Вы тут

Тая, хто адкрыла мне беларускую літаратуру


У маёй бабулі, Валянціны Міканораўны Шчадрыной, юбілей. 28 мая ёй споўнілася б 90 гадоў.


Яна працавала ў сакратарыяце Праўлення СП СССР кансультантам па беларускай літаратуры. Была таленавітай перакладчыцай і прапагандысткай твораў нашых пісьменнікаў. У яе перакладзе выйшлі кнігі Анатоля Кудраўца, Івана Чыгрынава, Івана Пташнікава, Яна Скрыгана, Міколы Гіля, Рыгора Семашкевіча. Пасля выхаду ў Маскве «Каласоў пад сярпом тваім» стала пастаянным перакладчыкам Уладзіміра Караткевіча, які лічыў маю бабулю адным са сваіх лепшых сяброў.

1.

 Калі я, падлетак, меў непаразуменні з бацькамі, крыўдзіўся на іх і скардзіўся бабулі, яна ўсміхалася і казала:

 — Дык гэта ж добра!

— Добра?! Чаму?

— Ну вось, яны табой незадаволеныя, кажуць табе нейкую непрыемную і, як табе здаецца, непатрэбную праўду, і табе хочацца…

— Што мне хочацца?

— Ну, можа, пасля таго, як ты адплачаш сваю крыўду, даказаць ім адваротнае? Злосць, калі мы яе правільна накіроўваем, робіць нас моцнымі. Дакажы, што ты не такі, якім лічаць цябе бацькі. Мая мама ўвесь час была мной незадаволеная. Казала, што я непрыгожая, мяне не будуць кахаць хлопцы, з мяне нічога вартага не атрымаецца. Ведаеш, як мне было крыўдна? І ў выніку…

— У выніку?

— Я сустрэла самага прыгожага ў свеце хлопца, нарадзіла дзвюх выдатных дачок, мела цудоўную працу, яркіх сяброў. Дасягнула ўсяго сама. Я не чакала ад мамы падтрымкі. Яе нявер’е ў мае сілы зрабілі мяне толькі больш моцнай. Таму, на самай справе, гэта проста выдатна, калі бацькі не падтрымліваюць сваіх дзяцей! — засмяялася яна.

Бабуля была парадаксальнай. І я любіў яе за гэта.

2.

Памятаю, мяне прымусілі ў школе вывучыць нейкі верш Петруся Броўкі. Мне не падабаўся гэты паэт. Куды яму, скажам, да Багдановіча ці Караткевіча!

Я сказаў пра гэта Валянціне Міканораўне, прачытаў ёй нават вядомыя радкі эпіграмы «Пятрусь Броўка піша лоўка…»

— Замаўчы! — гнеўна абарвала яна мяне. — Ідыёту, які напісаў падобны бруд, я б не толькі рукі не падала, але яшчэ і выліла б на галаву вось гэты суп, які ты зараз ясі!

— А што я такога сказаў?..

— Нават калі паэт напісаў хаця б адзін геніяльны радок, ён варты павагі!

Бабуля пачала чытаць мне на памяць малавядомыя вершы Петруся Броўкі. Нават не чытала, а з нейкай невымоўнай выразнасцю дэкламавала. У гэты час яна гатавала мяса, аббівала яго малатком, рэзала. Рытміка вершаў, стук малатка былі ў дзіўным музычным суладдзі. Ніхто пасля гэтага не здзіўляў мяне такім па-мастацку адметным чытаннем паэзіі.

— Гэта выдатна… — прысаромлена прамовіў я.

— А ты думаў! — пераможна сказала бабуля. — Спадзяюся, больш не будзеш так хутка выносіць прысуд беларускім паэтам.

3.

Аднаго разу я пачаў жаліцца, што не паспяваю спраўляцца са сваімі шматлікімі работамі. Трэба было і да прагляду некалькі партрэтаў намаляваць, і артыкул здаць, і п’есу новую прыдумаць. Словам, гамон!

— А ты нічога не рабі! — параіла бабуля, якая была ў добрым гуморы, — і, павер мне, нічога па-сапраўднаму страшнага не здарыцца. Альбо, калі няма натхнення, цягні да апошняга, і калі ўжо ўсе тэрміны выйшлі — адкуль толькі ў цябе натхненне бярэцца! Ураз усё зробіш!

— Жартуеш? — пакрыўджана спытаў я.

— Чаму? Многія так робяць. Але самы лепшы спосаб мне падказаў Максім Танк. Калісьці я яму таксама паскардзілася, што не спраўляюся.

— А якую вы слухаеце музыку, калі працуеце? — запытаў паэт.

— Якая музыка? Яна ж толькі адцягвае ўвагу! — здзівілася я.

— Гледзячы што слухаць… — усміхнуўся Максім Танк.

— Я праверыла. Паставіла «Песняроў», і, ведаеш, настрой адразу ж палепшыўся! З’явілася натхненне... І пераклад аднаго нуднага рамана я выканала нават за два тыдні да яго здачы. Слухай падчас работы тое, што табе падабаецца, і пабачыш, як усё будзе хораша!

Я праверыў. Сапраўды, музыка мне дапамагала. І зараз звычайна, калі пішу які артыкул ці п’есу, працую пад любімыя мелодыі.

4.

Быў час, калі я не вельмі любіў чытаць беларускую літаратуру. Выключэнне рабіў толькі для Караткевіча.

— Дурань! — казала бабуля. — Ты вось любіш амерыканскія баевікі, часам, ведаю, глядзіш эратычныя фільмы Цінта Браса, а ведаеш, хто ў нас з пісьменнікаў адзін з першых пачаў пісаць захапляльныя дынамічныя творы, у якіх хапала і вострасюжэтных эпізодаў, і эротыкі?

— Караткевіч? — запытаў я.

— Іван Шамякін! Яго творы любілі ўсе: і простыя даяркі, і выпускнікі філасофскага факультэта!

Бабуля апісала (як заўсёды маляўніча і па-тэатральнаму вобразна) адзін з эпізодаў са «Шлюбнай ночы». Паліцай падпільнаваў дзвюх аголеных партызанак, якія купаюцца ў возеры. Адна з іх ідзе проста на ворага, падыходзіць усутыч, выхоплівае ў аслупянелага яе хараством мужчыны аўтамат і расстрэльвае яго…

Мяне, падлетка, гэты пісьменнік, безумоўна, зацікавіў.

— Цяпер разумееш, — сказала мне бабуля праз паўгода, калі я перачытаў ці не ўсе яго раманы, — што Шамякін і Караткевіч вельмі падобныя. Абодва яны стваралі такую прозу, ад якой немагчыма адарвацца.

Калі мне трэба было напісаць сачыненне пра Андрэя Макаёнка і я не ведаў, што цікавага можна сказаць пра гэтага выдатнага драматурга, ізноў дапамагла бабуля.

— Ты перачытаў амаль усе раманы Шамякіна, а яго эсэ пра аўтара «Трыбунала» прапусціў? Іван Пятровіч ці не першы ў нашай савецкай літаратуры, хто напісаў успаміны пра сябра з такой вастрынёй, эмацыйнай праўдзівасцю, унутранай смеласцю і, вядома, займальнасцю, што побач з ім можна паставіць хіба толькі Міхася Стральцова з яго «Загадкай Багдановіча».

5.

Кожная сустрэча з маёй бабуляй была святам і адкрыццём чагосьці новага. Яна лёгка і ненавязліва адкрывала хараство беларускай літаратуры.

— Ведаеш, часам я стамляюся ад сваіх сённяшніх сяброў, прыяцеляў. Ты ж ведаеш, сяброўства, асабліва калі яно сапраўднае, — самая ненадзейная рэч у свеце. Чалавек і здрада — рэчы тоесныя. Не здрадзяць табе любімыя творы, — любіла паўтараць Валянціна Міканораўна, калі была ўжо на пенсіі. — Якуб Колас ад здрады і няўвагі ратаваўся прыродай. Я ратуюся чытаннем беларускай літаратуры.

Раней, калі я слухаў гэтыя словы, то думаў, што бабуля перабольшвае. Зараз, калі нечаканы верш Язэпа Пушчы больш супакойвае, чым каналізацыйна-нарваная фэйсбучная стужка альбо некаторыя тэлефонныя званкі, разумееш: яна мела рацыю.

30 мая 2017 г.

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.