24 Кастрычнік, аўторак

Вы тут

«Што перашкаджае сёння больш актыўнаму зносу старых дамоў?»


З такім пытаннем мы звярнуліся да тых, хто займаецца рэалізацыяй Указа Прэзідэнта №100 «Аб мерах па ўдасканальванні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці».


Старшыня Гродзенскага раённага Савета дэпутатаў Ігар Лябецкі:

— Вядома, у ступар нас уводзіць сітуацыя, калі ў дома няма гаспадароў. Дакладней, людзі могуць жыць за мяжой, а дом у гэты час не абслугоўваецца, і парадак не наводзіцца. Таксама цяжкасці выклікае сітуацыя, калі на ўчастку знаходзіцца толькі падмурак або недабудаваная хата. Незразумела, што будзе далей рабіць уладальнік. Я лічу, што Указ №100, паводле якога і адбываецца знос падобных будынкаў, абавязкова патрэбны. Чаму? У нас у раёне сапраўды шмат аддаленых старых дамоў, а ў вёсках трэба наводзіць парадак. Важны момант таксама заключаецца ў тым, што потым зямлю, якая вызваляецца пасля зносу дома, мы перадаём альбо ў сельскагаспадарчы абарот, альбо тым грамадзянам, якія хочуць там нешта пасадзіць, вырасціць.

Старшыня Жарскага сельскага Савета дэпутатаў Ушацкага раёна Святлана Міхейка:

— Найцяжэй адшукаць нашчадкаў уладальнікаў дамоў, якія знаходзяцца ў Расіі, іншых краінах і даўно сюды не прыязджалі. Дамы стаяць недагледжаныя, траву на ўчастку ніхто не косіць. Гэта значыць, па ўсіх нормах такія дамы ўваходзяць у катэгорыю старых, трухлявых, аднак дастукацца да ўласнікаў вельмі няпроста. Больш за тое, сваякі адмаўляюцца даваць кантакты ўладальнікаў, не гавораць сапраўдны адрас пражывання. Чаму яны так робяць? Магчыма, каб захаваць дамы. Але навошта, калі ніхто іх не даглядае? Яшчэ адзін момант — застрахаваныя хаты. Калі ёсць страхоўка, то такі дом зносіць нельга, нават калі яго стан вельмі дрэнны. Мы дасылаем іх уласнікам прадпісанні, але яны не з'яўляюцца. Многія грамадзяне лічаць, што калі яны праігнаруюць паведамленне, то ніякіх далейшых крокаў не будзе. У людзей пэўная абыякавасць з гэтай нагоды. Яны кажуць: «Мне гэта не трэба, карыстацца і прыязджаць не буду». Але пры гэтым старая хата працягвае стаяць.

Генеральны дырэктар камунальнага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства «Жыллёва-камунальная гаспадарка» г. Пінска Алег Курадавец:

— Сёння сапраўды не хапае фінансаў. Тэхнічных магчымасцяў для зносу вельмі шмат, аднак існуе праблема з фінансаваннем. У нас зараз такая сітуацыя: восем дамоў трэба зносіць, а мы можам знесці толькі чатыры. Навошта трэба фінансаванне? Людзям заплаціць зарплату, тэхніку заправіць, будаўнічыя адходы прыбраць і ўтылізаваць...

Вось і выдаткі. Старое жыллё, калі яно ўяўляе пагрозу жыццю і здароўю грамадзян, трэба адназначна зносіць. Складанасці перыядычна ўзнікаюць з канкрэтнымі людзьмі, паколькі кожны чалавек распараджаецца ўласнай тэрыторыяй па-свойму. Некаторыя спадзяюцца адрамантаваць дом, хоць рамонт абыдзецца ў такую суму, што танней будзе знесці старую хату і пабудаваць новую.

Начальнік землеўпарадкавальнай службы Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Ірына Петручэня:

— Наша служба вырашае пытанні па зямлі, калі ўчастак ужо свабодны, таму ў нас, па сутнасці, праблем быць і не павінна. Усё залежыць ад месцазнаходжання: калі ўчастак можна выкарыстоўваць для сяўбы сельскагаспадарчых культур, то яго мэтазгодна перадаць сельскагаспадарчай арганізацыі. У іншых выпадках на ўчастку можна размясціць аб'ект будаўніцтва — напрыклад, іншы дом. Ёсць людзі, якія маюць патрэбу ў жыллі і якія ў адміністрацыйна-тэрытарыяльных межах населенага пункта могуць пабудаваць дом на гэтым месцы. Праблем у нас няма, паколькі ўсё ўрэгулявана Указам №100. Перадача зямлі залежыць ад канкрэтнага населенага пункта. Калі ў вёсцы застаецца адзін або два жыхары, то, хутчэй за ўсё, участак адыдзе сельскагаспадарчай арганізацыі, бо хто яшчэ будзе выкарыстоўваць гэтую зямлю, акрамя яе. Ёсць пустуючыя хаты і ў аграгарадках. Там дзейнічаем па сітуацыі — можна і дом пабудаваць. У кожным выпадку — сваё рашэнне.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Восень у Ляўках

Восень у Ляўках

Mузейны комплекс “Ляўкі” з’яўляецца філіялам Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і знаходзіцца ў Аршанскім раёне на беразе Дняпра.

Грамадства

Размытыя крытэрыі «сацыяльнай небяспекі»

Размытыя крытэрыі «сацыяльнай небяспекі»

Калі дзіця прыходзіць у школу непадрыхтаванае, гэта неабавязкова азначае, што дома ў яго няма ўмоў рабіць урокі.

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.