24 Кастрычнік, аўторак

Вы тут

Савет Рэспублікі наведалі прадстаўнікі парламента Ізраіля


Беларусь і Ізраіль шмат што звязвае. Гады не толькі ўсталяваных дыпламатычных, эканамічных, гандлёвых сувязяў, але перш за ўсё чалавечых, асабістых. На тэрыторыі гэтай краіны пражывае каля 200 тысяч нашых суайчыннікаў. На мінулым тыдні верхнюю палату беларускага парламента наведала віцэ-спікер кнесэта Ізраіля, старшыня Лігі міжпарламенцкай дружбы «Ізраіль — Беларусь» Талі ПЛОСКАЎ, якая прапанавала больш актыўна развіваць турыстычную сферу нашых адносін.


«Мы рады таму, што ў нас развіваюцца міжпарламенцкія кантакты. Іх актывізацыя ўсяляе веру і надзею, што ў нас будуць вырашацца і эканамічныя, і палітычныя, і міжнародныя пытанні. Мы досыць актыўна падтрымліваем адзін аднаго на міжнародных пляцоўках. Мяркую, нам варта гэту палітыку захаваць і, безумоўна, і надалей паглыбляць двухбаковае супрацоўніцтва», — адзначыў падчас сустрэчы Міхаіл МЯСНІКОВІЧ, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Паводле яго слоў, у Беларусі і Ізраіля велізарны патэнцыял для паглыблення двухбаковага супрацоўніцтва.

Спікер верхняй палаты беларускага парламента дадаў, што дагаворна-прававая база паміж нашымі краінамі нядрэнна распрацавана. «Але супрацоўніцтва — гэта як язда на веласіпедзе: пастаянна трэба круціць педалі, каб не ўпасці», — лічыць парламентарый. Менавіта таму заканадаўчыя акты павінны распрацоўвацца пастаянна, «каб стварыць максімум камфорту для супрацоўніцтва нашых грамадзян ва ўсіх сферах».

Акрамя таго, парламентарый прапанаваў разгледзець пытанні гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага, навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Пры гэтым краінам важна пераходзіць ад гандлёвага партнёрства да стварэння сумесных прадпрыемстваў і вытворчасцяў. На яго думку, менавіта гэта, а не «купля і продаж», цэментуе адносіны паміж дзяржавамі. Адным з такіх перспектыўных кірункаў разглядаецца супрацоўніцтва ў фармацэўтычнай галіне. Было прапанавана абмеркаваць магчымасць стварэння сумесных прадпрыемстваў і вытворчасцяў па выпуску лекавых сродкаў з наступнай арганізацыяй іх экспарту не толькі на рынак Беларусі, але і іншых краін Еўразійскага эканамічнага саюза.

«Той тавараабарот, які склаўся паміж нашымі краінамі, не задавальняе ні адну, ні другую краіну — каля $100 млн», — заявіў пасля сустрэчы Аляксандр ПАПКОЎ, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, кіраўнік рабочай групы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з парламентам Дзяржавы Ізраіль. На яго думку, найбольш перспектыўныя кірункі развіцця двухбаковых адносін — навукова-тэхнічны, кааперацыйныя сувязі, турыстычны, культурны, ахова здароўя, сельская гаспадарка.

«Гэта дазволіць здзейсніць цэлы шэраг праектаў, якія выведуць нас на добрыя вынікі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Але не ўсё заключаецца ў эканоміцы. Ёсць пытанні і палітычнага ўзроўню», — сказаў сенатар і нагадаў, як шмат беларусаў пражывае ў Ізраілі і што яны імкнуцца падтрымліваць стасункі з Радзімай. «Мяркую, у нас будзе дапрацавана дарожная карта, якая дазволіць нам больш цесна арганізаваць узаемнае супрацоўніцтва», — дадаў старшыня Пастаяннай камісіі.

У сваю чаргу Талі Плоскаў прапанавала працаваць па дакладным плане, у якім прапісаны прыкладны графік двухбаковых сустрэч, іх тэматыка. Адна з тэм — турызм. «Людзі, якія прыехалі з Еўропы, вельмі сумуюць па тых лясах і рэках, якімі шчодра адорана Беларусь. Акрамя таго, чалавек, які пражыў немалую частку жыцця тут, заўжды з радасцю вернецца на Радзіму ўжо турыстам, каб прыгадаць мінуўшчыну», — сказала замежная госця.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Гэту палітыку варта захаваць

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Восень у Ляўках

Восень у Ляўках

Mузейны комплекс “Ляўкі” з’яўляецца філіялам Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і знаходзіцца ў Аршанскім раёне на беразе Дняпра.

Грамадства

Размытыя крытэрыі «сацыяльнай небяспекі»

Размытыя крытэрыі «сацыяльнай небяспекі»

Калі дзіця прыходзіць у школу непадрыхтаванае, гэта неабавязкова азначае, што дома ў яго няма ўмоў рабіць урокі.

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.