Вы тут

Восьмы раз на Валожыншчыне прайшло свята гумару «Дубінскія жартачкі»


Трапіць сюды можна было толькі праз мытню. Кожнага ўдзельніка, госця рэгістравалі: ставілі пячатку на далонь або запясце рукі. Як жартавалі дубінцы, гэтая адзнака дае права наведаць нават Еўрасаюз — ніякая віза не патрэбная. А яшчэ ўсім уручалі дубінскую нацыянальную валюту — 100 долараў, маўляў, мы не разменьваемся на драбязу.


— Чаму менавіта ў вёсцы Дубінá Баярская ладзіцца фестываль такога кшталту? — пацікавілася ў Тамары Каляды, мясцовага культработніка, вельмі нераўнадушнага да роднай спадчыны чалавека.

— У 1909 годзе збіральнік беларускага фальклору, паэт і публіцыст Стары Улас у сваёй кнізе напісаў літаральна наступнае: «Дзесяць вёрст ад Валожына ёсць вялікае сяло Дубіна, і чутна аб ім далёка-далёка. Мае яно, мусіць, з 300 хат, ёсць там і манаполька, і карчма. Народ вельмі паганы, самыя п'яніцы і зладзеі: не толькі што на дварэ нічога не пакінь, але і з будынку павыцягваюць. У мінулым годзе дык выцягнулі ў Янука Паўлоўскага з пуні сячкарню, яна і прапала. У кудраўскага лесніка Максіма пазнікалі калёсы з восяў... А пабіць каго, дык гэта ў іх нават мода: няхай толькі будзе хто на каго злы або другі папросіць, дык нападуць ці на полі, ці на дарозе, і забіваюць да паўсмерці — ідзі ў Дубіну, там усё гэта знойдзеш...» Мне ж захацелася развеяць гэты міф. Так, Стары Улас убачыў нас тымі вачыма і, магчыма, меў рацыю. Але з таго часу прайшло стагоддзе, змянілася жыццё, людзі сталі іншымі, — кажа Тамара Каляда.

Менавіта Тамара Уладзіміраўна стала родапачынальніцай фестывалю, каб паказаць, што не такія дрэнныя яе землякі: самакрытычныя, жартаўлівыя, могуць пасмяяцца над сваімі недахопамі. (Зрэшты, у каго іх няма?)

Дубінцы заўсёды жылі па прынцыпе: салому еш, а фасон трымай. Гэтую рысу характару прыкмеціў пісьменнік Уладзімір Ліпскі і падказаў Тамары Уладзіміраўне трапную назву для гурта народнага гумару — «Дубінскія фанабэры».

Цяпер жыхары вёскі, вядома, салому выкарыстоўваюць хіба што на подсцілку жывёле, ёсць у іх і хлеб, і да хлеба. Адкрытае акцыянернае таварыства «Дубінское-Агра» — даволі моцная гаспадарка, трымае першае месца ў раёне па надоях малака. З 1995-га ўзначальвае яе Генадзь Каспяровіч. А наогул Генадзь Вацлававіч тут ужо трыццаць два гады, пачынаў працоўную дзейнасць з розных пасад. «Ці задаволены вы працаўнікамі? Няма сярод іх гультаёў, лайдакоў, паганых людзей, як пісаў Стары Улас?» — пацікавілася ў дырэктара.

— Людзі добрыя, працавітыя, шчырыя, гасцінныя. Да нас прыязджаюць замежныя турысты, у тым ліку і з Германіі. Было тое ці не, а дубінцы дасюль расказваюць байку, нібыта ў вайну немцы праехалі праз вёску толькі адзін раз, ды і то з перапуду крычалі: «Ахтунг, ахтунг, Дубіна!»

Тым часам свята віравала, гуло: песні, прымаўкі, жарты, гумарэскі так і сыпаліся вакол. Госці і гаспадары падымалі келіхі за «лося» (каб кахалася, вялося, былося). Налягалі на сала, ад якога «душа скакала». А мяне пачаставалі «салоніцай» — бульбай, «фрыштыкамі» — печывам і «рыфмай» — чаркай гарэлкі і бутэрбродам з салам.

Павіншаваць жыхароў са святам прыехалі суседзі: гурты з вёскі Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна «Коласавы землякі», «Сваякі» з Валожына ды калектывы з іншых устаноў культуры раёна. Кожны госць змог знайсці сабе занятак па інтарэсах: дзеці каталіся на атракцыёнах, частаваліся салодкай ватай і марожаным. Дарослыя падпявалі самадзейным артыстам, танцавалі пад вясёлую музыку. А прыхільнікі народнай творчасці з цікавасцю абыходзілі імправізаваныя падворкі, дзе былі выстаўлены работы народных умельцаў: самабраныя абрусы, ручнікі, посцілкі. Ушанавалі падчас свята самага маленькага і самага старога жыхара вёскі.

— Дык якія ж людзі жывуць у Дубіне? — пацікавілася ў жыхароў напрыканцы фестывалю. Яны і расказалі, што дзевак з іх вёскі замуж не бяруць, што ў магазіне ўжо гадоў 40 дэфіцыт на ватоўкі. Як толькі прывязуць — уся вёска ў чарзе стаіць. А дубінскія жанчыны не прызнаюцца, адкуль родам — з-за таго, што нехта калісьці сказаў: «Разумныя людзі ў Дубіне і свіней не купляюць». Вось і зразумей: дзе праўда, а дзе прыдумка...


Дубінскі анекдот

Прыйшла Ганна да суседкі: 

— Гэлька пазыч мне гароху, свайго не хапіла. 

— Дык сама ж летась клялася, што больш ніколі не будзеш яго сеяць, бо ўсё роўна чарвякі з'ядуць. 

— Тое ж летась было... А сёлета палову агарода гарохам засею. Хай трушчаць, хай ім праз бакі павылазіць.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фо­та Ва­лян­ці­ны КРАЎ­НЕ­ВІЧ

Загаловак у газеце: Салому еш, а фасон трымай

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.