Вы тут

Логіка невымоўнасці


Тыдзень Швецыі, які праходзіў у беларускай сталіцы 29 мая — 3 чэрвеня, быў багаты на культурныя падзеі. У кінатэатры «Піянер» дэманстраваліся лепшыя шведскія фільмы, у тым ліку дакументальная стужка Крысціны Ліндстром, прысвечаная жыццю знакамітай Астрыд Ліндгрэн. У фае кінатэатра наведвальнікаў чакала фотавыстаўка #enjoysweden («Атрымай асалоду ад Швецыі!»). Аматары і прафесіяналы мелі магчымасць паўдзельнічаць у фотаконкурсах «Швецыя вачыма беларусаў» і «Беларусь у Швецыі».


Пераможцы былі ўзнагароджаны 3 чэрвеня, у Дзень Швецыі, падчас вялікага свята на плошчы Свабоды. У цэнтры Мінска можна было паслухаць папулярныя шведскія песні, згуляць у настольны хакей, узяць удзел у віктарынах і латарэях, набыць на памяць прыемную рэч, сувенір ад беларускіх майстроў, кнігу аднаго з вядомых шведскіх пісьменнікаў... І наведаць літаратурныя імпрэзы! На дзіцячай пляцоўцы наведвальнікі маглі паслухаць казкі «Піпі Доўгаяпанчоха» і «Паляванне на ліса», паглядзець лялечныя спектаклі «Дарожныя прыгоды Віты» і «Хутчэй, Мама Му!», пазнаёміцца з беларускімі перакладамі шведскіх казак. Дарослыя чытачы дзякуючы сёлетняму святу могуць адкрыць для сябе новага творцу — лаўрэата Нобелеўскай прэміі Тумаса Транстромера. Зборнік выбраных вершаў шведскага паэта ў перакладзе на беларускую мову пабачыў свет у выдавецтве Змітра Коласа. Ініцыятар праекта — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь Марцін Оберг.

— Паўтара года таму для мяне было сапраўднай падзеяй трапіць на службу ў краіну, прадстаўнік якой атрымлівае Нобелеўскую прэмію. Шведы могуць чытаць Святлану Алексіевіч, каб даведацца пра Беларусь. А што я магу парэкамендаваць беларусам з сучаснай шведскай літаратуры, каб беларусы маглі лепш разумець шведаў? Мой адказ — вершы Тумаса Транстромера. Каб перакласці яго творы на беларускую мову, хутка сабралася група аднадумцаў, якія выдатна працавалі разам. Гэта Алеся Башарымава, Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Андрэй Хадановіч, — распавёў спадар пасол на прэзентацыі кнігі ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.

Тумас Транстромер (1931 — 2015) нарадзіўся ў Стакгольме, падлеткам пачаў пісаць вершы. Ва ўніверсітэце вывучаў псіхалогію, гісторыю рэлігіі, параўнальнае літаратуразнаўства. Дзякуючы першаму ж зборніку «Сямнаццаць вершаў» Транстромера пачалі называць вядучым паэтам свайго пакалення. У 1990 годзе пасля інсульту ён быў часткова паралізаваны і страціў здольнасць размаўляць, але працягваў пісаць вершы, захаваў пачуццё гумару і любоў да ігры на фартэпіяна. Асістэнткай паэта была жонка Моніка, якая прыехала ў Мінск на прэзентацыю зборніка «Пад вольным небам». Імпрэзу таксама наведаў літаратуразнаўца, літаратурны крытык Ніклас Шолер, які расказаў пра адметнасць паэтыкі Тумаса Транстромера:

— Вершы Транстромера — гэта даследаванне складанай чалавечай ідэнтычнасці, будаванне мастоў паміж прыродай, гісторыяй і светам мёртвых. Чытачоў прываблівае выяўленчая выразнасць і адначасова ціхая празаічнасць яго твораў. Вершы Транстромера — канкрэтная паэзія, творца пазбягае абстрактных падагульненняў, але мае выключную вастрыню зроку, якая набліжаецца да звышнатуральнага. Ён вельмі ўважлівы і назіральны, паэт-вока…

Тумас Транстромер атрымаў Нобелеўскую прэмію ў 2011  годзе «за тое, што яго сціслыя, паўпразрыстыя вобразы даюць нам абноўлены погляд на рэальнасць». Ён лічыцца майстрам метафары, але, на думку Нікласа Шолера, «метафара працуе найбольш эфектыўна, калі спалучана з простымі радкамі. Шмат вершаў Транстромера пачынаецца са знаёмых карцін: паездка на аўтамабілі, шпацыр у лесе. Мы сустракаем мясціны, дзе пражываем рэальнае жыццё, але метафары дазваляюць ператварыць матэрыяльнае ў невымоўнае, дзякуючы метафарам нелагічнае выяўляецца як натуральнае, а казачнае — як рэальнае».

Па словах Монікі Транстромер, паэт узрадаваўся б выданню зборніка сваіх вершаў у перакладзе на беларускую мову: носьбіты такіх «маленькіх» моў, як шведская і беларуская, павінны падтрымліваць адно аднаго.

паразумення і добразычлівасці панавала на ўсіх імпрэзах Тыдня Швецыі ў Мінску. А пераклады лепшых шведскіх пісьменнікаў на беларускую мову дазволяць працягнуць знаёмства з гэтай прыгожай паўночнай краінай.

Юлія ШПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.