Вы тут

Як у Клецкім раёне вырашаюць праблему добраўпарадкавання


Вёска Дунайчыцы Кухчыцкага сельсавета Клецкага раёна з ліку неперспектыўных. Колькі гадоў таму тут было нямала закінутых домаўладанняў, пакуль мясцовыя ўлады не ўзяліся за навядзенне парадку...


Каля дома на вуліцы Савецкай завіхаюцца рабочыя — высеклі кусты і прыступаюць да разбору драўлянай пабудовы. Але мужчыны ў нерашучасці: на самым версе страхі буслы звілі сабе жытло.

— Перанясіце буслянку ў іншае месца, — раю ім.

— Гэта зрабіць няцяжка. Ды баімся: існуе павер'е, што нельга парушаць пакой гэтых птахаў, каб не наклікаць няшчасце на вёску, — дзеляцца сумненнямі мае суразмоўцы.

Пакуль яны рашаюць праблему месца буслінай прапіскі, накіроўваюся да іншага падворка. Будынак тут ужо практычна разбураны. Засталося прыбраць, а затым рэкультываваць участак. Насупраць яшчэ адзін дом. На першы погляд, выглядае нядрэнна. Тым не менш унутры гнілая падлога, напаўразбураная печ, са столі сыплецца труха.

— Такія пабудовы немэтазгодна перадаваць на баланс гаспадаркі, у нашым выпадку агракамбіната «Туча» — кіруючая кампанія «Мінск-Крышталь». Каб прывесці будыніну ў належны стан, які б адпавядаў супрацьпажарным, санітарным нормам, трэба ўкласці вялікія грошы, — тлумачыць старшыня Кухчыцкага сельскага Савета Святлана Турко. — Калі ў такіх трухлявых дамоў ёсць юрыдычны ўласнік, мы з ім працуем. Не прэтэндуе на сваю спадчыну чалавек — бяром у яго натарыяльна завераную адмову. Затым сельвыканкам прымае рашэнне аб далейшым лёсе дома. Як правіла, усе яны напаўразбураныя, таму адназначна падлягаюць зносу, а зямля перадаецца гаспадаркам для прыцягнення ў гаспадарчы абарот.

Хоць праблем па зносе пабудоў хапае. Часта «радавое гняздо» стаіць без нагляду гадамі, рушыцца. Трухлявыя дамы павінны са згоды спадчынніка перадавацца для далейшага выкарыстання суб'ектам гаспадарання. Але ў іх звычайна няма ўласнікаў. Як правіла, па хадайніцтве мясцовых улад суд прызнае іх безгаспадарчымі. Разам з тым у далейшым можа аб'явіцца спадчыннік, які праз дзясяткі гадоў раптам успомніў, дзе нарадзіўся, і прад'явіць прэтэнзіі: навошта разбурылі бацькоўскае гняздо? Такія прэцэдэнты ў Мінскай вобласці ўжо былі. Атрымліваецца, што сельвыканкам не застрахаваны ад такіх выпадкаў.

У раёне лічаць, што сапраўды наспеў час уносіць змяненні ва Указ Прэзідэнта №100 «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці», якія гарантавалі б абарону сельвыканкамам і ўзмацнялі адказнасць спадчыннікаў. Такія прапановы раённыя ўлады накіравалі ў Мінскі аблвыканкам.

У Дунайчыцах ёсць дамы, гаспадары якіх знаходзяцца ва ўстановах сацыяльнага пражывання. Звычайна гэта пажылыя людзі, у якіх няма ні сваякоў, ні блізкіх, якія маглі б даглядаць за нерухомасцю.

— У гэтым выпадку мы бяром у адзінокага чалавека дазвол, каб увесці зямлю вакол дома ў севазварот. Участак засяваем культурнымі травамі, збажыной, — кажа Святлана Анатолеўна.

На тэрыторыі сельсавета 13 населеных пунктаў, у тым ліку два аграгарадкі. Работа па добраўпарадкаванні вядзецца планамерна. У 2015 годзе знеслі 45 пустуючых і старых дамоў, у 2016-м — 22, сёлета за студзень — красавік — 20. У Клецкім раёне існуе добрая традыцыя: наводзіць парадак у сельскай мясцовасці талакой. Па распараджэнні старшыні райвыканкама Генадзя Салаўя ладзяцца суботнікі, і ўсе сілы накіроўваюцца на адпрацоўку аднаго канкрэтнага населенага пункта.

— Напрыклад, у сакавіку «дэсант» высадзіўся у Дунайчыцах. У ім прыняло ўдзел каля 300 чалавек з 22 раённых арганізацый. Кожная з іх забяспечыла сваіх людзей неабходнай тэхнікай, матэрыяламі, інструментамі, — канстатуе Святлана Турко. — У гэты дзень было прыбрана 26 участкаў. Акрамя таго, вялікую дапамогу нам аказваюць сельгасарганізацыі. Знос аднаго дома каштуе прыкладна 1000 рублёў. Вядома, нятанна, але яны ідуць на гэта, каб прыцягнуць зямлю ў севазварот: працуюць на перспектыву.

Гаспадаркі забіраюць сабе драўніну, якой ацяпляюць памяшканні. Рэшткі муроўкі ідуць на ўладкаванне дарог, пад'ездаў да фермаў, вытворчых памяшканняў. Што датычыцца фундамента і падвалаў, то яны засыпаюцца зямлёй і рэкультывуюцца. На ўчастках вакол пустуючых домаўладанняў часта ствараюцца звалкі. Чаго там толькі няма: пластыкавыя пакеты і бутэлькі, шкляны посуд, папера. У Кухчыцкім сельсавеце сёлета правялі эксперымент: накіравалі сюды грамадзян, якія адпрацоўвалі грамадскія работы. Яны асобна сабралі адходы па відах. Затым рассартаваную непатрэбшчыну мясцовая ЖКГ вывезла на перапрацоўку.

Вёска апошнім часам папрыгажэла і нібыта пасвятлела. Там, дзе стаялі развалюхі і рос быльнёг, цяпер з'явіліся роўныя, акуратныя лапікі пасеваў. Зрэшты, ва ўсім Клецкім раёне населеныя пункты мяняюцца на вачах. Разам з тым, як адзначыў старшыня райвыканкама Генадзь Салавей, у раёне застаецца 259 старых і 300 пустуючых дамоў. Нягледзячы на тое, што зносу надаецца значная ўвага, колькасць іх не зніжаецца — пажылыя людзі паміраюць, маладыя не вяртаюцца. Па словах Генадзя Міхайлавіча, добраўпарадкаванне перш за ўсё мае на мэце рацыянальнае выкарыстанне зямлі. За апошнія тры гады тут увялі ў севазварот 1300 гектараў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: І вёска нібыта пасвятлела

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.