Вы тут

Як працуюць комплексныя прыёмныя пункты і каму яны патрэбны?


З таго часу, як чалавек пачаў ваўсю асвойваць лічбавыя прасторы, інтэрнэт-крамы абяцаюць даставіць патрэбную рэч практычна да парога. Але тое ў гарадах. А вясковы жыхар па старой звычцы кіруецца альбо ў найбліжэйшы раённы цэнтр, альбо да мясцовага комплекснага прыёмнага пункта. Іншая справа, што сёння можа прапанаваць КПП свайму наведвальніку?


«Спе­цы­фі­ка ра­бо­ты на вёс­цы — трэ­ба зна­хо­дзіць агуль­ную мо­ву з кож­ным па­куп­ні­ком», — лі­чыць ды­рэк­тар КБА Ка­мя­нец­ка­га ра­ё­на Ана­толь Хо­міч (у цэнт­ры).

Калі паглядзець на праграму развіцця вёскі, то ў аграгарадку, акрамя ўжо згаданай установы, павінны быць ФАП, пошта, школа — уся неабходная інфраструктура. Насамрэч жа мы бачым, што ў маленькіх вёсачках бытавыя паслугі застаюцца незапатрабаваныя. Што далей — здагадацца няцяжка. Пасля аптымізацыі будынак аказваецца не пры справе, а жыхары падладжваюцца пад новыя ўмовы.

— Калі я толькі прыйшоў на работу ў 2010 годзе, ва ўсіх раёнах былі камбінаты бытавога абслугоўвання. А потым ільготы для фінансавання паступова пачалі знікаць, бытавыя паслугі сталі далучаць да абавязкаў ЖКГ, як, напрыклад, было зроблена ў суседнім Бярозаўскім раёне. Камунальнікі больш свабодныя ў плане грошай, адпаведна, і магчымасцяў у іх як бы больш. Яшчэ адзін сусед — Кобрынскі раён — прапаноўвае займаць нішу бытавых паслуг на сяле прыватнікам. У мяне ж пакуль работу пераняць ніхто не хоча, — тлумачыць Анатоль Хоміч, дырэктар камбіната бытавога абслугоўвання Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. На кантролі гэтага КБА сёння знаходзяцца 15 комплексных прыёмных пункатаў, 14 з іх — у сельскай мясцовасці.

Вітаем тым, што маем

Першы наш прыпынак — у аграгарадку Турна Вялікая. Нягледзячы на назву, жыве тут усяго каля 500 чалавек, большая частка дарослых працуе ў мясцовым калгасе. Прыёмны пункт выглядае стандартна. Калісьці такія модулі з металапластыку выпускалі па прапанове Белбыту, а тыповую канструкцыю манціравалі потым адразу на месцы. Унутры, як і звонку, пануе мінімалізм, хоць ні зацёртай падлогі, ні абсыпаных сцен не відаць. Прыёмшчыца Таццяна Гамзюк паказвае асартымент рэчаў і паслуг. На першы погляд, выбар небагаты. Некалькі варыянтаў пасцельнай бялізны, коўдры, падушкі, скрыні з посудам. На вешалцы чатыры-пяць халатаў і камізэлек.

— Гэта ўзоры, — тлумачыць прыёмшчыца. — Усю прадукцыю КБА шые самастойна, але адразу завозіць вялікую партыю тавараў не можа. Пакупнікі бачаць прапанаваныя мадэлі і па іх замаўляюць варыянт для сябе, прычым папярэдне можна абгаварыць параметры: памер, колер. Усе пажаданні я запісваю ў журнал, а потым аддаю заказы на камбінат. Праз тыдзень, калі прыязджае машына з новым таварам, чалавек можа забраць сваю рэч.

Акрамя гэтага, на КПП адзенне можна яшчэ і адрамантаваць або здаць у хімчыстку. Вяскоўцы нясуць сюды абутак для рамонту, заказваюць майстра па рамонце мэблі, бытавой тэхнікі... Асаблівай папулярнасцю карыстаецца работа цырульніка. а ў невялікім пакойчыку Таццяна Гамзюк захоўвае труну і вянкі — рытуальныя паслугі для КПП таксама абавязковыя.

Раз на тыдзень жанчына бярэ машыну і аб'язджае суседнія вёсачкі. Там яна ўжо наладжвае кантакты са старастамі. І калі раптоўна хто з жыхароў захоча памяняць мэблю, адрамантаваць што-небудзь ці падстрыгчыся — тэлефануюць у Турну Вялікую, і Таццяна высылае майстра.

— Праблема ў тым, што аграгарадок наш невялікі, — разважае Анатоль Хоміч. — За месяц агульная выручка тут складае каля тысячы рублёў. Зімою, калі ўлічыць, што ацяпляецца КПП электрычнасцю, гэтай сумы не заўсёды хапае, нават каб пакрыць тарыф. Але закрываць пункт таксама нельга.

Так што замест аптымізацыі будынкаў ідзе аптымізацыя працы. У ідэале цырульнік, швачка і майстар па рамонце абутку павінны мець пастаяннае месца ў аграгарадку. Насамрэч жа цырульніка прывозіць вадзіцель раз на тыдзень, а рамантуюць туфлі на КБА. Таццяна Сцяпанаўна, як і іншыя прыёмшчыцы, прайшла навучанне на курсах швачак у Брэсце. Са складанай работай яна можа і не справіцца, але падкараціць даўжыню штаноў, ушыць «маланку» — ніякіх пытанняў. Прычым за такую падпрацоўку жанчына мае 50 працэнтаў ад кошту паслугі. Хоць на вялікі заробак усё роўна разлічваць не прыходзіцца. Прыёмшчыцы за рэалізацыю цырульніцкіх, рытуальных паслуг і рамонту абутку атрымліваюць 9 працэнтаў ад выручкі. За ўсё астатняе, напрыклад, продаж спадарожных тавараў, шытых вырабаў, — 7 працэнтаў. Усяго на палове стаўкі з даплатамі атрымліваецца каля 150 рублёў у месяц.

— Вялікі заробак тут не атрымаеш, — тлумачыць дырэктар камбіната. — І я, і прыёмшчыцы гэта разумеем. Так што стараюся стварыць умовы, каб чалавек мог дадаткова чымсьці займацца, падпрацоўваць. Напрыклад у Турне Вялікай КПП адчынены з 10 да 14 гадзін, увесь астатні час для Таццяны вольны.

У аг­ра­га­ра­док Ка­ме­ню­кі цы­руль­нік пры­яз­джае двой­чы на ты­дзень. Асаб­лі­ва мно­га на­вед­валь­ні­каў за­піс­ва­ец­ца на су­бо­ту.

Мы тут — свае людзі

Пакуль пераязджаем на новае месца, Анатоль Хоміч разважае пра кантынгент наведвальнікаў. Можа падацца, што замаўляюць бытавыя паслугі людзі пажылыя, якім цяжка выбірацца ў горад. Аднак насамрэч малюнак зусім іншы. Пенсіянеры часта падтрымліваюць грашыма дзяцей, а самі кіруюцца прынцыпам эканоміі: «Хай мяне сусед пастрыжэ, усё роўна ніхто не ўбачыць, а стрыжка танней абыдзецца». Затое маладым сем'ям пастаянна нешта трэба ў гаспадарцы, а выехаць у горад часта не дазваляе работа. Ды і цэны ў магазінах «кусаюцца», калі параўноўваць з цэннікамі на КПП.

— Я не ведаю, як бы тут жылі без комплекснага пункта. Калі яго зачыніць, людзі будуць абурацца, — паказвае свае «ўладанні» Марыя Марчук, прыёмшчыца ў аграгарадку Каменюкі. — Тут жыве прыблізна паўтары тысячы чалавек, многія маюць работу ў Белавежскай пушчы, не кожны ў будні дзень можа на гадзіну з працы вырвацца. За абед хіба ў краму па хлеб паспееш заскочыць. А я па чацвяргах пачынаю падворны абход. Іду да крамы, заглядаю да некаторых у двор... Калі чалавек пажылы, ён мне сам тэлефануе, каб зазірнула, забрала той жа абутак на рамонт. Або калі сям'я працуе, я магу прынесці ім дадому коўдру з хімчысткі.

Марыя Кузьмінічна ў сваёй працы пачэсны ветэран. Мае падзякі і ганаровыя лісты, але лепш за ўсё пра бездакорную работу кажа стаж. На КПП у родных Каменюках жанчына працуе з 1981 года. Так што мясцовыя сваю прыёмшчыцу ведаюць амаль з дзяцінства і давяраюць ёй.

Давер да работніка — гэта адна са спецыфічных рыс работы на вёсцы. Дзякуючы яму комплексныя прыёмныя пункты вытрымліваюць канкурэнцыю з прыватнымі цырульнямі і майстэрнямі ў вялікіх аграгарадках. Калі майстар адпрацаваў побач з жыхарамі па 20—30 гадоў, у яго склалася кола пастаянных кліентаў. Ні да каго іншага гэтыя людзі ўжо не пойдуць.

— Фізічна праца нескладаная, а вось псіхалагічна трэба ўмець прыстасоўвацца. Прыёмшчык лічыцца матэрыяльна адказнай асобай, акрамя таго, у вёсцы я ўсіх ведаю, а ўсе ведаюць мяне. Калі раптам нейкі брак здарыцца ў КБА, то скардзіцца чалавек усё роўна прыйдзе да мяне. Таму трэба шукаць падыход да кожнага, каб не пакрыўдзіць і не сапсаваць адносіны. Выпраўляем, просім прабачэння, супакойваем, але гэта вельмі рэдкія сітуацыі. Падзякі часцей чуеш, — кажа Таццяна Шэмяцюк, прыёмшчыца ў аграгарадку Відамля.

Балансаванне на «залатой сярэдзіне»

Апошні прыпынак — у аграгарадку Белавежскі. Тут на комплексным прыёмным пункце працуе не толькі прыёмшчыца. У суседніх пакоях абсталяваны месцы для швачкі і майстра па рамонце абутку. Так што кашулі пакупнік атрымлівае ў літаральным сэнсе «адразу з-пад іголкі», а адрамантаваныя боты можна забіраць вечарам таго ж дня. Праўда, па словах дырэктара КБА, такую раскошу, як тры пастаянныя работнікі, камбінат можа дазволіць сабе толькі ў перспектыўных населеных пунктах з моцным калгасам і вялікай колькасцю працаздольных жыхароў.

— Цяжка знайсці сапраўды ўмелых майстроў, якія будуць згодны на невялікую зарплату і непастаянны попыт на свае паслугі. Даплачваць пэўную суму за кошт камбіната — таксама тупіковае рашэнне, гэта значыць працаваць сабе ў страту, — кажа Анатоль Хоміч. — Таму ў маленькіх КПП здаём незанятыя памяшканні ў арэнду ўласнікам, якія таксама аказваюць бытавыя паслугі. Тое ж самае і з плошчамі ў Доме быту. Індывідуальны прадпрымальнік атрымлівае гандлёвае месца, а КБА, акрамя прыбытку ад арэнды, дадаткова «збірае» пад адным дахам усе магчымыя паслугі: ад продажу новай мэблі да рамонту ноўтбукаў. Цяпер некаторыя КБА заключаюць дагаворы з іншымі арганізацыямі — на выраб мэблі, пашыў спецыяльнага адзення, пасцельнай бялізны. Але тут ёсць свае непрыемныя нюансы, і для мяне яны больш істотныя, чым магчымая выгада. Так што мы займаемся толькі работай з насельніцтвам. Лічу, што нашаму камбінату гэта ўдаецца: знаходзіць сярэдзіну паміж аптымізацыяй і патрэбамі людзей.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Камянецкі раён

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: «Хуткая дастаўка» са спецыфікай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?