, шморгала носам і прытанцоўвала.

Аднекуль з глыбіні лесу данеслася надрыўнае выццё. Аксана страпянулася і пабегла ўслед за будучым мужам, скачучы па яго глыбокіх слядах  і  замятаючы крысамі дублёнкі пухнатыя сумёты.

— А машыну хто глядзець будзе? – спыніўся Алесь.

— Адна баюся, лепш з табою, – нявеста зазірнула яму ў вочы і ўзяла пад руку. Воўчае выццё цяпер чулася зусім блізка, і Аксана мацней сціснула локаць мужчыны.

— Добра, счакай, – Алесь вызваліўся з яе рук і пабег да машыны. Забраў маленькую жаночую торбачку, замкнуў дзверы і заспяшаўся да сваёй нявесты, якая не пераставала баязліва азірацца па баках.

Ісці па глыбокім снезе было цяжка. Аксана крэпка трымалася за Алесеву руку і ледзь перастаўляла ногі ў ботах на тонкіх высокіх абцасах.  

Поцемкі наваліліся хутка. Стылае чорнаснежнае неба навісла над белым полем, змешваючыся з ім. Зараз вецер дзьмуў у спіну, і ісці стала лягчэй.  Скрозь бясконцую завірушную мітусню, нібы маяк, памільгваў самотны жаўтлявы агенчык.

Насустрач выступалі зубчастыя грэбні чорнага лесу, які стаяў абапал заснежанай прасёлкавай дарогі. Раптам выплыла з завірухі і паўстала перад  вачыма невялікая крывенькая хацінка. Маленькае акенца кідала бледнае святло на маўклівы снег, патанала ў ім. Шызы дым, што выходзіў са старога коміна, не паспяваў узняцца ўгору,  к чорнаму небу, як адзічэлы вецер прыціскаў яго долу і бязлітасна трапаў ва ўсе бакі. Пахла хвояй і смалой.

Старэнькі тын пакасіўся пад цяжарам снежных шапак. Групка  высокіх раскідзістых дрэў навісала над хатай, змыкаючы чорнае вузлаватае галлё, і хвастала пад ударамі ветру па даху. За самай хатай злавесна узнімаліся змрочныя  грабяні густога лесу.

Алесь спыніўся і насцярожана зірнуў на Аксану. Дзяўчына стаяла ў нерашучасці і трывожна ўглядалася ў маленькае акенца, вакол якога няспынна мітусіліся белыя снежныя мятлікі. Калі звярынае выццё пачулася зусім побач, Аксана мацней сціснула сваю торбачку і заспяшалася наперад. Яна з цяжкасцю прабрался праз рэдкі тын да старой хацінкі, што паглядала на свет адным вокам, і нясмела загрукала у размалёванную марозам шыбу.  Пачакала з хвіліну і затарабаніла зноў. За вакном мільгануў зыбкі цень, і праз колькі хвілін рыпнулі дзверы.

— Хто там? – пачуўся з цемры  асіплы старэчы голас.

— Добры вечар! –   Аксана ўзнялася на дыбачкі і выцягла шыю, каб лепш разгледзець  гаспадара. – У нас машына зламалася!

— Дзе трактар можна ўзяць, не скажаце? – смела ступіў наперад Алесь. – Я заплачу́.

— Не ведаю, – пачулася ў адказ. – Там, за лесам, вёска.

На гэтым размова скончылася, дзверы грукнулі. Аксана не паспела адкрыць рот, каб упікнуць Алеся ў нерашучасці, як па храбусткаму снегу заспяшаліся да веснічак мяккія таропкія крокі.

Неўзабаве над плотам паказалася сівая галава і  кручканосы  маршчыністы твар з доўгай ускудлачанай барадой, якая развівалася на ветры.

— Што трэба? – стары вышэй узняў каўнер кажуха, хаваючыся ад колкага снегу.

— Машына, кажу, заглохла, – паўтарыў хлопец. – Акумулятар, відаць, здох…Падкурыць бы.

Стары маўчаў у роздуме. Алесь маўчаў таксама, чакаючы адказу і якой-небудзь прапановы.

Нарэшце загаварыла Аксана:

— Змерзла я зусім, і печка не працуе, халера яе бяры!

Стары зразумеў гэта правільна: адразу задрымцеў старымі веснічкамі, каб упусціць  няпрошаных гасцей. Затым згорбіўся яшчэ больш, захутаўся ў стары кажух і пакрочыў у хату. Следам заспяшалася Аксана. Алесь сяк-так зачыніў веснічкі і пабег за ёю.

— Сюды, – вуглаватая постаць знікла за нізкімі дзвярыма, і госці нырнулі следам.

Хата дыхнула ў твар цяплом, гаркаватым пахам сасновай смалы і нейкіх зёлак. Стары скінуў у сенцах кажух і ў вялізных валёнках пакрочыў далей. Госці  кінулі вопратку на стары куфар, пакінулі мокры абутак на плеценым палавічку і пашлёпалі па цёплай драўлянай падлозе ўслед. Мінулі яшчэ крэпкую драўляную лесвіцу наверх і, адкідаючы трухлявую фіранку, увайшлі ў цесную куханьку, палову якой займала  даўно нябеленая  печ. Над ёй  звісалі пучкі сушаных зёлак і нанізаныя на нітку вялізныя капялюшы грыбоў. На падлозе ляжалі вілкі і абы-як зваленыя дровы.

Стары ўладкаваўся на абшарпаным зэдліку каля самага стала, на якім самотна прымасцілася газавая лямпа. Яе цьмянае святло дрыжэла і калыхалася на аконным шкле.

Алесь незадаволена разглядаў гаспадара. Залапленыя нагавіцы былі запраўлены ў валёнкі, брудная камізэлька, з-пад якой выглядала шэрая ільняная кашуля, зашпілена на адзін гузік. Стары ссунуў густыя сівыя бровы і засяроджана стругаў нешта ножычкам з палена. Мяккая жоўтая стружка  снегападам  сыпалася на падлогу.

Аксана апусцілася на другі зэдлік і падціснула азяблыя ногі ў тонкіх калготках. Абвяла позіркам пакой. З цёмнага вугла выглядаў завалены хламам і старой вопраткай тапчан. Над ім – пасечаны моллю дыван з  казулямі і паляўнічымі.

— Вёска за лесам, – хрыпла паўтарыў стары, не адрываючыся ад сваёй справы.

— Гэта мы ўжо зразумелі, –  пагадзіўся Алесь, разглядаючы небагатую абстаноўку.

— А мы з рынку едзем, накуплялі ўсяго для вяселля. Адно мытню пераехалі, а тут завея, – весела шчабятала Аксана. – І ваўкі. Чулі, як выюць?

Яна паёжылася.

Стары адклаў у бок  ножычак і прымружыў  глыбокія чорныя вочы:

— Спаць наверсе будзеце, – узняў ён тонкі вузлаваты палец, бледны, як печ. Затым падняўся, адкрыў  брудную засланку і падкінуў у чорную пашчу печы некалькі паленцаў. Весела затрашчаў у ёй чырвоны агеньчык, які з задавальненненм заглытваў бярозавыя дровы. – Спаць трэба, – пазяхнуў стары. –  А заўтра двор мне пачысціце.

— Дык не пытанне, – адказаў Алесь і прыціснуў да сябе разгубленую  нерадушным прыёмам Аксану. – Але невядома, ці завея сціхне.

— Сціхне, – расшпіліў стары адзіны гузік патрапанай камізэлькі. – Ваўчок на пагоду вые.

— А-а-а, зразумела… – нацягнута ўсміхнулася Аксана. Павярнулася да Алеся і закаціла вочы, каб паказаць, што стары ўжо зусім не цяміць. Ледзь утрымалася, каб не пакруціць пальцам каля скроні.

— Кавы? – спытаў стары, пільна ўглядаючыся ў расчырванелы ад цяпла твар дзяўчыны.

— Не. А мы гэта…перашкаджаць вам не будзем? – пацікавілася яна.

— Вы мне – не. Толькі сядзіце там наверсе ціхенька…Ох, і дрэнная ноч… – яго вочы патухлі, і ён пачаў змятаць са стала хлебныя дробкі ў зморшчаную сухую далонь.

— Дык мы пайшлі? Наверх? – на ўсялякі выпадак перапыталася Аксана і ўзнялася з зэдліка.

Стары кіўнуў і працягнуў займацца сваёй няхітрай справай.

Госці вярнуліся ў цёмныя сенцы.

— Дзе тут лесвіца, каб яе… –  Алесь мацаў у прыцемках па сцяне.

— Чакай, зараз мабільнік знайду, – закешкалася  ля куфра дзяўчына і выцягла з торбачкі мабільны.

— Ловіць?

— Не. Хоць пасвячу, каб шыю не зламілі, – яна павесіла торбачку на плячо, націснула кнопку і пачала аглядаць цесныя сенцы.

— Пайшлі, – махнуў галавой Алесь, запрашаючы  нявесту наверх. – Усё лепш, чым у халоднай машыне начаваць.

— Ага, тым больш з ваўкамі, – пагадзілася дзяўчына. На ўсялякі выпадак павярнула ў свідравіне вялікі каваны ключ і заспяшалася па рыпучай лесвіцы наверх, абцягваючы вузкую сукенку.

– Ай! – раптам крыкнула Аксана. – Алесік! Павуцінне ў валасах заблыталася! Фу, брыдота! Знімі!

Алесь спачатку расчыніў люк, затым падаў даме руку. І толькі апасля таго, як хныкаючая Аксана апынулася на саламяным матрацы, ласкава правёў па яе мяккіх валасах рукой:

— Не крычы, няма там нічога.

— І павукоў няма? – памацала яна галаву.

— Не, – ён узяў з яе рук мабільнік, асвяціў памяшканне і хутка выключыў яго, пакуль Аксана не заўважыла павуцінне, што звісала са столі ў дальніх вуглах.

— Ён што, на вышкі нас адправіў? – дзяўчына прысунулася бліжэй.

— Здаецца, так, – Алесь намацаў гару мяккіх пуховых падушак і прыцягнуў іх да сябе. – Душна тут…

— Дужа гасцінна, – уздыхнула Аксана  і палезла ў кішэню. – Сам бы сюды лез, сыч  стары…Цукерку будзеш? Шакаладную?

— Давай, – Алесь зашамацеў фанцікам. – Добра. Трэба ўкладацца, заўтра яшчэ двор чысціць і па трактарам ісці.

 Аксана хуценька запляла коску, а затым грэбліва агледзела матрац і падушкі. Яны здаваліся чыстымі і нават салодка пахлі невядомымі зёлкамі, ад якіх пачынала кланіць у сон.

Вочы паспелі прызвычаіцца да цемры, і дзяўчына ячшэ доўга ўглядалася ў маленькае акенца, за якім мітусіліся пялёсткамі мяккія сняжынкі. Бялюткія-бялюткія, нібы  найпрыгажэйшая ў свеце вясельная сукенка і пышная карункавая фата.

І толькі яна паспела заплюшчыць вочы, як пачулася працяглае жалобнае выццё.

— Алесь! Алесік! – заштурхала яго дзяўчына. – Воўк!

— То вецер у коміне гудзіць, спі, – пазяхнуў Алесь.

Але выццё пачулася зноў. На гэты раз зусім блізка. Хутка да пранізлівай звярынай песні далучыўся яшчэ адзін голас… І эшчэ адзін.

— Алесік, я баюся, – спалохана зашаптала Аксана і мацней учапілася ў ягоную руку.

— Бач, развыліся, сапраўдны канцэрт зладзілі!  – Алесь неахвотна ўзняўся з  матраца і паклыпаў да маленькага акенца.

Цікаўная дзяўчына пакрочыла  ўслед.

— Ну, што? –  узнялася яна на дыбачкі і вызірнула з-за яго пляча.

— Мяце.

— Бачу, што мяце. А ваўкі? Там?

— Няма нікога. У лесе недзе выюць.

— А гэта? – тыкнула яна тоненькім пальчыкам з яркім пазногцем у аконную раму.

Алесь кінуў позірк на нерухомую цень каля  плота і зглытнуў.

Вялізны  калматы звер сядзеў зусім блізка, амаль пад хатай. Праз колькі часу ён узняў к небу  страшэнную морду і завыў так, што па скуры пабеглі мурашкі. На яго покліч адгукнулася з дзясятак звярыных галасоў, хутка паказаліся і іх уладальнікі.

Лясныя драпежнікі  ўпэўнена падбіраліся да хаты, варушачы касматымі худымі лапаткамі.

Нягледзячы на завею, Аксане здавалася, што цьмянае святло кухоннай газнічкі адлюстоўваецца і  скача ў іх ашалелых вачах.

— Мо сабакі? – з надзеяй папыталася дзяўчына.

— Не. Ваўкі, дакладна, – Алесь зацікаўлена разглядаў нахабных звяроў. – Стары, напэўна, прыкарміў.

— Навошта?

— А хто яго ведае. Ты ж і сама бачыла – крыху ён не ў сабе. Жыве сам у лесе, як бірук той. Тут не тое што з ваўкамі – з вавёркамі пасябруеш. Хадзем спаць.

— Ай! –  ускрыкнула яна, калі раптам у шыбу грукнула  нешта чорнае. – Мамачкі! Кажан!

— Не выдумляй, кажаны ўзімку не водзяцца, спяць.

— Ты ўпэўнены?

— Абсалютна. Ну ты  як маленькая. Сама падумай, ім есці няма чаго.

— А хто гэта тады? – не жадала здавацца дзяўчына.

— Птушка, напэўна, – Алесь пільна ўглядаўся ў цемру. – Так і ёсць. Вунь, глядзі, на дрэве сядзіць, – кіўнуў ён галавой.

Аксана ўзняла вочы на разлапістае старое дрэва і жахнулася:  таўшчэзныя гузаватыя галіны спрэс былі аблелены чорнымі птушкамі, нібы макавым зернем. Некалькі дзясяткаў кружылі над хатай, разгортваючы на паветраных патоках  мяцежныя крылы.

— Алесік…гэта…гэта крумкачы, –  трывожна зашаптала дзяўчына.

— А хоць бы і так. Што з таго? Кормяцца, чым  ваўкі не з’ядуць. Мы спаць сёння будзем?

— А табе не здаецца дзіўным, што ў такую завіруху птушкі і звяры не хаваюцца? – у голас папыталася Аксана, толькі яны ўлягліся.

— Мілая, давай спаць. Заўтра ўжо дома будзем, на сваёй канапе.

— Алесік,  ну, Алесь! – ізноў парушыла яна цішыню праз некалькі хвілін. – Там скрабецца нехта…

— Няма там нікога, спі ўжо! – буркнуў ён у адказ.

— А я кажу, ёсць! Схадзі, паглядзі. Там, у кутку. А раптам мыш?

— Ну мыш і мыш. Не з’есць яна цябе.

— Алесь! – дзяўчына  патрабавальна штурхнула яго ў плечы. – Хто з нас мужчына? Ідзі, кажу!

Алесь нешта прабубнеў сабе пад нос, але паслухмяна паплёўся ў дальні кут, асвятляючы дарогу экранам мабільніка.

Праз хвіліну ён вярнуўся на сваё месца,  вымкнуў тэлефон і сабраўся улегчыся на другі бок. Але пад рукой піскнула, нешта мяккае і гарачае  прабегла маленькімі чэпкімі лапкамі па  сцягне.

Аглушальна  заверашчала  Аксана:

— Пацук! Пацук! – яна ўскочыла на ногі і адчайна затупала. Затым скокнула ў бок, пры гэтым стукнулася галавой аб нізкую балку і заблыталася ў павуцінні.

Алесь, як і належыць сапраўднаму абаронцу, кінуўся на дапамогу, гатовы  засланіць ад бяды, суцешыць і выцерці слёзы.

Але, на яго здзіўленне, слёз не было зусім.

— К чорту яго,  дзеда гэтага! –  гнеўна крыкнула дзяўчына і нават сціснула маленькія кулачкі. – Мы ідзём да машыны!

— Куды, да ваўкоў? – Алесь усё яшчэ трымаў яе за тонкія плечы.

— Дык ідзі і разбярыся! – вызвалілася яна з абдымкаў. – Няхай ваўкоў сваіх прагоніць і эвакуатар знойдзе! Грошай дай!

Алесь зусім не збіраўся выконваць усе яе капрызы і жадункі – выпраўляць старога ў завею, сярод ночы, на вуліцу,  але вырашыў усё ж спусціцца ўніз і дамовіцца з гаспадаром  пра больш зручныя ўмовы, хоць бы дзеля Аксаны. Ды і яму як ніяк выспацца трэба – заўтра раніцай зноў за  стырно.

Алесь падняў за кольца пыльны драўляны люк і пачаў асцярожна, трымаючыся за рублёныя сцены, спускацца ўніз. Святла ў хаце не было – адзіная лямпа ўжо даўно  патухла.

— Мі-я-а-а-аў! – кінуўся яму пад ногі пухнаты камячок і ледзь не збіў.

— А-а, каб цябе! – вылаяўся Алесь ў цемру і сплюнуў пад ногі. – Ідзі вунь, мышэй лаві, лайдак!

Следам, спатыкалася і скакала праз прыступкі Аксана:

— Алесік, родненькі, я адна баюся. Там іх – вокам не акінуць, скрабуцца, варушацца…Я лепш з табою, – яна выняла тэлефон і націснула кнопку, каб пасвяціць.

— Эй, дзед, – баязліва зашаптаў Алесь у цемру, а потым абярнуўся да дзяўчыны: – Як зваць яго, дарэчы? – у адказ Аксана пацепнула плячыма і насцярожана замерла. Прывіднае блакітнае святло экрана падала на яе твар.

Зазірнулі ў кухню. Печка ўсё яшчэ пыхкала жарам, за чорнай  засланкай ціхенька патрэсквалі сухія палены. Мабільнік слаба асвяціў невялічкі пакойчык і тапчан з гарою зваленага  рыззя. Старога нідзе не было бачна.

Аксана мацней сціснула ў руцэ тэлефон і  нерашуча  пакрочыла за печ:

— Эй! Ёсць тут хто? Дзядуля?

Ніякага адказу не прагучала.

Дзяўчына асвяціла адзінае акенца і войкнула: на імгненне  ёй падалося, што два вялікіх, жаўтлявых, як поўня, вока ўтаропіліся на яе праз шыбу. Яна хуценька заплюшчыла і расплюшчыла вочы, забіла вейкамі.

Нікога не было, толькі раіліся за акном  белымі мятлікамі  вострыя снежныя шматкі.

— Куды стары падзеўся? – насцярожана абярнулася Аксана і чамусьці перайшла на шэпт.

— Пэўна на вуліцы, ваўкоў корміць…Мо наверх лепей вернемся? – Алесь нэрвова перамінаўся з нагі на нагу.

— Ціха…Чуеш, за печчу нехта варушыцца? – яна асцярожна наблізілася да печы, што бялела ў прыцемках, і баязліва зазірнула за яе. Пранізліва ўскрыкнула, адскочыла далей  і панеслася прэч, кінуўшы тэлефон  і ледзь не збіўшы Алеся з ног.

Хлопец рушыў за ёй, у сенцы, дзе Аксана, босая, шалёна тузала ручку дзвярэй. Дзяўчыну калаціла.

— Што? Што, Аксаначка? Навошта дзверы ламаеш?

— Там…за печчу…змей цэлы клубок… – яе голас дрыжаў. – Ключ! Павінен быць ключ, я сама замыкала! – яна  пачала мацаць рукамі па чорнай падлозе. Ударылася аб вядро, што стаяла ля парога. З яго лінулася студзёная вада з рэшткамі снегу.

— Табе падалося, – Алесь таксама апусціў рукі ў пошуках запаветнага ключа,  – змеі спяць узімку.

Не паспела Аксана набраць паветра, каб паспрачацца, як на лесвіцы пачуліся крокі, зарыпелі недзе побач старыя масніцы. У кухні бразнула, і пачуўся брыдкі віскатлівы гук, нібы хтосьці драпнуў па шкле. Ізноў  захалодзіла душу патрабавальнае звярынае выццё.

— Ой, мамкі мае, – здушана зашаптала Аксана і прыціснула да грудзей рукі. – Зараз нас саміх ваўкам скормяць…

Знянацку нешта моцна бухнула ў дзверы, быццам хто з разгону вырашыў вынесці іх. Ляпнуў уверсе люк, зашумацелі, забегалі ў цемры таропкія крокі,  хтосьці кулём пакаціўся ўніз.

Алесь  падхапіў нявесту за талію і нырнуў у нізкія дзверы пад лесвіцай з надзеяй адшукаць за імі гаспадара. Яны апынуліся ў цеснай каморцы, дзе акрамя павуціння, сухіх зёлак, пустых гаршкоў і збаноў на драўляных стэлажах і палічках, нічога не было.

Аксана ўселася на  пыльны куфар і ўсхліпнула.

— Ну, ціха-ціха, не плач, – Алесь прыхіліў да сябе яе галаву. – Усё будзе добра.

— Ага, будзе…Да сапраўднага ведзьмака патрапілі…У пракляты дом, як у фільме, ведаеш?

Алесь спрачацца не стаў, а толькі ціхенька прымасціўся побач:

— Калі б гэта ўсё раніцай адбывалася, то і зусім не страшна…Ці хоць святло б якое ў хаце было…

Жудасны вой пачуўся, здавалася, пад самымі дзвярыма, у хаце. Нехта задрапаў па дзвярам каморы. Забразгалі дзверы, заляскалі аканіцы. Затрэслася, загула, захадзіла хадуном хата.

Алесь падскочыў і пачаў спешна засланяць дзверы, барыкадаю настаўляючы адно на адно ўсё, што траплялася пад руку: лаву, паліцы, з якіх сыпаліся гаршкі, скрыні і нават кошыкі.

Прыціскаючыся адно да аднаго, як спалоханыя верабейчыкі, яны сядзелі на бруднай падлозе і дрыжалі ад страху.

За дзвярыма мільгала  туманнае нежывое  святло, мітусіліся вуглаватыя цені, не сціхала звярынае выццё. Грукат мэблі, рыпанне масніц і ціхі шэпт не змаўкалі ні на хвіліну.

На досвітку, праўда, усё сціхла, і змучаныя бяссоннай ноччу госці нарэшце паснулі на цёплай драўлянай падлозе.

Разбудзіў іх нясмелы стук  у дзверы.

— Дзеткі! Дзеткі, вы тут? – пачуўся лагодны старэчы голас.

Першым страпянуўся і адкрыў вочы Алесь, спалохана паглядзеў на вузкую палоску сонечнага святла пад дзвярыма.

— Дзетачкі, спіце, ці што?

— Не адчыняй, – шапнула Аксана, уяўляючы сабе старога з вялізным нажом у руках, і ў голас папыталася: – Хто там?

— Гаспадар ваш, – ветліва адказаў стары. – Не балуйцеся, адчыняйце. Будзем самавар ставіць, я ўжо і аладак напек…

Алесь адсунуў у бок наваленую старую мэблю  і баязліва прыадчыніў дзверы, упускаючы мяккія сонечныя прамяні, у якіх круціліся парушынкі.

— Хуценька, давайце, – стары ўсміхаўся і выціраў высахлыя маршчыністыя  рукі вісячым на худых плячах ручніком. – Вецер сціх, час у дарогу.

Алесь праводзіў спакойнага старога позіркам і дзівіўся. Усе начныя жахі здаваліся цяпер неверагодным  чароўным сном.

Аксана выскачыла з каморкі і заспяшалася ў кухню, адкуль цудоўна пахла свежымі аладкамі.

 

— Ну, вы даеце!  –  нязлосна смяяўся стары ў доўгую сівую бараду, пакуль  госці з апетытам елі сняданак і распавядалі пра свае начныя прыгоды. – Куры засмяюць!  От гора! І дзе ж вы  на маім двары ваўкоў пабачылі? То сабака мой, Ваўчок, у хату прасіўся! Ці драпежнікаў адчуў, ці змерз у будцы. Ну, а мышы калі ёсць, то гэта гультай не спраўляецца, – стары ткнуў хударлявым пальцам у бок шэрага паласатага ката. Той сядзеў ля печы і ляніва лупаў блішчастымі  залатымі вачыма, нібы згаджаўся з гаспадаром.

— А крумкачы? – не жадала здавацца настойлівая  дзяўчына.

— А што крумкачы? – прыгладзіў сівую бараду стары. – Птушкі вольныя, хіба адкажуць?

 — А змеі за печчу?

— Ой, змеі…Вунь яны, змеі вашыя, – ён кіўнуў у бок скручаных вяровак. –  Вось таму і прасіў вас наверсе ціхенька сядзець.

Мяне не тое што сын у горад, а нават у гэты, як яго, дом для састарэлых не бяруць. З такою, значыць, хваробай.

Лунатык я. Самнамбула, па-вучонаму, – стары кінуў у свой кубак лыжку мёду і працягнуў: – Абы што вытвараю, ды зранку і не памятаю нічога. То на гарышчы прачнуся, то ў склепе, то ў каморы – галава курыная! От прыдумаў ключ ад дзвярэй у халодную ваду ці ў снег хаваць, так хоць ачухаюся ад холаду.  А то выйду з хаты бяспамятны ды заблукаю дзе ў лесе –  шукай ветра ў полі!

— Ой, мамачкі! –  гарэзліва рассмяялася Аксана і пацягнулася за наступнай аладкай, смачнай, толькі з печы. – А я ледзь  душу Богу не аддала! Тузаю-тузаю тыя дзверы, як дурніца!

Гледзячы на яе,  расплыўся ў бяззубай  вінаватай усмешцы і стары.

— А хіба лекаў ад гэтай хваробы няма? – насупіўся Алесь і падзьмуў на гарачую гарбату з ліпавым цветам.

— А ты чаго сядзіш, як мамыль? – ускінуў густыя бровы дзед. – З хвіліны на хвіліну трактар прыедзе. Так што лахі пад пахі – і да машыны!

Алесь адсунуў гарачы кубак у бок і падскочыў да акна. І праўда, з занесенага снегам пагорка спускаўся і дымеў новенькі сіні трактарок.

— Вось дык дзед! – Алесь на хаду ўскочыў у боты, схапіў куртку і выскачыў за дзверы, адно пяты замільгалі.

— Пабег як падсмалены, – глянуў у вакно стары і падбавіў кіпню.

— Вы прабачце нас, –   раптам пасур’ёзнела Аксана. – Двор пачысціць абяцалі…

— Няхай сабе, – махнуў ён сухарлявай рукой. – Перажыву. І ты бяжы, вавёрка гарэзлівая, годзе табе языком часаць…

У сенцах Аксана абула мяккія боцікі, зашпіліла дублёнку і  затрэсла сухую руку старога:

— Дзякуй, дзякуй вам вялікі!

Стары моўчкі кіўнуў,  усунуў у яе рукі торбачку і выправіў за дзверы.

Дзяўчына радасна заспяшалася скрозь бязмерныя маўклівыя  сумёты. Лімоннае  сонца сляпіла вочы і гуляла на іскрыстым звонкім снезе мірыядамі блікаў – бісерынак, пацерак, блёстак, нібы  на доўгачаканай вясельнай сукенцы.

 

Высокі хударлявы хлопец  сядзеў ў кабіне трактара і пакрысе выцягваў занесеную снегам аўтоўку. Рухавік хрыпеў і кашляў, але працаваць адказваўся.

— Нічога, да Калінкавічаў дацягну, да Генкі на аўтасервіс! Свечы заменіць! – гучна, перакрыкваючы роў трактарку, сказаў малады кіроўца, калі Аксана уладкавалася побач. – Вам пашэнціла, што я сёння ў горад, гэтай дарогай рэдка хто едзе!

Дзяўчына абярнулася назад. За стырном старога опеля сядзеў у цёплай куртцы  Алесь, які адразу ўсміхнуўся і замахаў ёй рукой.

— Дык вам не наш стары хіба тэлефанаваў? – узняла яна блакітныя дапытлівыя вочы.

— Які яшчэ стары?

— Ну, той, – няўпэўнена паказала яна рукой. – На ўскрайку лесу жыве.

— Ніхто там не жыве, – паціснуў плячыма трактарыст.

— Ну як жа …Мы ў яго начавалі і …Ой! мабільнік забылася! – спляснула рукамі дзяўчына. – Калі ласка, вельмі вас прашу, едзьце той дарогай, каля лесу. Я тэлефон забяру і  яшчэ раз падзякую.

Трактарыст моўчкі ўтаропіўся ў яе.

— Я  хуценька, –  міла усміхнулася Аксана.

— Я ж кажу, што няма там нікога. Быў там калісьці хутар, гадоў сто таму назад. Ды разваліўся, парос ужо даўно. Адно мо гадзюкі  водзяцца. Ды сіла нячыстая – ці то лесавікі, ці то дамавікі, – ён пасур’ёзнеў і панізіў голас:  – Праўда-праўда, бабця мая казала…Праклятае месца

— Ага, – засмяялася Аксана, – добрыя байкі, толькі нешта вы блытаеце.  Я  вам не пра хутар закінуты распавядаю, а пра хату  ля самага лесу, маленькую такую, тынам  абнесеную. Туды мне трэба.

— Ну-ну, – уздыхнуў кіроўца  і дадаў газу. Трактар запоўз на ўзгорак,  нырнуў носам кнізу і запыхкаў да лесу, адкуль вялі нядаўнія сляды цяжкіх Алесевых бацінак і лёгкія, маленькія – Аксаніных боцікаў.

На старым чорным дрэве і  гнілым плоце гаманілі, спрачаліся між сабой панурыя  крумкачы. Далей віднеліся рэшткі калісяшніх будынкаў і разбураны каменны падмурак хаты, над якім сіратліва ўздымаўся прыпарушаны свежым снегам комін. Сляды Аксаніных боцікаў вялі акурат туды.

  • Што, спыняемся? – ленавата спытаў хлопец. – Будзеш свой тэлефон шукаць?

Збялелая Аксана адчула, як на галаве заварушыліся валасы, і здушана вымавіла:

—  Бог з ім, едзем. Новы куплю…

 

Юльяна Пятрэнка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?