Вы тут

Вандроўкі ў часе і прасторы


Выдатна: канцэпцыя нумара. Так і хочацца адкінуць усе справы, узяць квіткі і ехаць да берагоў Заходняй Дзвіны, гартаючы пяты нумар «Маладосці», прысвечаны Віцебшчыне. Краязнаўца Дзяніс Юрчак знаёміць з гісторыяй Віцебска, Кацярына Захарэвіч аглядае карпусы Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, муры якога памятаюць выкладчыкаў і студэнтаў езуіцкага калегіума, драўляную галаву Сакрата і заняткі па фехтаванні. Яшчэ адзін цвік нумара — «Прыгоды руін» Святланы Воцінавай. Галоўны рэдактар часопіса размаўляе з Уладзімірам Цвіркам, які не толькі фатаграфуе малавядомыя аб’екты старой архітэктуры, але і ратуе іх ад зарасніку ды смецця. Гэта публікацыя нібы заклікае не прамінаць старажытныя вёсачкі, якія сустракаюцца ў падарожжы, — вядома, калі вам пашанцавала вандраваць на аўто ды не вельмі спяшацца.


Выдатнае ўражанне пакідаюць інтэрв’ю з вясновымі юбіляркамі — Раісай Баравіковай і Аленай Масла. Расповед Алены Сцяпанаўны пра творчыя планы падмацоўваецца публікацыяй урыўка з аповесці «Золатка, бяжы!». У гэтым творы пісьменніца вяртаецца на планету маленства і занатоўвае вясёлыя прыгоды ды павучальныя эпізоды — распавядае пра эксклюзіўную стрыжку, няўдалы эксперымент з вызначэннем тэмпераменту суседскага пеўня, непрадказальныя наступствы ветлівага вітання з вясковай бабулькай... Пра Алену Масла як майстра аўтарскай казкі піша літаратуразнаўца Таццяна Пятроўская.

Сумніўна: старонкі часопіса «Литературный объектИФФ». Літаратурны часопіс Полацкага ўніверсітэта — магчымасць узгадаць атмасферу студэнцкага жыцця, задумацца пра рэалізацыю адпаведнага праекта ва ўласнай альма-матар. Развагі Алены Чулавай могуць зацікавіць чытачоў «Маладосці», а іншым аўтарам універсітэцкага выдання, зыходзячы з прадстаўленых тэкстаў, хочацца пажадаць хуткага творчага сталення.

На суд чытача: паэзія. Маладыя аўтары, якія нарадзіліся на Віцебшчыне, аддаюць перавагу паэтычнай творчасці. Адпаведна, у гэтым нумары прадстаўлены вершаваныя падборкі дзевяці творцаў, сярод якіх вылучаюцца вершы Уладзіміра Лобача — праніклівыя, зграбныя, дарослыя (у сэнсе — ужо не юнацкія). Творы ж некаторых аўтараў, верагодна, былі прынятыя ў друк толькі пасля размовы з загадчыкам аддзела, скіраванай на прадухіленне стылістычных ды іншых памылак. Аднак цытуем найлепшае: Калодзежы з журавамі / падабаюцца больш за тыя, / што з калаўротам, / бо, дастаўшы вады з падзем’я, / заўсёды зірнеш на неба (Уладзімір Лобач).

***

Выдатна, што спадчына класікаў беларускай літаратуры не знікае ў бездані часу, а вяртаецца праз гады і дзесяцігоддзі водгуллем згадак, новых архіўных знаходак і ліставанняў. Майскі нумар часопіса «Полымя» прапаноўвае знаёмства з чарговай падборкай лістоў народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна. 14 лістоў, падрыхтаваных да друку Алесяй Шамякінай, стануць красамоўным штрыхом да псіхалагічнага партрэта беларускага пісьменніка. «...не ўсё, напісанае ў дзённіку пад настрой, варта выносіць на людзі» — піша І. Шамякін сыну Пятра Глебкі Юрыю. Гэта ж, вядома, можна сказаць і пра публікацыю асабістага ліставання, як бы нам ні хацелася глыбей зазірнуць пад руку класіку. Між тым праблемы, якія агучваюцца ў асобных лістах (да В. Рабкевіча, Ю. Броўкі, А. Логінава, А. Вярцінскага), даюць выдатную характарыстыку свайму часу і літаратурнаму асяроддзю пэўнага перыяду. Спакойны, разважлівы тон, у якім вытрыманы ўсе звароты і адказы Івана Пятровіча, сапраўды могуць быць добрым напамінам занадта экспрэсіўнай пісьменніцкай супольнасці пра сапраўдную сутнасць разумення інтэлігентнасці.

Няма сумневу, што «аповед-згадка аб аднае сустрэчы» «Апошнія» Мікола Гіля — цікавая кампазіцыйнае вырашэнне падачы сюжэта. Старая жанчына расказвае гісторыю свайго няпростага жыцця праз гісторыю… кароў, што з’яўляліся, знікалі і заставаліся ў гаспадарцы. Ілюзія нязмушанай гутаркі, уплеценыя ў канву гаспадарчага клопату філасофскія высновы ствараюць уражанне адсутнасці аўтара. Аднак яго голас не знікае цалкам — у настойлівым вяртанні да тэмы дома як роднага кутка і Дома — як прыстанку душы. Мікола Гіль піша пра дом, у які заўсёды, у любым узросце хочацца вярнуцца, пра родны кут, куды цягне нязменна. На жаль, такога ўжо не скажуць сучасныя маладыя беларусы, у гэтым сэнсе прадстаўнікі пакалення нашых бацькоў сапраўды апошнія. Вёска змяніла сваё аблічча кардынальна, людзі з’язджаюць, каб не вяртацца і не згадваць. Ды і М. Гіль скрушна заўважае: «Нічога таго, ранейшага, сапраўды — амаль ні знаку. Ні людзей, ні дрэў, ні дарог, ні сцежак».

На суд чытача аддае нізку вершаў з рытарычнай назвай «Калі неразведзенай вып’ю радасці?» Алесь Спіцын. Трапныя вершаваныя радкі-назіранні перамяжоўваюцца з выпадковымі запісамі пабачанага і пачутага за дзень. Разняволенасць формы і поўная свабода метафар у сучаснай паэзіі прыводзяць да адметных паэтычных адкрыццяў толькі тады, калі аўтар здольны аб’яднаць іх агульным нетрывіяльным сэнсам. Простае фіксаванне побытавых карцінак ужо даўно не ўспрымаецца арыгінальна.

***

Выдатна. Апавяданне Лізы Бірг «Лялечніца» чытаецца лёгка, нягледзячы на «цяжкасць» тэмы: знішчэнне яўрэйскага гета падчас Вялікай Айчыннай вайны. Праўда, чытач не здагадваецца, што няспешная апавядальная плынь прывядзе ўрэшце сюжэт да такога фіналу. У творы дзве лініі, дзве гераіні: дзяўчынка, якая атрымала ў падарунак ляльку ад мясцовай руказдольніцы, і сама лялечніца. Па сутнасці, твор прысвечаны аднаму дзіцячаму ўспаміну пра «кароткае, але такое шчаслівае даваеннае жыццё». Лялька ўспрымаецца як сімвал знявечанага дзяцінства, яе стваральніца — як сімвал неўміручасці духоўнага пачатку. І хаця аўтарка, распавядаючы, як майстрыха паспела выкінуць за дзверы газавай камеры сваю апошнюю ляльку, называе яе «апошняй на зямлі лялечніцай», думаецца, у гэтым — не ўвасабленне страты веры ў чалавека, але найбольш глыбокае выражэнне роспачы дзіцяці, якое сутыкнулася з бядой, перажыць і асэнсаваць якую было не ў стане: «Ніколі больш у маім жыцці я не мела лялек, не ведала лялечніц, не бачыла мятлушак, што спускаліся з аблокаў; гэта ўсё засталося атрыбутамі дзяцінства, якое пакінула мяне назаўсёды».

На суд чытача. Апавяданне «Марсель» стварае падманлівае ўражанне, што Кацярына Карповіч — не аўтар, а перакладчык. Дзея разгортваецца ў пансіянаце для нямоглых старых «Ціхі бераг» за 120 кіламетраў ад Парыжа, галоўныя героі — Жульен і Анэт, дыялогі раз-пораз перасыпаюцца французскімі выслоўямі, назвамі французскіх страў і гатункаў кавы... З аднаго боку, вядома, душа і вока адпачывае: прыгожая рамантычная казка, ні табе праблем нашай сучаснасці, ні табе трагізму быцця. Але з другога — чытаеш і прыгадваеш сюжэты французскіх фільмаў, з’яўляецца адчуванне пэўнай другаснасці сюжэта.

Сумніўна. Нізка вершаў Лізаветы Палеес «Быць жанчынай» у каторы раз прымушае прызнаць, што немагчыма падабраць ніякай новай рыфмы да слова «любовь» (на рускай мове). Але і па-ранейшаму прысуседжваць «кровь» і «вновь» — таксама не выйсце.

Алеся ЛАПІЦКАЯ, Жана КАПУСТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?