Вы тут

Беларусь удзяляе прыярытэтную ўвагу падтрыманню абараназдольнасці


Бягучы тыдзень праходзіць пад знакам рэгіянальнай бяспекі. Звязана гэта з мерапрыемствамі, прыўрочанымі да старшынства нашай дзяржавы ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Учора кіраўнік краіны сустрэўся з міністрамі абаронных ведамстваў дзяржаў-удзельніц АДКБ.


Сёлета, дарэчы, адзначаецца 25-годдзе з моманту падпісання названага дагавора і 15-годдзе са дня ўтварэння Арганізацыі.

— Усе гэтыя гады ваенна-палітычную абстаноўку ў зоне адказнасці АДКБ нельга было назваць спакойнай, — канстатаваў беларускі лідар падчас сустрэчы з кіраўнікамі абаронных ведамстваў дзяржаў-членаў АДКБ. — На сучасным этапе яна яшчэ больш абвастраецца. Вы добра інфармаваныя пра падзеі, якія адбываюцца ў рэгіёнах калектыўнай бяспекі. Упэўнены, што нашы ацэнкі сённяшняга стану пагроз у розных сферах бяспекі супадаюць.

Найноўшая тэхніка на ўзбраенні

Калі наша дзяржава прымала старшынства ў Савеце калектыўнай бяспекі, мы вылучылі шэраг ініцыятыў, у тым ліку ў ваеннай сферы. Сярод іншага прапанавалі прыняць меры па практычнай рэалізацыі Стратэгіі калектыўнай бяспекі АДКБ, удасканаленні сістэмы крызіснага рэагавання, а таксама па паглыбленні супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай сферы. Пералічаныя меры, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, прадыктаваныя логікай развіцця Арганізацыі, нашым бачаннем рашэння актуальных задач:

— Сёння на першы план выходзяць пытанні менавіта практычнага супрацоўніцтва па забеспячэнні стабільнасці ў рэгіёнах. Неабходна разумець, што ўсе сферы гарантавання бяспекі і дзейнасці АДКБ узаемазвязаныя. Недапрацоўкі ў рэалізацыі асобных практычных кірункаў непазбежна цягнуць за сабой тармажэнне ў развіцці ўсяго механізма. Улічваючы гэта, Беларусь выступае за як мага больш хуткае аснашчэнне Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання найноўшымі ўзорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі.

Дзяржавамі — членамі АДКБ у склад Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР) выдзеленыя найбольш боегатовыя падраздзяленні нацыянальных узброеных сіл.

— З нашага боку вы ведаеце тыя падраздзяленні, якія ўваходзяць у склад КСАР, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Прашу заўважыць, што, калі мы будзем бачыць эфектыўнасць дзеяння КСАР і патрэбнасць, мы гатовы дадаць нашы часці і злучэнні, накіраваўшы дадаткова ў склад гэтых нашых сумесных сіл.

Асобна Прэзідэнт звярнуў увагу прысутных на тое, што рашэннем Савета калектыўнай бяспекі АДКБ прадугледжана аснашчэнне КСАР сучасным і, што вельмі важна, сумяшчальным узбраеннем і ваеннай тэхнікай. Дадзеная пазіцыя замацавана ў Пагадненні аб Калектыўных сілах аператыўнага рэагавання.

— На жаль, на практыцы гэтая праца прасоўваецца маруднымі тэмпамі, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Безумоўна, гэта недапушчальна. У такой сітуацыі Калектыўныя сілы не дасягаюць свайго максімальнага патэнцыялу, таму працу па дадзеным кірунку неабходна актывізаваць.

«Абкатка» ў розных краінах

— Па нашай ініцыятыве бакі восенню гэтага года запланавалі апрабаваць новую, больш маштабную форму сумеснай падрыхтоўкі фарміраванняў Калектыўных сіл АДКБ — аператыўна-стратэгічнае вучэнне, падчас якога будзе ацэнены ўзровень падрыхтоўкі штабаў і войскаў да сумесных дзеянняў, — звярнуў увагу кіраўнік краіны. — Важна не толькі «абкатаць» дзеянні войскаў у розных рэгіёнах калектыўнай бяспекі ў адзінай вучэбнай абстаноўцы, але і прапрацаваць дзеянні па папярэджанні сучасных пагроз, якія ўжо ўстойліва набылі гібрыдныя формы. Гэта рэаліі сённяшняга дня, і яны патрабуюць ад Арганізацыі адэкватнага рэагавання.

У сувязі з гэтым Беларусь падтрымала ініцыятыву фарміравання сістэмы міждзяржаўнага інфармацыйнага ўзаемадзеяння, у тым ліку Цэнтра крызіснага рэагавання і нацыянальных органаў, упаўнаважаных на ўзаемадзеянне з ім. Вельмі важна, на думку Аляксандра Лукашэнкі, каб гэтыя органы пачалі паўнацэнна функцыянаваць не толькі ў перыяд рэзкага абвастрэння абстаноўкі, але і ў паўсядзённым рэжыме.

Ніякіх пагроз. Проста вучэнні

Беларускі лідар нагадаў усім міністрам і адказным за АДКБ работнікам, ваенным:

— Вы цудоўна ведаеце, што Беларусь і ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, і ў рамках АДКБ, адказная за заходні кірунак. Гэта зона адказнасці Беларусі, уся наша армія сканцэнтравана на гэта разам з Расійскай Федэрацыяй. У нас выбудаваны выразны план дзеянняў у розных сітуацыях. Шмат шуму, толькі не ведаю, з-за чаго — што ў нас — у Беларусі і Расіі — пройдуць маштабныя вучэнні восенню. Як бы тут ні ціснулі, нават дагэтуль: мы правядзем гэтыя вучэнні. Мы нацэлены на тое, каб вучэнні прайшлі маштабна і вельмі сур'ёзна. Ведаю, што і ў Расійскай Федэрацыі такі ж настрой.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: мы нікога не пужаем і не збіраемся гэтага рабіць.

— Нам чужога не патрэбна: як нам, так і Расіі. Свайго хапае, дай бог утрымаць. Таму мы будзем адпрацоўваць на вучэннях усё тое, што адпрацоўваюць нашы патэнцыяльныя сапернікі. Мы навучаем армію — і будзем яе навучаць — абараняць тэрыторыю нашай дзяржавы і нашы народы.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз пацвердзіў, што вучэнні праводзяцца адкрыта, на іх будуць запрошаныя ўсе прысутныя на сустрэчы міністры абароны, а таксама іншыя зацікаўленыя бакі:

— Няхай глядзяць на нашы магчымасці, але мы вельмі сур'ёзна настроены на тое, каб на тэрыторыі Беларусі вучэнні прайшлі вельмі эфектыўна. Будзем старацца надаць гэтым вучэнням і маштабны, і разнапланавы характар, каб нашы ваенныя — і расіяне, і беларусы — на гэтым кірунку адчувалі, што яны абараняюць і якія абавязкі на іх ускладзены.

Асобны тэзіс, на якім спыніўся кіраўнік краіны, — тое, што і Беларусь, і Расію часта крытыкуюць, што яны быццам бы бразгаюць зброяй.

— Ды не, мы ніякай зброяй не бразгаем. Прынамсі, ні Прэзідэнт Пуцін, ні я ніколі не прымаем замежныя войскі на сваёй тэрыторыі з такой помпай, як нядаўна, я прыводзіў прыклад, зрабіў гэта Прэзідэнт Польшчы, калі натаўскія войскі былі размешчаны проста каля мяжы з Беларуссю... Навучайцеся на здароўе, але дазвольце і нам гэта рабіць. На тое гэта і ваенныя, на тое гэта і армія. Таму яшчэ раз завяраю вас, што ў вас ніякіх не павінна быць сумненняў у плане дзеянняў беларускіх Узброеных Сіл у зоне адказнасці на заходнім кірунку.

Прынамсі, наўрад ці ў кагосьці з міністраў абароны — удзельнікаў учарашняй сустрэчы — маглі ўзнікнуць падобныя сумненні. Беларусь вядомая сваёй адказнасцю за прынятыя абавязкі ўвогуле. А ў тым, што датычыцца абароны, — тым больш. Гэта пацвердзіў і Юрый Хачатураў, генеральны сакратар Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, заявіўшы, што Беларусь заўсёды заставалася найважнейшым фактарам забеспячэння стабільнасці на еўразійскай прасторы.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Фактар стабільнасці рэгіёна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?