Вы тут

Прадпрыемства «Рассвет» можа забяспечыць электрычнасцю ўсю Кіраўшчыну


Па сваіх памерах гаспадарка нагадвае міні-гарадок, дзе на плошчы больш чым 12 тысяч гектараў размясціліся сельгасугоддзі з малочнатаварнымі комплексамі, фермамі, аўтапаркам, рыбнымі сажалкамі, садамі і нават невялічкім аэрадромам для АН-2. Самалёт тут выкарыстоўваецца для апрацоўкі пасеваў і ўнясення мінеральных угнаенняў. На балансе таварыства ёсць таксама санаторый і гасцінічны комплекс. І трэба прыкласці нямала намаганняў, каб гэта ўсё працавала. Але гаспадарка не баіцца выкарыстоўваць новыя падыходы ў рабоце. Тут дакладна ёсць чаму павучыцца. Да Кіраўска ад цэнтральнай сядзібы «Рассвета», якая знаходзіцца ў аграгарадку Мышкавічы, усяго 5 кіламетраў. Некалькі хвілін па добрай асфальтавай дарозе — і мы ўжо на месцы.


З мясам, малаком і агароднінай

«Рассвет» спецыялізуецца на мяса-малочнай вытворчасці і мае развітую раслінаводчую і плодаагароднінную гаспадарку. У адкрытым і закрытым грунтах тут вырошчваюць памідоры, агуркі, капусту, цыбулю, моркву... Адны толькі цяпліцы тут займаюць плошчу ў 10 гектараў. З іх тры гектары адведзена пад спецыяльную энергазберагальную тэхналогію.

Звыш 200 гектараў тэрыторыі тутэйшых зямель аддадзена садам, большая частка з якіх пасаджана ў 2004—2006 гадах. Для захоўвання плодаагародніннай прадукцыі пабудавана сховішча на 5000 тон.

Сярэдняе пагалоўе буйной рагатай жывёлы складае ў гаспадарцы 8800 галоў, з іх — 2200 галоў дойнага статка. «У год вырабляем 1800 тон мяса плюс 14 300 тон малака, — удакладняе намеснік старшыні гаспадаркі Аляксандр Сухадольскі. — Уся прадукцыя жывёлагадоўлі, якая тут выпускаецца, рэнтабельная. А рэнтабельнасць па малаку складае наогул каля 40%. Гэта значыць, што на адзін укладзены ў справу рубель мы атрымліваем 1,4 рубля выручкі».

Высокая рэнтабельнасць дасягаецца і за кошт выкарыстання якаснага насення. Напрыклад, тутэйшая кукуруза выключна нямецкай селекцыі. Яе ўраджайнасць на зерне дасягае 130 ц/га, а зялёнай масы наогул да 500 ц/га.

А яшчэ тут вырошчваюць карпа, таўсталобіка, белага амура, шчупака і карася — каля 160 тон рыбы ў год. Уся яна рэалізуецца сваімі сіламі. Для гэтага ёсць уласны транспарт і два гандлёвыя пункты ў Магілёве і Бабруйску. Працуе і выязны гандаль.

А цяпер яшчэ і з біягазам

З 2012 года ў «Рассвеце» працуе біягазавая ўстаноўка магутнасцю 4,8 МВт/г — самая магутная ў Беларусі. Аб'ект узведзены за кошт крэдытных рэсурсаў замежных банкаў і ўкладанняў ААТ «Рассвет». Кошт устаноўкі складае 13,5 мільёна еўра, да 2019 года яна павінна акупіцца.

— На сённяшні дзень устаноўка вырабляе да 20 мільёнаў кВт у год, — паведаміла галоўны эканаміст гаспадаркі Ірына Бяляўская. — Уся электраэнергія, якая выпрацоўваецца ў нас, паступае ў Бабруйскія электрасеткі. Для нагляднасці, гэты аб'ём можа забяспечыць электраэнергіяй увесь Кіраўскі раён. Першыя 10 гадоў мы маем права прадаваць паліва па павышаных тарыфах, з каэфіцыентам 1,3. Так дзяржава падтрымлівае ініцыятывы па выкарыстанні альтэрнатыўных крыніц энергіі.

У аснове працэсу атрымання электраэнергіі і цяпла ляжыць анаэробнае разлажэнне арганікі з дапамогай бактэрый. У суткі трэба больш чым 300 тон гною і каля 100 тон сіласу. Бактэрыі выдзяляюць газ, і турбіны выпрацоўваюць электраэнергію. Адпрацаванае «паліва» — па сутнасці той жа самы гной, але толькі палепшанай якасці і без пустазелля, ідзе на палі.

Акрамя гэтага, гаспадарка атрымлівае цяпло для сваіх цяпліц. На гэта ідзе тая вада, якая выкарыстоўваецца для ахаладжэння рухавікоў.

Новыя магчымасці

Ад якасці біямасы залежыць і работа біягазавай устаноўкі.

— Жывёлу кормім спецыялізаванымі камбікармамі, якія самі і вырабляем, — удакладняе Аляксандр Сухадольскі. — Нарыхтоўваем сенажы, сілас, сена, дробнім салому і дабаўляем сакавітыя кармы. Вярнуліся да таго, ад чаго іншыя сыходзяць — да паўцукровых буракоў, там ёсць клятчатка і цукры.

Але ёсць і праблемы.

— У біямасе павінна быць не больш за 16% сухога рэчыва, — кажа першы намеснік старшыні таварыства Аляксандр Жылінскі. — А паколькі мы ў якасці падсцілкі для кароў выкарыстоўваем здробненую салому, то перавышаем неабходныя параметры.

Сёлета гаспадарка прыступіла да будаўніцтва новага комплексу для дойнага статка, які дапаможа вырашыць адначасова дзве праблемы — павялічыць вытворчасць малака і палепшыць якасць біямасы для біягазавай устаноўкі. Асаблівасць комплексу ў тым, што там не спатрэбіцца падсцілаць каровам салому, замест яе будуць выкарыстоўвацца каўчукавыя дываны. Ёсць і іншыя плюсы. Комплекс узводзіцца побач з біягазавай устаноўкай, а гэта дазволіць скараціць транспартныя расходы. У дадатак будзе праводзіцца ацяпленне комплексу за кошт біягазавай устаноўкі.

— Будучае за інавацыйнымі праектамі, — падкрэслівае старшыня ААТ «Рассвет» Аляксандр Багель. — Галоўнае, каб было жаданне працаваць, а не проста атрымліваць грошы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Жыць сёння, думаць пра заўтра

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Топ беларускіх дыялектызмаў, якія вы маглі не ведаць

Топ беларускіх дыялектызмаў, якія вы маглі не ведаць

Нязвыклая форма — заўсёды штуршок для пошуку.

Культура

Як мог выглядаць Мінск? Ведае беларускі архіў

Як мог выглядаць Мінск? Ведае беларускі архіў

Дзе замежнікі вывучаюць савецкую архітэктуру.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра бунт малога, выпадак на ферме і цікавае выступленне на вяселлі.